Ланцуг
- Автор: Федарэнка Андрэй
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1361-7
- Жанр: Роман, новелла
Электронная книга - «Ланцуг». Краткое содержание книги:
Як і заўсёды, проза А. Федарэнкі чытаецца лёгка. Але гэта зусім не лёгкае чытво. Аўтар імкнецца спасцігнуць духоўны свет сучасніка, зразумець яго клопаты і трывогі.
Творы пісьменніка вызначаюцца любоўю да чалавека, добрым веданнем жыцця, тонкім псіхалагізмам, шчырасцю.
Вось такія Моны Лізы, такія Луўры і Прадо. Цяжкавата мне быць вандроўнікам.
Але самы цікавы наступны выпадак. Гляджу неяк па тэлевізары перадачу пра Манголію. І не магу адарвацца. Гляджу дзесяць хвілін, пятнаццаць… І раптам ў галаве штосьці шчоўкае, пераключаецца і я ўспамінаю, што я ж там, у Манголіі, быў! Больш таго, быў у гэтых мясцінах, якія зараз паказваюць! Вось тая самая гара, зарослая эдэльвейсамі так будзённа, як нашая якая пустка дзьмухаўцамі ўвесну… А вось той самы луг, на якім «пасуцца» аграмадныя макеты дыназаўраў, — каля аднаго я нават сфатаграфаваны… Як можна было забыць?! Чым я там два тыдні займаўся? Што запомніў?
Зараз скажу. Вяртаемся мы неяк з шырокага мангольскага стэпу ва Улан-Батар. Дарэчы, назбіраўшы ў траве так званых іхніх грыбоў, падобных на нашыя дажджавікі-»порхаўкі», толькі з вышэйшымі ножкамі. У іх яны завуцца белымі і, сухія, прадаюцца на базары за проста неверагодныя грошы, у параўнанні з, напрыклад, мясам, якое там амаль бясплатна. Вечар. Бяскрайні стэп. Адна палова сонца апусцілася за гарызонт, другой палове мы не даем апусціцца, бо наш «пазік» з усіх сіл ляціць наўздагонку. Туды, на захад, дзе мая радзіма і дзе цяпер не вечар, а толькі-толькі ўсчынаецца раніца. Якая маленькая ўсё ж Зямля! Адно й тое сонца адной сваёй паловай паказвае вечар, другой — раніцу. У расчыненае вакно б’юць пахі кавылю і палыну… Вось так бы і гнацца за сонцам да самай сваёй вёскі, а там яно хай плыве сабе далей, у Еўропу, за акіян, ізноў у Манголію — а я астануся ў сваім ціхім беларускім вечары, дзе раса прыбівае пыл, дзе пахне яблыкамі і статак вяртаецца з пашы…
Дык вось, вяртаючыся да пачатку раздзела, паўтару, што розныя незвычайныя гісторыі, з грыбамі зьвязаныя, мяне, на жаль, абмінулі. І ўжо тым больш не здаралася са мною такога, як з адным удачлівым чалавекам. Напароўся ён на неяк на грыбы. Набраў кош, вядро, зняў сарочку і туды набраў, скінуў штаны і, завязаўшы калашыны, напоўніў і іх… А грыбоў усё не менее. Тады ён пачаў адломваць карані, пакідаючы толькі шапкі. Не ведаю ўжо, як ён ішоў дахаты: голы, у руках кош, вядро і сарочка, на шыі — набітыя грыбамі штаны, па абодва бакі зьвешваюцца калашыны… Ад каго толькі і ў якіх толькі мясцовасцях я пра гэтага шчасліўца не чуў! Моцна падазраю, што мы маем справу калі не з агульна-беларускай легендаю, дык з агульна-палескай дакладна, з тых, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне, — гэткая мара аб простым чалавечым «шчасці»…
Асабіста я нічога падобнага ў вочы не бачыў. Затое бачыў, як падкладваюць на ніз кошыка мох і казлякі, а наверх — белыя. Бачыў, як хавалася ад мяне, жэўжыка, прысядала ў кустах дарослая маладзіца, — ці то баючыся, каб не прасачыў яе грыбовішчаў, ці то каб не сурочыў… Бачыў і чуў, як кланяюцца лесу, шэпчуць нейкія словы і сыплюць долу нейкія сухія, відаць, намоўленыя зёлкі…
Дык вось гэта — паводзіны людзей у лесе — і па сёння для мяне загадка, незразумеласць, містыка куды большая, напрыклад, за той факт, што грыб не расце, калі на яго паглядзіш. Як дарослыя, нібыта сур’ёзныя, нібыта разумныя людзі могуць займацца ўсім гэтым, верыць ва ўсё гэта?! Тое самае, дарэчы, і з рыбалкаю: стаім мы, падшыванцы, з прымітыўнымі арэшнікавымі вудамі, а побач — дарослыя здаровыя дзядзькі, пры поўнай амуніцыі, у рыбацкіх ботах, з такімі снасцямі, што нам і не сніліся… Папрыязджалі на машынах, на матацыклах… А стаяць і займаюцца тым, чым і мы займаемся, ды яшчэ калі ў нас лепш клюе (а ў малых заўсёды лепш клюе) з зайздрасцю, нават са злосцю на нас зіркаючы!…