Ланцуг
- Автор: Федарэнка Андрэй
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1361-7
- Жанр: Роман, новелла
Электронная книга - «Ланцуг». Краткое содержание книги:
Як і заўсёды, проза А. Федарэнкі чытаецца лёгка. Але гэта зусім не лёгкае чытво. Аўтар імкнецца спасцігнуць духоўны свет сучасніка, зразумець яго клопаты і трывогі.
Творы пісьменніка вызначаюцца любоўю да чалавека, добрым веданнем жыцця, тонкім псіхалагізмам, шчырасцю.
Што гэта, як не жаданне калі не спыніць, дык хоць бы затармазіць Час?
На старых, любімых, адданых нам мясцінах мы шукаем не столькі грыбоў (хаця і іх, канечне), колькі саміх сябе ранейшых. Можа быць, у нас нават яшчэ жыве падспудная надзея, што калі рэзка павярнуцца, дык на якую долю секунды можна будзе ўхапіць паглядам постаць хлопчыка з кошыкам — самога сябе малога, на лясной сцежцы, які аддаляецца, аддаляецца, пакуль не знікне ўжо назаўсёды…
Неяк у роднай вёсцы ў вельмі беднае на грыбы лета марна абыйшоў я паўлеса і з пустым кошыкам, ледзь валочачы ногі, вяртаўся дамоў. І раптам убачыў, што стаю паблізу сваёй палянкі — той самай, з якой пачыналася мая грыбная «адысея». Які ні быў стомлены, а не заглянуць на яе не змог. Хоць бы каб проста павітацца. Я ступаў, знарок не падымаючы вачэй… Калі ж падняў іх — кошык ледзь не вываліўся з рук. Грыб! А вунь другі! А вунь трэці! Чацвёрты, пяты! Пяць здаравенных, адзін у адзін параслёвікаў павытыркалі свае вішнёвыя шапкі з зялёнага моху і падміргваюць мне… Дык гэта ў адным месцы, а калі пахадзіць яшчэ вакол?
Я не стаў іх хутчэй падразаць. Апусціўся на сухую, цёплую ігліцу. Пад рукой зашапацеў сівы лішайнік. Я закурыў. Гэта ж мне чатыры гадкі было тады, а цяпер — дзесяць разоў па чатыры… Буры над Зямлёю пранесліся, цэлыя грамадскія фармацыі змяніліся, мільёны людзей зніклі і мільёны нарадзіліся, самога мяне ўжо тройчы з таго свету выцягвалі… А яны растуць! А яны сядзяць сабе, бы на карціне, як ні ў чым не бывала! А яны як дарылі, так і дораць сваю ціхую радасць, нічога за гэта не патрабуючы!…
Ад узрушэння, ад утомы, ад курэння нашча паплыла галава… Ды і хто я?! Той чатырохгадовы, якога шукаюць у вёсцы?! Ці васьмікласьнік, і сяджу тут (і сядзеў жа некалі!), і душа захлынаецца ад радасці, бо наперадзе — цэлы свет, цэлае жыццё!.. На якіясь міг час спыніўся, яго не стала зусім — і мяне не стала цяперашняга… То быў момант, калі мне ўдалося двойчы ўвайсці ў адну й тую ж раку — у адзін і той жа Час.
Але больш я такіх «эксперыментаў» паўтараць не адважваўся.
Х
Цэлымі днямі я прападаю з кошыкам у лесе.
Я ўжо даўно не расту ў сне. Ніхто мяне не будзіць — сам успорваюся раненька, і подбегам, па расе, туманам — туды, у лес. Маці адгаворвае: не хадзі, і няма іх дужа, тых грыбоў, і ног пашкадуй, ты ж у адпачынку…
Можна было б, канечне, і «адпачыць», г. зн., бяздумна пасядзець на прызбе ці на беразе копанкі з вудаю. Але такія лагодныя стаяць вераснёвыя дзянёчкі, так хочацца іх паболей ухапіць, а галоўнае, так я ўжо натаміўся ад людзей, ад кніг, ад дураты мінскіх кавярняў і забягалавак, так хочацца хады і адзіноты, што, мабыць, каб са стрэльбамі гэты лес ахоўвалі, дык папоўз-пашыўся б у яго, як той шпіён-лазутчык.
У мяне другое дыханне. Я ў другі раз перажываю сваё маленства. З ранку я не саракагадовы дзяцюк, а падлетак. Па інерцыі, па набытай даўно, і відаць, ужо назаўсёды звычцы я ўсё подбежкам — каб як найхутчэй набраць неабходныя два-тры дзесяткі «адчэпных» грыбоў, а потым спакойненька хадзіць ужо ў сваю ахвоту, для душы.
Пасля абеду ў мяне іншая праграма. Іду я ў другі бок, блізка, ды і сам я ўжо іншы — не баламутны падлетак, а стары, непаваротлівы дзед, з кіёчкам… І грыбы бяру па іншаму — не адны белыя, а ўсе, якія ведаю, тым больш цяпер, увосень, яны ўсе растуць адначасова: і лісіцы, і зялёнкі, і махавічкі, і сыраежкі, і грузды, і асінавікі, і абабкі, і маслякі…
Усё адпраўляецца ў кошык, усяму я радуюся, за ўсё дзякую лесу, лёсу і Богу. І як добра, што пакуль ёсць куды сваю здабычу прынесці, як здорава, што цябе чакае недзе самы родны чалавек, які будзе радавацца твайму поспеху, хай сабе і такому сціпламу, як кошык восеньскіх грыбоў…
Але што гэта?! У грудзі мне ўпіваецца калючы дрот. Проста пасярод лесу. Адгароджвае, адсякае адну з самых маіх любімых мясцінаў. Папярэджвае — стоп, грыбовік, далей табе ходу няма. А на тое, што ты ўсё жыццё тут хадзіў — начхаць, цяпер я, дачнік, буду тут хадзіць.
Добрыя вы мае людзі. Я не супраць ні вас, ні вашых лецішчаў, што з усіх бакоў абляпілі нашу вёску, якімі забудована і гэтае вось вялікае колішняе поле, што свеціцца зараз праз дрэвы. Калі ласка, жывіце на здароўе. Наадварот, мне прыемна, што вы ўбачылі і ацанілі прыгажосць нашай мясцовасці, што вы практычна выратавалі вёску, бо ў ёй неўзабаве не засталося б ніводнага карэннага жыхара і тады знікла б нават назва яе…
Але навошта, калі вам адвялі надзел на полі, адхопліваць яшчэ і такі ж самы па памеры кавалак лесу? Навошта вы спрамілі рэчку? Вам жа, і дзецям вашым, каля яе гуляць і рыбу ў ёй лавіць… Навошта вы робіце агароджы не толькі ўпрытык да саменькай вады — так што і сцежачкі не застаецца, каб прайсці берагам, дык яшчэ ўлазіце і ў самую ваду? Адгароджваеце і яе тым жа калючым дротам ці металічнай сеткаю — да палавіны рачулкі?