Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
— Чуеце? Не, вы чуеце? Жраць дадуць, далібог!
Эсэр, бачна было, з прагнаю ўвагай імкнуўся злавіць гукі з калідора, і яго запалыя, аброслыя блытанай шчэцьцю шчокі ды разяўлены ад увагі рот з выбітымі наперадзе зубамі выдавалі слабасільнага, нават змардаванага чалавека. Крыху далей у рэдзенькім сяйве сьвятла з акенца блішчэла лысая галава старога вучыцеля з зусім белым пушком — рэштаю валасоў над вушамі. Недзе ў густым ценю пад акенцам туліўся нябачны ад парога Маўчун. Здаецца, паведамленьне пра харч зьбівала іх з тропу, блытала намер; паручнік бачыў, як напружыліся іхныя твары — менавіта ад навіны пра харч. За дзьвярыма побач дужа бразнуў замок, і паручнік ускочыў на ногі. Ён чакаў, што дзьверы расчыняцца, а тыя толькі прачыніліся трохі, і цераз парог цяжкавата грукнула старое закапцелае вядзерца. У камэру шыбануў знаёмы з салдатчыны пах гарачай кашы-пярлоўкі.
— Трымайце на пяцёх…
— Вы бачылі? — зь ненатуральнай радасьцю закрычаў побач Блатняк. — Нас кормяць!..
I не пасьпеў яшчэ паручнік штосьці падумаць, як Блатняк, спрытна шмыгануўся пад яго нагамі, ухапіў ад парога вядзерца і пачаў уладкоўваць яго сярод камэры. З таго боку да яго ўжо сунуўся змардаваны Эсэр, запаволена, бы нерашуча, мясьціўся стары вучыцель. За імі падняўся з свайго месца і Маўчун. Нібы апляваны, паручнік няўцямна стаяў пры дзьвярах. Здаецца, увесь яго выпакутаваны плян вылятаў насмарку, увагай гэтых людзей бяз рэшты завалодала ежа.
— А як жа — бяз лыжак? — запытаўся Эсэр.
— А ручкамі, ручкамі, пан сацыяліст. Во так! — па-блазенску выпінаўся Блатняк, тут жа зачэрпаўшы жменяй ня дужа густую кашу, пачаў вылізваць яе з далоні. За ім болей рашуча папнуліся да вядзерца і Стары з Эсэрам.
— Ну, а вы што? Ахвіцэр! Запрашаць трэба?
Стоячы на каленях, каля вядра, Блатняк на момант павярнуўся да паручніка, але той не скрануўся зь месца. Неяк ураз аслабелы, нібы пасьля цяжкай працы, паручнік ціха апусьціўся ў сваім кутку на шынэлак. Ён быў ашаломлены і спустошаны дарэшты. Варта было пакутаваць, перажываць, спадзявацца на Бога, аддаючы яму права распарадзіцца сваім лёсам. Аказалася, тым лёсам з большым посьпехам распарадзіўся прышчавы Блатняк. Ці гэтае праклятае паўвядра пярлоўкі.
Маўкліва і хутка яны ўтрох апаражнілі вядзерца і з асалодаю сытых адваліліся да сьцяны. Падобна, пад’елі і паспакайнелі. Прынамсі, ранейшая трывога і напружаньне дарэшты пазьнікалі зь іхных галасоў і твараў, саступаючы месца санлівай ціхманасьці. Яны задаволіліся. Паручніку вельмі карцела вылаяцца ад злосьці, і ён ледзьве стрымліваўся, трошкі цешачы сябе думкай, што, можа, яшчэ ня ўсё страчана. Мабыць жа, яшчэ прыйдуць па тое вядро і расчыняць дзьверы. Ды тое, што ён неўзабаве ўчуў, прымусіла яго зьнерухомець у зьдзіўленьні. Зьвяртаючыся да Блатняка, Эсэр сказаў:
— Ну, а ты палохаў: Гунькін роў, Гунькін роў. Аднак жа накармілі!
— Знача, перадумалі, — сыта пярэчыў Блатняк, выцягнуўшы ў доле ногі. — Мабыць, яшчэ пачакаюць страляць.
— А можа, яны й ня думалі нас страляць. Бальшавікі ж таксама розныя. Па тваёй жа тэорыі?
— Ну, а ты, вучыцель, што думаеш? — Блатняк павярнуў прышчавы твар да сьвятла з акенца. Сюды-туды паводзячы лысаю галавой, стары вучыцель зручней уладкоўваўся на падлозе і маўчаў.
— А я вам скажу, — раздумна зашамкаў Эсэр. — Ну і дурні ж мы былі ўначы: што ўдумалі. Тут хіба ўцячэш?
— Хрэна ў іх уцячэш, — пагадзіўся Блатняк. — А так…
— А так, можа, і абыдзецца, — падхапіў Эсэр. — Калі разабрацца, дык мяне і праўда нізашто ўзялі. Гэта мой кораш тую купчыху экспрапрыяваў, ды ня я. Але нязручна было выдаваць.
— А мяне, пэўна, кораш прадаў, во скаціна! Але як дакажаш, што я чэсны пралетар? Ну, што спэкулянт трохі, дык за гэта страляць?
Запытальным позіркам Блатняк абвёў арыштантаў у камэры, чакаючы падтрымкі, ды арыштанты маўчалі. Толькі спакваля азваўся Стары:
— Цябе, можа, і не застрэляць. Але ж тут афіцэр…
— Ну, і што?
— А тое, што яго падманулі.
— А хто, хто яго падмануў? — загарачыўся Блатняк. — Мы самі падмануліся. Ну, ня кормяць, думалі — шлёпнуць. Аж, пэўна, не. Дык што ж нам цяпер — напралом? На злом галавы дзеля ахвіцэра? Не, тут кожны — сам за сябе.
— Рызыка павінна быць апраўданай, — глыбакадумна прашамкаў Эсэр.
Унутры ў паручніка штосьці пакутна напялася і разам аслабла, нешта ён ужо пачаў разумець. Ён слухаў іх моўчкі, адчуваючы, як ягоная разгубленасьць ператвараецца ў маўклівы нутраны гнеў. Ужо такога павароту ў іхным настроі ён не чакаў. Ці гэта ён прапанаваў ім тую рызыку? Ці ён угаворваў іх уцякаць? Ён толькі пагадзіўся, уступаючы іхнай волі, падмануўшыся на іхны давер. Яму тое ня танна далося, але ён перамог сябе, бо лічыў, што абавязаны. А яны наеліся і, нібы ракі, папаўзьлі назад. Але ён ня рак, ён гэтак хутка мяняць накірунак ня мог. Ён меў свае прынцыпы ў жыцьці, якія сёньня былі гэтак нахабна спляжаныя.