Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
1 ... 79 80 81 82 83 84 85 86 87 ... 260
Перейти на страницу:

Аднак мінаў час, а дзьверы камэры заставаліся нязрушныя, бы замураваныя. З таго боку, здаецца, ніхто каля іх і не пратупаў ні разу. Спакваля зноў усталявалася трывожная начная ціша. Дужа цягнула на сон, і трэба было немалое намаганьне, каб адолець дрымоту. Паручніку, мабыць, не заўжды тое ўдавалася, і тады ў яго паўсоннай сьвядомасьці пачыналі мільгаць нейкія абліччы, нібы чуліся фразы, урыўкі падзеяў зь яго нядаўняга франтавога мінулага, даўнейшай службы і нават штосьці зь дзяцінства… Чамусь зьявілася перад зрокам разьбітая фура на гразкай вуліцы галіцыйскага мястэчка, забіты конь з разьдзьмутым, як бочка, брухам, і — бяз пэўнай з папярэднімі падзеямі сувязі — маці. Старая, заплаканая, з маўкліваю тугой у вачах, — мусіць, такая, якой ён бачыў яе апошні раз, ад’яжджаючы на фронт у пятнаццатым. «Застанецца адна», — падумаў паручнік, і гэтая недарэчная думка аж скаланула яго сваёй нечаканасьцю, адразу прагнаўшы сон. Маці ўжо страціла амаль усіх — дзяцей, мужа, пляменьнікаў, брата. Хто памёр, не стрываўшы такога жыцьця, хто прапаў на вайне ці апынуўся на захадзе, як сястра Тацяна, што з мужам-дыпляматам выехала ў Фінляндыю. Адзін іхны брат не вярнуўся з палону, другі быў забіты ў першых баях ва Ўсходняй Прусіі. Ён застаўся апошні і, мусіць, з такой няўрымсьлівасьцю памкнуўся да маці, нібы адчуўшы яе далёкі жальлівы покліч з паўзабытай ім Полаччыны. Ледзьве ня ўсе свае маладыя гады, гады вайсковае службы і пасьля ён таптаў чужую зямлю, жыў сярод чужой прыроды, у незнаёмых раней гарадах, сярод чужых, іншамоўных людзей. Да іх прывыкаў, звычаіўся зь іхным бытам, мала і рэдка ўспамінаючы, адкуль ён і дзе ягоныя вытокі жыцьця. Можа б, жыў так і далей, калі б не вайна, ня гэтая рэвалюцыя, калі ўсё ранейшае паляцела ў тартарары. За кароткі час ён ня толькі страціў чын, пасаду, сякія-такія набыткі, але й звыклыя маральныя апірышчы, калі ўвачавідкі мяняліся вакол людзі і ягоныя да іх адносіны. I тады неўпрыцям і настойліва паўставалі ў памяці вобразы іншага, ранейшага, паўзабытага ім жыцьця. Здавалася, людзі ў тым жыцьці былі зусім не такія, як гэтыя, — нязьменныя, з дабрынёй і Богам у душы, прыязнай прыветнасьцю на тварах, якімі ён памятаў іх зь дзяцінства. Бадай, у роспачным адчаі, як да паратунку, ён памкнуўся да іх, да роднае стараны, дзе мінула яго дзяцінства, застаўся вялікі драўляны дом з адкрытай вэрандай пад стромкімі вязамі з бусьлянкай, у якой кожнае лета ладзілі сваё жытло пара буслоў, ляскалі доўгімі дзюбамі — выводзілі бусьлянят. Пад імі ўнізе туліўся нешырокі ўтульны падворак малазаможнай шляхецкай сядзібы з квяцістаю клюмбай перад шырокімі прыступкамі ганка. Побач мясьціліся старасьвецкія драўляныя службы зь летняю кухняй, клецямі, стайняй, у таямнічым паўзмроку якой бразгалі цуглямі два буланыя стаеньнікі; на аднаго зь іх, рахманага Сярка, некалі падсаджвалі белагаловага хлопчыка ў белай матросцы, і сэрца яго замірала ад страху і адвагі. Аднойчы ён упаў зь Сярка, дужа папэцкаў матроску, і яны дамовіліся з хурманам Дзянісам утаіць тое ад маці, схлусіць, што ён упаў у лужыну ля падворку. Назаўтра маці загадала Дзянісу засыпаць лужыну. Дзіва, што застаецца ў душы на сконе жыцьця… Зь незабыўных уражаньняў раньняга дзяцінства ўзнавілася ў памяці іх даўняя паездка ў недалёкі Полацак да мошчаў сьвятой Еўфрасіньні, — як яны ранічкай ехалі туды ў ландо з бацькам і маці, мінаючы азёры і прыазёрныя вёскі, і ўрэшце, як скончыўся лес, на даляглядзе па-над далёкімі прысадамі засьвяціліся стромкія купалы Сафійкі, ярка асьветленыя летнім ранішнім сонцам. Ці пабачыць ён калі іх — тыя сьвятыя купалы, што доўгія гады стаялі ў змроку ягонай памяці — сярод страшнай калатнечы, гразі, крыві, бязладзьдзя вайны? Так недалёка засталося да іх, і так трудна іх дасягнуць.

Мабыць, ён усё ж задрамаў трохі, на якіх пару хвілін, і аж скалануўся ад нечаканага крыку, што раздаўся па той бок дзьвярэй.

— Па-ад’ём! Падгатовіцца — прыём пішчы!

У камэры разам спалохана заварушыліся, падскочыў і сеў побач Блатняк, за ім санлява падняўся з долу Эсэр. У сьцяне насупраць ужо цьмяна азначалася невялічкае закратаванае акенца, сталі відаць плечы, галовы, шэрыя твары арыштантаў, і паручнік упершыню азірнуў людзей, зь якімі прабыў ноч. Крык у калідоры, які цяпер чуўся далей, чымсьці яго бянтэжыў, можа, тым, што на дварэ пэўна віднела, і ён сьцяміў, што з уцёкамі прыпазьніліся. Зноў жа ён ня ўбачыў на белабрысым, надта прышчавым твары памагатага Блатняка патрэбнай рашучасьці — там выразна мільганула зьбянтэжанасьць, што ўвачавідкі зьмянілася бадай што дзіцячай радасьцю, і Блатняк закрычаў:

1 ... 79 80 81 82 83 84 85 86 87 ... 260
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)