Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Ланцуг - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Ланцуг

Электронная книга - «Ланцуг». Краткое содержание книги:

Новую кнігу прозы Андрэя Федарэнкі складаюць шэсць аповесцей, напісаных у розныя гады.
Як і заўсёды, проза А. Федарэнкі чытаецца лёгка. Але гэта зусім не лёгкае чытво. Аўтар імкнецца спасцігнуць духоўны свет сучасніка, зразумець яго клопаты і трывогі.
Творы пісьменніка вызначаюцца любоўю да чалавека, добрым веданнем жыцця, тонкім псіхалагізмам, шчырасцю.
1 ... 81 82 83 84 85 86 87 88 89 ... 106
Перейти на страницу:

Нідзе не было ні пазнакі дарогі. Шырокая, доўгая затока з вербамі адыходзіла ад Прыпяці. За ёй у тумане на пагорку і быў Дзікі Луг. Людзі са сваімі клункамі, граблямі, косамі і віламі на плячах, у сутонні падобныя на паўстанцаў Каліноўскага, цугам пагрэбліся на пагорак, стараючыся ступаць след у след, каб лішне не таптаць траву. Пакуль дабраліся, пярэднія былі мокрыя з галавы да пят, а хітраму начальству, якое замыкала калону, — хоць бы што, толькі боты ад расы блішчэлі.

Адсюль пачыналіся ўчасткі. Уся прасторная абалонь ляжала перад вачыма. Клін нечапанай, белай ад мокрага павуціння травы шырэў на пагорку, звужаўся да затокі і ўпіраўся ў бераг. Злева, унізе, яго мяжу абазначала Прыпяць, а справа, на ўзвышку — няроўная сцяна кустоўя. Хмызняк то залазіў на травяное поле, то адступаў, утвараючы прагалы. А далей, за пагоркам і вакол распасціраліся суцэльныя палескія джунглі, непралазныя зараснікі, пышныя шаты лазняку і алешніку, крушын і вольхаў, шывельгі і вербалозу, і сярод усяго гэтага бяскрайняга зялёнага прастору рэдка вырэзваліся клінкі чыстай травы, ды яшчэ ўзвышаліся, як маякі, то там, то сям адзіночныя дубы з буслянкамі ў ралах.

Гэта было поўнае ўладарства дзікай прыроды, аддадзенай самой сабе, панаванне амаль не кранутай чалавекам першабытнасці, чароўнае запусценне, глушэча, непралазная нізінная дзіч. Толькі рака звязвала з цывілізацыяй, і адзіны спосаб сувязі, калі, не дай Бог, што здарыцца — было крычаць, гукаць цераз раку, каб прыслалі з таго берага паром ці лодку.

Даўно, гадоў дзесяць назад, людзей прывезлі сюды ўпершыню, кожнаму адмералі надзел, абазначылі ўбітымі ў зямлю калочкамі, на зачэсаным месцы хімічным алоўкам упісалі прозвішча касца. Калочкі даўно пусцілі корні, сталі добрымі вербалозінамі. Ужо не трэба было кожны год перамяраць па-новаму. Кожны ведаў свой куст і свой надзел да апошняй купінкі, як уласныя паплоўчыкі дома ў агародзе.

Пакуль людзі звыкла разбрыдаліся і разбіраліся, складвалі клункі, бабы ладзілі шалашыкі з посцілак, мужчыны пастуквалі малаткамі — асаджвалі косы, а каторы спрытнейшы ўжо і мянтачыў, — тры начальнікі таксама не гублялі часу. Адзін паказаў пальцам направа, другі рукой махнуў налева, трэці прыставіў далонь да ілба, хоць сонца было збоку ад яго і яшчэ не свяціла ў вочы… І на тым місія іх скончылася. Завярнуліся і спаважна пайшлі пратаптанай сцежкаю ўніз да парома. Маслоўскі на хаду даў апошняе неабавязковае распараджэнне Кулінічу, якога яшчэ ў вёсцы прызначыў замест сябе: «Ну, глядзіце тут», — і заспяшаўся следам. Замарочны дзень у яго наперадзе: мітусня, бегатня, кантора, бухгалтэрыя… Аднаму дагадзі, з другім падхалімнічай, на трэцяга прыкрыкні, з чацвёртым цераз сілу выпі… А ўсё для людзей, каб грошай больш выцыганіць.

Яшчэ цяжкая ад расы трава калыхалася за імі, а мужчыны ўжо шахалі адладжанымі косамі. Трава па пояс, роўная, не пераспелая, дажджом і ветрам не здратаваная, косіцца лёгка; толькі чутно: жых! жых! Фізічная асалода чуць гэты гук — як падсякае танюткая сталь падатлівыя сцябліны, скідвае іх справа налева. Туман апаў на зямлю. Роснае павуцінне блішчыць на сонцы. Хоць сонца ўжо добра ўгравае, а паміж касцоў не ўбачыш голага цела: адзіная вольнасць — адкасаць у кашулі рукавы. Маленькія жабкі так і пстрыкаюць з-пад кос. З бліжэйшых дубоў зляцелі буслы і ходзяць кожны за сваім касцом, дзюбаюць недарэзкаў. Уперамешку з бусламі ззаду бабы з большымі дзецьмі растрэсаюць траву; меншыя не адыходзяць ад шалашыкаў — аказваецца, ім забаронена нават пазіраць у бок ракі, не тое, што да вады спускацца: Прыпяць такая непрадказальная, што, калі захоча, можа ўтапіць нават на сухім беразе. Вось табе і рыбалка, вось табе і чаканы Дзікі Луг! Хаця, калі шчыра, саміх туды не надта цягне, яны яшчэ на пароме ўбачылі, што гэта сапраўды небяспечная, глыбокая, шырокая, вялікая рака, асабліва тут, перад упадзеннем у Дняпро. Так што цяпер толькі і забаўкі, калі хто з касцоў захоча папіць і яму паднясеш, або знарок, па дабрыні душэўнай, папросіць прыкурыць папяросіну, — прыкурваеш, маці бачыць, а нічога не кажа.

Мужчыны косяць зверху ўніз. Пакосы доўгія, канчаюцца ля самай затокі. Пад вербамі, схаваўшыся ў цень, стаяць машыны. Вербы тут такія старыя і тоўстыя, што ў абхваце не саступяць дубам. У трэшчынах іх шурпатай кары лёгка хаваецца далонь. Самі дрэвы стаяць на беразе, а карані пераблытанымі вяроўкамі круцяцца па зямлі і залазяць у ваду. Вада каля гэтага берага глыбокая, цёмная, халодная, калі апусціць руку, і чыстая — ні травінкі, нават раскі няма. Затое процілеглы бераг — адкаты, нізкі, раскашуе расліннасцю. Ён увесь зарос сітніком, аерам, рагозам, а бліжэй да сярэдзіны — трохліснікам, і там на вадзе песцяцца жоўтыя гарлачыкі і незвычайнай белаты буйныя лілеі. І канечне ж, скрозь — і на беразе, і ў вадзе — знаёмы чарот са сваімі карычневымі і чорнымі катахамі; з яго сцяблін атрымліваюцца неблагія шпагі, на якіх можна біцца, пакуль ліпкі пух не пачне лезці ў вочы і ў рот, казытаць у носе; а яшчэ іх можна, каб паддобрыцца да маці, зрэзаць тры-пяць штук і паставіць у слоік на стале — прыгожа…

1 ... 81 82 83 84 85 86 87 88 89 ... 106
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)