Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
1 ... 77 78 79 80 81 82 83 84 85 ... 260
Перейти на страницу:

— Хар-рошая рэвалюцыя! — зьедліва зазначыў Блатняк, і з кута загаварыў Стары.

— Рэвалюцыя вас вызваліла, але ж рэвалюцыя вас і зноў пасадзіла. Як жа гэта атрымліваецца, таварыш сацыяліст?

— Вельмі проста, вучыцель. I рэвалюцыя павінна чымсь харчавацца. Дужа пражорлівая жывёліна, чым болей жарэ, тым болей хочацца, — прашамкаў Эсэр.

— Во дзіва! — раздумна сказаў Блатняк. — А казалі: свобода, свабода…

— Тут во якое дзела, — пачаў ахвотна тлумачыць стары. — Свабода гэта сымбаль, філязофская катэгорыя. Свабода наогул. Народу яна без патрэбы, народ і ня ведае, што зь ёй рабіць. Бо ён ніколі зь ёй ня меў справы. Народу патрэбна, каб над ім гаспадарылі, гэта ў ягонай крыві. Найлепш — чужаземцы. Прыйдзіце і валадарце намі, бо зямля наша вялікая, а парадку ў ёй няма.

— Гэта вы памыляецеся, — сказаў Эсэр. — Ёсьць свабода! За тую свабоду наша партыя эсэраў на катарзе гніла.

— Не супярэчу, можа, і гніла. Але за якую свабоду? За свабоду для сябе, а не для народа. Народу не свабода, а бізун добры самы раз будзе.

— Ну, тады вы рэакцыянэр! I манархіст, мабыць?

— Хай сабе і манархіст, — не пярэчыў Стары. — Але вы азірніцеся, што вырабляе той ваш народ на свабодзе. Вунь у нас, у мястэчку. Жыў такі пан Красоўскі, небагаты, шляхетнага роду. Палац каменны тры стагодзьдзі прастаяў ля ракі. Дык гэтыя местачкоўцы, свае ж сяляне, прыйшлі, пачалі цягнуць, рабаваць. Віна знайшлі, напіліся, падпалілі стайню. Стары пан кажа: «Што ж вы робіце, як вам ня сорамна?» А яны: «Дык ці ж гэта мы пачалі? Такія парадкі, закон у Піцеры выйшаў — свабода! Расея гіне, трэба хапаць, каб не прапала. Пакуль свабода». I разрабавалі, і папалілі — і палац, і службы. А старога Красоўскага сьвятар ледзьве ўратаваў ад п’яных. А вы кажаце — свабода! Паглядзіце, хто нас сюды папрыводзіў, хто страляць будзе. Хіба тыя людзі не з народа? А тыя, што ў ЧК сядзяць, хіба не за народ? Хоць бы на словах.

— Во, менавіта на словах, — падхапіў Эсэр. — А па сутнасьці гэта шкурнікі. Прыстасаванцы да сьвятой сацыялістычнай ідэі ўсе гэтыя бальшавікі, чэкісты…

— Якая ідэя, такія да яе й прыстасаванцы, — упарта пярэчыў Стары. — Калі ідэя гэтак абрастае прыстасаванцамі, значыць, благая ідэя.

— Ну, пра ідэю так не кажыце. Ідэя роўнасьці і брацтва — найлепшая з ідэяў. Ад часу францускай рэвалюцыі…

— Роўнасьці, кажаце, брацтва? Колькі за тое крыві пралілося, а дзе тое брацтва? Усё шалёная барацьба, брат на брата, кляса на клясу. Столькі стагодзьдзяў мінула, а нічога не мяняецца.

— Зьменіцца. Рэвалюцыя толькі пачатак.

— Які пачатак, такі, мусіць, і працяг будзе.

— Не, будзе лепшы. Залаты век наперадзе.

— Дай-та Бог… Ды дужа сумнеўна.

Паручнік маўчаў і слухаў. Увогуле іхныя довады былі збольшага яму знаёмыя, гэткага і да таго падобнага ён нямала ўжо наслухаўся, асабліва за час рэвалюцыі. Скептычныя погляды старога настаўніка былі бліжэй да ягонай сьвядомасьці, чым бадзёрыя запэўненьні Эсэра. Ня мог ён прыняць самаўпэўненую балбатню людзей, якіх не паважаў менавіта за іх крыклівую настырнасьць у справе свабоды. Гэта не пачуцьцё, гэта спрэс словы. Сапраўднае пачуцьцё маўклівае, яно выказваецца болей справай, ды не траскучымі словамі. Лёгка было крычаць аб свабодзе народа, калі гэта ні да чога не абавязвала, трудней было для яго нешта зрабіць. I нават не для народа, а для групы людзей, для некалькіх чалавек. Як толькі зьяўлялася такая неабходнасьць, тады ўся рэвалюцыйная пыха з гэтых людзей зьлятала, і яны рабіліся, бы пухіры, зь якіх выпусьцілі паветра. Зрабіць што-небудзь для бліжніх яны ня ўмелі. Лацьвей было для народа. Але ў разуменьні паручніка народ здаваўся разумовай абстракцыяй, канкрэтна ён яго ўявіць ня мог, як ня мог уявіць сутнасьці сьмерці або бясконцасьць сусьвету. Мусіць, тое было за межамі ягонага досьведу і здольнасьцяў да ўяўленьня.

Затое ён няблага навучыўся бачыць і разумець асобнага чалавека, хоць бы й гэтых розных, выпадкова сабраных у купецкім сутарэньні людзей. I ён мог прыкладна вызначыць, што ў кожнага за душой, і на што кожны зь іх здольны. Ён думаў, што перад пагрозай пагібелі кожны зь іх пашчыруе ў змаганьні за жыцьцё; усё ж яны разумелі, што літасьці ад ЧК ня будзе. Некаторае падазрэньне ў яго выклікаў хіба што Маўчун, які аддаў яму боты, — надта лёгка аддаў, без шкадаваньня. Яго зацятая маўклівасьць таксама магла значыць рознае. Блатняк хоць і не выклікаў асаблівых сымпатыяў, але да справы, якую яны задумалі, здаецца, мог прычыніцца няблага. Эсэр, мабыць, быў хітрэйшы, чым выяўляў сябе ў гэтай камэры. Ну, але што рабіць, выбар у паручніка быў невялікі.

1 ... 77 78 79 80 81 82 83 84 85 ... 260
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)