Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
У камэры раптам настала пакутная напружаная цішыня, у якой важка і нават злавесна раздалося з-пад вакна:
— Скаты!
— Што? — падняўся і сеў на доле Блатняк. — Хто скаты?
— Вы! — кінуў забойца Маўчун.
— Вы чулі? Чаму гэта мы скаты?
— Трэба сьпярша падумаць, чым гаварыць, — пакрыўджана прашамкаў Эсэр.
Але Маўчун толькі аднойчы няспрытна варухнуўся ў шэрым сьвятле з вакна сваёй крутаплечай паставай і зноў схаваўся ў ценю — павярнуўся на другі бок.
— За ахвіцэра, ці што, заступаесься? — прыдзіраўся да яго Блатняк. — Дык ахвіцэр не крыўдуе. Праўда, ахвіцэр?
Паручнік ва ўпор, не маргнуўшы, паўзіраўся ў ягоны нахабны твар, і той, мабыць, нешта адчуў.
— Ахвіцэр ня згодны! — аб’явіў Блатняк. — Ён заадно з бандытам. Во дзьве контры!
— Мала, што скаты! Дык яшчэ й падлюгі, — з раптоўнай рашучасьцю сказаў паручнік, адчуўшы, як нешта назаўжды адразае ў сваім жыцьці. Паправіць ці перайначыцць што ўжо ня будзе магчымасьці, і ён пайшоў напралом.
— Ну во, я ж казаў! I гэты таксама — контра! А тыя сумняваюцца — гэтыя дурні з ЧК.
— Ідзі, закладзі! — сказаў паручнік.
— Ісьці нягожа, — зашмакаў Эсэр. — Але калі запытаюць, што ж… пакрываць ня трэба. Клясавы вораг! — пырскаючы сьлінкамі, крыкліва скончыў Эсэр. Перад ім спалохана ўскочыў на калені Стары.
— Ціха, ды ціха вы! Учуюць жа… Яны ж усіх нас…
Але ягоныя ўгаворы яшчэ болей злавалі разьюшанага Блатняка, які, ужо не стрымліваючыся, крычаў:
— Што ціха! Гэта ён хай ціха! Ён змоўшчык! А той бандыт! Яны ворагі! Яны сабраліся канвой душыць…
— Змоўкніце! Што ж вы робіце? Адумайцеся, — роспачна ўпрошваў Стары. Ды марна.
— А, і ты? I ты тожа за іх! I ты контра, за Бога, проціў рэвалюцыі…
I тады з-пад змрочнай сьцяны насупраць неяк марудна, бы перасільваючы сябе, падняўся Маўчун, босымі нагамі перажыргнуў выцягнутыя ў доле боты Эсэра. Ён яўна кіраваў кудысь — марудна, але з адчайнай рашучасьцю на чорным, аброслым шырокай барадой твары. I Блатняк, учуўшы нядобрае, віскліва закрычаў ля парога:
— Не падхадзі! Не падхадзі… Не падхадзі…
I задыхнуўся, захроп, як Маўчун вялізнаю рукой ушчаперыў яго за грудкі, згроб, пераламаў пасярэдзіне і паваліў пад сябе. Слабасільны Эсэр засьцярожліва адхіснуўся, стары вучыцель напружыўся ў нерашучасьці, і паручнік адчуў, што зараз здарыцца кепскае.
— Стой! — загадаў ён строга, як прывык загадваць салдатам. — Стой! Адставіць…
— Прыкончу, скаціна…
— Ня трэба. Адпусьці!
Іх крыкі і валтузьню ў камэры, мабыць, пачулі з калідора, там бразнуў замок, і рэзка расчыніліся дзьверы.
— В чом дзела? Што такое?
У дзьвярох стаялі двое чэкістаў, яны не пераступалі парог, але, мабыць, і без таго ўсё зразумелі.
— Устаць! Всем устаць!
Першы хуценька ўскочыў Эсэр, за ім з натугай падняўся Стары, падумаўшы, устаў паручнік. Маўчун у доле зь яўнай неахвотай выпусьціў з рук Блатняка і таксама, цяжка дыхаючы, узгрэбся на ногі. Блатняк застаўся ляжаць, змусіўшы астатніх падумаць, што канае. Але раптам ён залямантаваў, перабіраючы нагамі ў стаптаных, з глінай на сподзе, гамашах:
— Ратуйце мяне ад яго, ратуйце! Ён бандыт, ён хацеў мяне задушыць. Каб я іх ня выдаў… Во бандыта і таго, ахвіцэра…
Гэта было жахліва, але паручнік ня вымавіў і слова. Ды і што тут можна было сказаць, чым запярэчыць? Ён толькі адчуў злосны дакор сабе — каму ён даверыўся? Тады было цёмна, ён нікога ня бачыў. Але ж чуў! I ці ён ня ведаў гэтых і да іх падобных людзей — з войска, з вайны, хоць бы зь пяхотнай роты, якой камандаваў. I гэта — за паўвядра пярлоўкі.
— Так, выхадзі! — коратка загадаў пярэдні чэкіст, плячысты чалавек у пакамечаным скураным картузе. З-за ягонай сьпіны выглядвалі двое, і паручнік зразумеў, што трэба ісьці.
Забыўшыся на свой шынэлак у куце, ён выйшаў у калідор і спыніўся. Ззаду, мядзьведзявата ступаючы босымі нагамі, няўклюдна вылазіў з камэры забойца Маўчун, і ў паручніка мільганула думка: «Трэба аддаць боты». Але ў той жа час яго штурханулі па калідоры, і ён нетаропка пайшоў наперадзе чэкістаў. Ззаду, з камэры, чуўся роспачны голас старога вучыцеля: