Ланцуг
- Автор: Федарэнка Андрэй
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1361-7
- Жанр: Роман, новелла
Электронная книга - «Ланцуг». Краткое содержание книги:
Як і заўсёды, проза А. Федарэнкі чытаецца лёгка. Але гэта зусім не лёгкае чытво. Аўтар імкнецца спасцігнуць духоўны свет сучасніка, зразумець яго клопаты і трывогі.
Творы пісьменніка вызначаюцца любоўю да чалавека, добрым веданнем жыцця, тонкім псіхалагізмам, шчырасцю.
Там, каля таго берага, поўна рыбы. І ўздрыгвае ў касца сярэдзіна, калі даносіцца адтуль салодкі плёхат… Але ведаюць з горкага вопыту — нялёгка здабыць прыпяцкую рыбку, з-за чаратоў не кінеш ні вудку, ні донку, не ўлезеш з таптухай ці «кабылаю», якія прыдатныя толькі для балацянак, копанак, стаўкоў глыбінёй жабе па калена, а тут трэба адмысловыя снасці, якіх яны нават назваў не ведаюць, толькі бачылі, як мясцовыя ловяць…
Застаецца толькі з зайздрасцю на той чаратовы рай пазіраць.
Дакошваючы да затокі, мужчыны боўтаюць з берага косамі ў вадзе. А хто спускаецца да Прыпяці, на пляж, куды прычальваў раніцай паром. Па свежых і высахлых зеленаватых палосках ціны, як па гадавых кольцах, можна вызначыць, якой велічыні бываюць хвалі ў непагадзь, ці калі расплюхае іх буксір з цяжкай баржай або пасажырская «Ракета» на сваіх крылах. Тут сярод рознага нанесенага вадой друзу трапляюцца ракавіны — чорныя, цяжкія, а ўсярэдзіне, калі створкі такой расчапіць ножыкам, — з перламутравым адлівам і з вострым пахам свежай рыбы. Касцы мочаць у вадзе мянташку, шлэпаюць ёю па белым дробным пясочку, каб набіўся ў пазы, — і лепш за любы брусок.
ІІІ
— Давай, давай, давай! — падганяе Кулініч, калі бачыць, што хто прыстаў, ці спыніўся выцерці пот, ці каса не так ходзіць у руках, або занадта марудна падымацца на пагорак.
— Ніжай! ніжай! ніжай! — пакрыквае ён, калі няма да чаго прычапіцца. У роце яго паблісквае залаты цыганскі зуб, даўно дакураная, патухлая беламорына прыліпла да губы.
Сам ён худы — скура, косці ды мускулы. Такіх звычайна ніякая ўтома не бярэ. Лясніцкая фуражка з зялёным аколышам зухавата ссунута набок, з-пад брыля вылазіць чорны чуб з белымі павуцінкамі сівізны. З халявы звешваецца раменьчык мянташкі. Яму ўжо за сорак, але ён толькі нядаўна, у мінулым годзе, ажаніўся; узяў не са сваёй вёскі, а ажно з Махнавіч — таксама, праўда, не маладую, затое якую ўдалую! У свае трыццаць яна выглядае як дзяўчынка-падлетак. Такая вясёлая, спрытная, са зграбнай постаццю і з мілым наівам у твары. Ёсць у іх ужо маленькі сынок. І ён з імі тут, на лузе, спіць у шалашы пад полагам з марлі. Рахманы, хоць бы піскнуў. Махновачка час ад часу ўтыркае граблі ў мяккую зямлю і бяжыць глядзець, выдзьмухвае з шалаша камароў, якія шыюцца ў цень ад сонца. Яна сама ўся як сонца. Усё ёй у навіну — і яе роля замужняй кабеты, і маладой маці, і клапатлівай гаспадыні… Яна ніколі не ведала самастойнасці, век пражыла ў адной хаце разам з бацькамі, і цяпер прагна, з жарам аддаецца гэтым новым абставінам свайго жыцця, якое, аказваецца, можа быць такім поўным, аграмадным!.. Шчаслівая! І як ні стараецца прытушыць бляск у вачах, а ўсё роўна зыходзіць ад яе ззянне, аж наўкол разліваецца: толькі гляньце, людзі, якой я ўмею быць! — і хіба што зрэдку, як воблачка на сонца, набягае на твар вінаватасць — за тое, што ёй пашанцавала, і нават лёгкі спалох: а возьме ды здарыцца нешта, і знікне так раптоўна зваленае на яе шчасце?..
Кулініч да жаніцьбы быў ціхі, спакойны чалавек, «дабрачы», як яго малодшы брат Пятро характарызуе. Працаваў у лясніцтве. За парубкі дужа не ганяў, наадварот, калі натыкаўся ў лесе на свежы пень, дык закрываў мохам і прытоптваў тырсу. Толькі калі ўжо зусім нахабна, проста на вуліцы звальвалі машыну крадзеных дроў, дык папярэджваў, каб схавалі на задворкі, ды не шморгалі двухручкаю, а яго, Кулініча, з бензапілою пазвалі. Ніколі не браў ні грошай, ні магарычоў. «Аддасі які дзень», — буркаў, што значыла, каб баба памагла жаць, ці бульбу скапаць, ці памалаціць, ці сечкі нарэзаць, ці капусты ўвосень нашаткаваць. Прычым, як некаторыя з усходніх палешукоў, ён не змякчаў «ц» і ў яго гучала — «капац, рэзац, шаткавац». Удачлівы паляўнічы, ён часта прыносіў з лесу то зайца, то лісу, а бывала, глушца, цецерука, адзін раз нават янота. Да яго ў хату знарок прыходзілі падзівіцца, ківалі галовамі, цмокалі языкамі і так і не верылі, што здабыча з іхняга лесу. Мясцовы люд, вякамі жывучы ў сваіх лясах і балотах, па большасці нецікаўны, флору і фаўну ведае слаба: звычка бачыць вакол сябе адно й тое ж прытупляе ўвагу. Ім лягчэй паверыць, што ў Дальніх Ставах жыве нешта, вогненным шарам гарыць і пужае, чым у сапраўдныя, рэальныя рэчы, у тое, што пад носам.