Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
Ад няўдачы з куравам злосна стала на душы ў Снайпера-Івана, а тут яшчэ пачала церціся аб ягоныя гумавікі маладая кошачка, нешта замяўкала, і Іван са злосьці паддаў ёй у бок: хай не вярэдзіць душу чалавеку, у якога няма чаго закурыць. На падворку прыслухаўся: празь дзьве хаты адсюль чуваць быў мерны жалезны стукат — гэта цягавіты Саўчанка адбіваў на бабцы касу, рыхтаваўся да заўтрашняй касьбы. Але заўтра мелася быць нядзеля, і ўжо ён, Снайпер-Іван, заўтра касіць ня пойдзе. Хіба — з паўдня, паверне тыя ацяробкі, каб лепш падсыхалі ў кустах. Саўчанка ж, ведама, будзе шчыраваць і заўтра, як і кожнага дня, гэта такі ўжо чалавек. Што значыць, зь сям’і падкулачнікаў. Ужо ў яго напэўна будзе што закурыць, падумаў Снайпер-Іван і саступіў зь нізкіх прыступкаў ганку. За парканам на агародзе зноў выпрасталася ягоная дзябёлая жонка.
— Гэта чуеш, да Касатага Вусаў прыехаў, — лагаднейшым, чым раней, голасам паведаміла яна.
— Вусаў?
— Ну, Вусаў. Той самы!
— Да Касатага?
— А нягож…
Во гэта навіна, — падумаў Снайпер-Іван. Старэйшыя дзеравенцы гэтага Вусава памяталі ўсе гады да вайны й пасьля, але пасьля ніхто нідзе ня чуў і ня бачыў яго. Спакваля пачалі на яго забывацца, думалі: прапаў за вайну, як тады прападала нямала каго. Меркавалі, што туды яму і дарога. Ніхто ніколі не памянуў яго добрым словам, так ён насаліў тут за тыя некалькі гадоў, што ажыцьцяўляў клясавую барацьбу і рэпрэсіі ў іхным Богам праклятым раёне. А ён, глядзі ты, — аказваецца, жывы, здаровы, і нават прыехаў да свайго сябрука — сувязнога Касатага. Але да каго ж яшчэ мог ён наведацца?..
— Надвячоркам Манька Валодзева бачыла, як з аўтобуса цераз аселіцу ішоў. Агародамі. Мусіць, каб не пазналі. Спраўны такі, у капелюшы.
— Мабыць, баіцца, аднак…
Узварушаны той навіной, Снайпер-Іван памалу пабрыў абсаджанай каровінымі лепяхамі вуліцай да хаты Саўчанкі. Ён аж забыўся на сваю патрэбу, калі ступіў у расчыненыя варотцы сядзібы. Саўчанка, мажны, шыракагруды дзядзька зь сівою чупрынай на галаве, у белай расшпіленай сарочцы, скончыўшы адбіваць касу, прыладжваў яе да касавільна.
— Чуў? — запытаў ад варотцаў Снайпер-Іван. — Вусаў прыехаў.
З выгляду быццам абыякавы да ягоных словаў, Саўчанка падняў касу, памацаў, ці ня кратаецца на касавільне. Каса ня краталася.
— Прыехаў, ага, — пацьвердзіў ён спакойна.
— Да Касатага?
— Да Касатага.
— I што яму трэба?
— Значыць, штось трэба, — ухіліўся ад адказу Саўчанка. Але, мусіць, ён таксама ня шмат што ведаў. Хоць калі б і ведаў, ад гэтага чалавека ня шмат можна было дазнацца.
— Закурыць у цябе ці ёсьць?
Вялікай рукой Саўчанка моўчкі вышчаміў зь цеснай кішэні штаноў пакамечаны цыгарэтны пачак, даў суседу, пасьля ўзяў адну цыгарэту сам.
— Дык гэта што ж атрымліваецца? — закурыўшы, ня мог чагосьці даўмецца Снайпер-Іван. — Па-новаму пачынаецца, ці як?
— Можа, і па-новаму.
Саўчанка быў старэйшы за Снайпера-Івана і, у адрозьненьне ад яго, негаваркі і стрыманы ў пачуцьцях. Для таго былі свае прычыны: толькі якіх-небудзь пяць гадоў прыехаў зь Сібіры, з ссылкі, у якой адбухаў ці ня дваццаць пяць гадоў. Паехаў некалі маладым мальцам з бацькамі-падкулачнікамі, а вярнуўся сівым і старым. Паводзіў сябе ціхмана, мабыць, не адчуваючы раўнёй з астатнімі калгасьнікамі, хоць бы во і з гэтым Іванам. Гэты так загераізаваўся ў вайну, што гатовы быў забыцца пра сваё бацькоўскае прозьвішча Ярашэвіч і ахватней адгукаўся на мянушку Снайпер. Але лацно Івану, ён і праўда прайшоў агонь і ваду ў партызанцы, і хоць славы там агораў ня шмат, затое языку цяпер даваў волю. Ня тое, што Саўчанка, нядаўні ссыльны падкулачнік, які на старасьці гадоў захацеў дажываць свой век у родным кутку. Тут трэба было раз і назаўжды забыцца пра свае крыўды. Калі б яны забываліся.
— Я яму пакажу, сволачы, такую яго маць! — вылаяўся Снайпер-Іван, кіруючы з падворка.
На вуліцы, аднак, ён спыніўся, яшчэ ня маючы рашучасьці рэалізаваць сваю злосьць. Патаптаўшыся ля плоту, успомніў, што ёсьць яшчэ чалавек, якому варта пачуць тую навіну пра Вусава, гэта — Ляплеўскі, настаўнік, што рабіў у раёне і прыехаў цяпер у касьбу памагчы маці. Тая жыла на краі вёскі, ля сажалкі, і Снайпер-Іван рашуча скіраваў туды. Каб хоць бы параіцца, аслабаніць душу ад таго, што пачало расьпіраць яго, ад застарэлае крыўды. Калісьці той энкавэдэшнік перасаджаў палову вёскі. То быў чужынец, аднекуль прыежджы ў іхны раён, і ў іхнай вёсцы займеў сабе вернага памочніка зь мясцовых — Касатага, зь якім і саджалі, пачынаючы з трыццаць трэцяга. Але асабліва пашчыравалі яны ў трыццаць сёмым, калі загрэблі і старога Іванавага бацьку. На ўласнага стукача Касатага ў вяскоўцаў злосьці ўжо не было, яна ўся перагарэла за гады, калі гэтага недалэнгу таксама загрэблі, хоць і апошнім у тую пару, — на заедак. Праўда, таму ўсё ж неяк пашэнціла вярнуцца пасьля вайны з нажытымі ў лягеры сухотамі і таксама рэабілітаваным, як ягоныя ахвяры, што бязь сьледу пазьнікалі ў лягерах і турмах. Цяпер ён жыў-дажываў са старой бабай у старым дамку, апусьцелым ад дзяцей і сямейнікаў, якіх некалі было ў яго многа. Але сямейнікі паразьяжджаліся хто куды, бо жыць з такім бацькам было ня надта зручна, асабліва апошнім часам. Людзям Касаты казаў, што на супрацоўніцтва з ворганамі яго змусіў усё той Вусаў, бо Касаты меў грашок яшчэ з часоў рэвалюцыі, калі, будучы ў войску, пацікавіўся палітыкай і разы два наведаў партыйныя сходкі левых эсэраў. Тая цікаўнасьць дорага каштавала салдату, ды й ці толькі яму аднаму.