Ланцуг
- Автор: Федарэнка Андрэй
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1361-7
- Жанр: Роман, новелла
Электронная книга - «Ланцуг». Краткое содержание книги:
Як і заўсёды, проза А. Федарэнкі чытаецца лёгка. Але гэта зусім не лёгкае чытво. Аўтар імкнецца спасцігнуць духоўны свет сучасніка, зразумець яго клопаты і трывогі.
Творы пісьменніка вызначаюцца любоўю да чалавека, добрым веданнем жыцця, тонкім псіхалагізмам, шчырасцю.
«Ты маёй не бачыў?»
У п’янага ў яго звычка швэндацца па чужых хатах і расказваць, як Валя яго на сабе сілком жаніла:
«Каб мая тады не зацягнула на сябе, дык я б, можа, на машыніста пайшоў вучыцца», — яго няздзейсненая запаветная мара, ездзіць далёка на цягніку, глядзець новыя мясціны, знаёміцца з рознымі цікавымі людзьмі… І пах цеплавознага вугальку. Замест гэтага ён як прыйшоў з арміі, так вось ужо дзесяць гадоў у мазутнай спяцоўцы разам з пенсіянерам Мікалаем Міронам гайкі на чыгунцы круціць, мяняе рэйкі і шпалы, а калі міма праносіцца хуткасны, Пятро толькі пазірае ўслед, прытрымліваючы ад ветру панаму…
П’янаму, Валя помсціць яму езуіцкім спосабам — увечары выграбае ўсе грошы з кішэняў, а раніцай не дае пахмяліцца. І толькі калі бачыць, як яму кепска, ёй самой робіцца весялей, мякчэй на душы. «Баліць? — ласкава-зларадна пытае яна. — Хай пабаліць. А не бадзяйся па хатах. А не кажы, што ў цябе жонка паганая».
— Табе трэба той дзед, — бурчыць Валя. — Табе трэба той цюрэмшчык… Табе трэба чужыя людзі… У цябе свая сям’я, трое дзяцей, хата, жонка…
Замест адказу Пятро выцірае панамай мокрую шыю і глядзіць на сонца. Яго русыя валасы кольцамі прыліплі да лоба, а на падбародку падсыхае мутная кропля.
— О пячэ! Як у барханах!..
І праўда, даўно полудзень. Часцей звонкае шорганне брускоў і мянташак аб стальное палатно. Вельмі гучна стракочуць конікі. Сытыя буслы то адзін, то другі закідваюць галовы на спіны і клякочуць. Ад сонца ў вачах на зялёнай траве белыя плямы; усё — абалонь, Прыпяць, затока, пракосы — бачыцца не акрэслена, а праз дрогкую смугу. Жоўта-чорныя сляпні віюцца над людзьмі роем; ад паху людскога поту яны адурэлі да таго, што некаторы сядае на касаўё ці грабільна і, растапырыўшы ад экстазу крыльцы, упіваецца замест цела ў гарачае дрэва.
IV
У абед пацягнуліся ўсе ўніз, у цень, у прахалоду — туды, дзе затока, вербы і машыны. Некаторыя адразу пападалі ад утомы на мяккі мурог пад вербамі, большасць пачала спускацца да вады — як гэта быць на Прыпяці і не пакупацца?
Купанне людзей, што нарадзіліся, выраслі і жывуць сярод лесу і балот, далёка ад вялікай ракі — гэта нешта. Усе яны баяцца вялікай вады, якая рухаецца, плыве, ва ўсіх на генетычным узроўні страх перад ёю, тым больш такой, як Прыпяць. Яны прывыклі да вады стаячай, сажалкавай, кар’ернай, плаваць умеюць у лепшым выпадку па-сабачы і на неглыбокім месцы, каб у любы момант можна было дастаць нагамі дно. Ды і слова яны «купанне» ўжываюць неахвотна, гэта блюзнерства, для малых, а дарослы спаважны чалавек скажа не «пайду купацца», а «пайду мыцца».
У кожнага ў руцэ кавалачак мыла. Жанчыны не ідуць у ваду зусім, мыюцца з берага. Што да дзяцей, дык тым ужо і наказваць не трэба: самі асцерагаюцца, і купанне для іх — легчы ў прыбярэжную ваду на жывот, а галавой на мелкае, ці, як пішуць, на плыткае, — нібыта і купаешся, хвалі цябе з галавой накрываюць, нагамі ў вадзе боўтаеш — і разам з тым у вір не зацягне.
Мужчыны з чырвонымі загарэлымі шыямі, з белымі жыватамі і нагамі, усе ў аднолькавых чорных трусах мочаць сабе пад пахамі, жменямі чэрпаюць ваду, абмываюць трохі пот — і давай хутчэй церціся мылам. Мыла не хоча даваць пену ў рачной вадзе. Доўга і старанна, па некалькі разоў, шаруюць галовы. Усё гэта пасля будзе называцца:
«А што мне твая Прыпяць, я ў ёй сто разоў плаваў!»
Самыя смелыя заходзяць па шыю — пастаіць трохі, не ведаючы, што рабіць далей, галава над вадою, сам крэкча, нібыта ад асалоды — «вух ты! харашо!» — а ў вачах трывога… Пастаіць — і назад, на бераг, а адтуль хутчэй за вербы, у лазняк, выкручваць трусы — абавязковы рытуал! — ці купаешся ты, ці мыешся, ці рыбу ловіш, гэта самая першая, неабходная справа.