Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
1 ... 85 86 87 88 89 90 91 92 93 ... 260
Перейти на страницу:

— Ты купіў кухвайку, а Дубчык — паўлітру.

— Не, тры бутэлькі купіў.

— Ну во, аж тры бутэлькі. I ўсё прапілі. Дык ці варта было плаціць тую кампэнсацыю. Вы ж усё роўна ў райфо вярнулі. I кухвайку прап’еш, — сказаў ён і каротка задаволена рагатнуў, пазіраючы на Снайпера-Івана, які ніякавата ёрзаў на мулкіх каранях.

— А што, болей няма? — іншым тонам папытаўся той пасьля нядоўгай паўзы.

— Не, болей няма. Скончылася, — паказаў гаспадар пустую бутэльку. — Хіба ў Дубчыка…

— Была ў сабакі хата! — безнадзейна заключыў Снайпер-Іван. — Пайду да Бараніхі схаджу.

У Бараніхі павінна штось быць — ці якая бутэлька самагонкі, ці хоць бы кіслага балгарскага віна, якое нікому не падабалася, бо слабое і добра ня вып’еш. Але, калі не было іншага, пілі, хіба толькі меней. Бо, казалі, віно — не гарэлка, многа ня вып’еш.

— Дык нам чакаць ці што? — папытаўся Ляплеўскі.

— Чакайце, — няпэўна азваўся Снайпер-Іван ужо з панадворку.

Ляплеўскі з Дубчыкам засталіся, дзе сядзелі. Абое курылі і, ня маючы вялікай ахвоты размаўляць, думалі кожны на свой лад. Ляплеўскі, хоць і ня быў ад прыроды маўчун, але, даўно адарваны ад вёскі, зь вяскоўцамі размаўляў мала. Па-першае, шмат з кім тое было нецікава, а па-другое, ён ужо напярод ведаў, што ад каго пачуе. Выключэньне рабіў хіба што за сталом ці за бутэлькай, калі інакш было неяк. Іншая справа выпіць. Але шкада, што выпіваць нельга было моўчкі, прыходзілася гаварыць, што заўжды было небясьпечна, асабліва ў вялікіх кампаніях. Ды й сам-насам таксама, бо не было ніякай гарантыі, што сабутэльнік — не падасланы сексот. Вось трохі выпілі з маўчуном Дубчыкам, але набрыў гэты балбатун Снайпер-Іван, і Ляплеўскі адчуваў: цяпер пачнецца надоўга. Хоць цяпер яго трымала тут ня так жаданьне дабавіць, ня Снайпер-Іван, як навіна, якую той толькі што прынес. Каб на цьвярозую галаву, можа б усё сталася іначай, а на хмельную Ляплеўскі рабіўся надта чульлівы: старыя крыўды нечакана ажывалі ў ягоных пачуцьцях і рабіліся амаль неадольнымі. Цяпер ён з трывогай думаў пра Вусава. Найперш — глядзі ты, не баіцца нічога, калі ў такую пару завітаў на месца выкрытага свайго злачынства, якое скрозь асуджана і людзьмі, і ўладай. На што разьлічвае чалавек, якога тут дзясяткі гадоў пракліналі вяскоўцы, які пакалечыў шмат якіх сем’яў, панішчыў нямала людзей?

Ляплеўскі ўсё жыцьцё перажываў за старэйшага брата Сяргея, які першы зь сям’і некалі выбіўся ў людзі і цягнуў за сабой астатніх. Яго пасьля школы ўладкаваў у настаўніцкі інстытут у Воршы, дзе рабіў сам, узяў на кватэру ў сваю каморку ў чыгуначным бараку, карміў, апранаў і выхоўваў. Выхоўваў, вядома ж, у камуністычным духу, як і належала сьвядомаму камуністу-выкладчыку. Вучыцца было нялёгка, не хапала ні харчоў, ні часу, і Сяргей кожны раз, як выходзіла якая пастанова ЦК партыі, раіў брату яе прачытаць, падказваў, якую скарыстаць дадатковую літаратуру. I ўсё прывучаў выступаць на сходках, быць актыўным камсамольцам, не ашывацца па закутках, ініцыятыўна і сьмела паводзіць сябе зь сябрамі, не губляючы, аднак, клясавай пільнасьці. Тое ня надта давалася ціхманаму малодшаму Ляплеўскаму, але ён стараўся. У інстытуце быў членам бюро камсамола, агітатарам, здаў нормы на значкі ГТО, ГСО, «Варашьшаўскі стралок». Разы два яго ўжо выклікалі на бяседу ў органы, здаецца, мелі штось на ўвазе. Штось, аднак, добрае, нават прыемнае для ягонага лёсу. I ён чакаў.

Але ўсё рухнула аднойчы паўночнай парой. Толькі ён заснуў, змораны над канспэктамі «Кароткага курсу ВКП(б)», як у шыбіну пастукалі. Сяргея не было дома, якраз за дзень да таго паехаў на вёску памагчы маці з дрывамі, ну, і прыхапіць сёе-тое з харчу для двух гарадзкіх сыноў. Ляплеўскі адчыніў, у каморку ўвалілася чалавек шэсьць энкавэдэшнікаў, паднялі Сяргееву жонку з грудным дзіцём, запатрабавалі гаспадара. Хлопец сказаў, што выкладчыка Ляплеўскага няма дома. «Где он, говори быстро!» — запатрабаваў галоўны чэкіст з кароткімі вусікамі пад носам-бульбінай. Некалькі часу Ляплеўскі вагаўся, гадаючы, казаць праўду, ці схлусіць. Але не стрываў і сказаў, як было, што брат у вёсцы. На вёсцы тае начы яго і ўзялі. Але ўжо ня той з вусікамі, а мясцовы ўпаўнаважаны, мардаты бязвусы Вусаў.

Пасьля шэраг гадоў да вайны і пасьля Ляплеўскі каяўся, што сказаў праўду, можа, трэба было паслаць іх у Віцебск ці ў Менск, — хай бы шукалі, трацілі час. А самому як-небудзь папярэдзіць брата, можа б і ўратаваўся, калі б зьехалі куды далей. Як гэта некаторыя рабілі тады. Але што было б самому, калі б тое яго ашуканства раскрылася? I без таго клопату яму хапала, часам ён ажно зайздросьціў брату, бо той зьнік невядома дзе; калі жыў, дык, мабыць, яго кармілі. Як было жыць яму — выключанаму з інстытуту, без жыльля, без прапіскі, бяз працы. Добра яшчэ, што пасьля некалькіх месяцаў бадзяньня па падстрэшшах і садках у знаёмых, уладкаваўся на чыгунку пуцявым рабочым, атрымаў карткі і нейкі заробак, які даў яму магчымасьць датрываць да вайны. У вайну трапіў пад акупацыю, ледзьве не памёр ад тыфусу ў роднай вёсцы, пасьля яго загрэблі ў Нямеччыну на Рурскія шахты… А пасьля вайны? Вэрбаваўся ў Карэла-Фінскую, вучыўся завочна і толькі тры гады таму выбіўся ў настаўнікі.

1 ... 85 86 87 88 89 90 91 92 93 ... 260
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)