Кліч роднага звона
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 985-05-0142-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Кліч роднага звона». Краткое содержание книги:
Праз некалькі дзён Усяслаў палавіну сваёй дружыны пакінуў у Руце, а з астатнімі воямі вярнуўся ў Навагародак. Пасля гэтай, дзякуй Богу, бяскроўнай, але ўсё ж узрушлівай i напружанай падзеі, зноў для яго павялося даволі звыклае жыццё. Без рэзкіх, неспакойна-трывожных усплёскаў, буйнай радасці ці пыхлівага гневу, са штодзённымі малапрыкметнымі, але патрэбнымі для княства, горада i сям'і турботамі ды клопатамі, што пасля, дзень за днём, месяц за месяцам, год за годам, стагоддзе за стагоддзем, збіраюцца, спрасоўваюцца, асядаюць пясчынкамі ў вечны пясок, i новыя нашчадкі зусім альбо амаль нічога не ведаюць пра гэта, жывучы кароткі век i толькі на сваім адрэзку пазнаючы свет, чужое i сваё, самаўпэўнена, а на самай справе вельмі памылкова лічаць, калі хтосьці i зрабіў штосьці вартае, калі хтосьці што-небудзь i пазнаў, дык гэта толькі яны...
Хоць, калі быць зусім праўдзівым, сёлета ўсё ж i ў штодзённай звыкласці былі свае свежыя навінкі: да слова, Усяслаў цяпер неяк іначай, болей узбуджаней i радасней, чым раней, сустрэў сакавіцкае адліжнае цяпло, калі i без сонца, у цёплым, нібы парным тумане асеў, паплыў снег, калі нечакана ў Навагародак аднекуль прыляцела плойма гракоў, што зацьміла сабой рэдкіх сарок, якія дагэтуль мігцелі чорнымі хвастамі на сметніках i адляталіся, калі хто адчыняў дзверы i выходзіў з хаты, ці адзінокіх варон, што, насупіўшыся ці ўсё выцікоўваючы, цярпліва i ў халадэчу сядзелі на плоце альбо на кранасной сцяне ці дрэве, гракі ўміг абселі высокія бярозы, ліпы i ўсчынілі такі радасны галас-гвалт, што ад яго аж закладала ў вушах; любуючыся, Усяслаў назіраў за дружнымі i вясёлымі ручаінкамі, за вялікай шумнай паводкаю, а затым, калі яшчэ не ўвесь сыйшоў снег, i за раннімі гэтай вясной бусламі, жаваранкамі, якія незвычайна хораша, клічучы цяпло, заліваючыся, апявалі з вышыні неба i гоні, што ўжо мясцінамі лёгка i весела зацешылі вочы зялёнай рунню, чорнай, а на болей падагрэтых пагорках i шараватай зямлёю, лапікамі паплавоў са старой травою; люд з узрушэннем, нават незразумелай прагаю да работы ўжо ўскапаў градку-другую цяжкога сырнягу каля дому, пасадзіў моркву, буракі, a ў зацішным сонцапёку i капусту на расаду i з хваляваннем пачаў чакаць таго часу, каб выйсці ў поле з сукаваткам!, смыкамі, раламі, разакамі, драпачамі i баронамі. Калі ж прыляцелі i засвісталі каля сваіх дамовак шпакі, дык i зусім павесялела на душы.
Усяславаў настрой быў не толькі ад таго, што вось i яшчэ раз, але па-новаму ці на сталейшыя вочы ды розум ідзе, бярэ сілу вясна, але i таму, што, бачачы змены i навіны (скажам, вось пракурлыкаў ужо высока ў небе жураўліны касяк, ціхенька ўночы прашмыгнулі над Навагародкам качкі да рэчак i азярын альбо вось ужо забухмаціліся коцікі на лазоўі, запахла зямлёй i падскочыла першая, дзікая зелянота, вельмі залівіста ўдзень звіняць дзіцячыя галасы, a ўночы чуецца адмысловы малады рогат ад узбуджанай, захмеленай крыві),— дык вось Усяславаў настрой сёлета падладжваўся i пад чаканне: вось тады i тады, калі тое ці іншае настане, абрадзініцца Любка.
Чым бліжэй да канца ачышчанага дажджамі i маланкамі, абгруканага громам, азелянелага, пахкага ад асыпанага яблыневага i грушавага квету, ад зацвілага бэзу травеня, тым большае яго было душэўнае ўзрушэнне.
Праўда, перад красавіком усё ж адна пабочная навіна змусіла часцей, чым звычайна, забіцца сэрца, а то трошкі i выбіла з каляіны. Гэта ад весткі з Холма: туды з Батыевага стану вярнуўся князь Даніла. Яго самы небяспечны супернік, Міхаіл Чарнігаўскі, не стаў на калені i не ўнізіўся перад манголамі, дык таго забіў ударамі нагі ў грудзіну, у сэрца, мангольскі кат-велікан, а вось князь Даніла (як i Аляксандр Неўскі) скарыўся, выявіў такія паслухмянства i паслужлівасць, што яго не толькі адпусцілі жывым, далі яму ярлык на яго ж вотчыну, але задаволены Батый паабяцаў яшчэ i ў любы час, калі папросіць Даніла, даць яму сваю сілу, каб ён уціхамірыў суседзяў-непрыяцеляў (бацьку Аляксандра Неўскага, вялікага князя Уладзіміра-Суздальскай зямлі Яраслава, Батый адаслаў у Каракорум, на выпрабаванне самога вялікага кагана).
Хоць князь Даніла «велми печален еси» — мабыць, з-за выцерпленых прыкрых уніжэнняў у Ардзе ды з-за нечаканай смерці любімай жонкі,— але тое, што яму падакляравала мангольская ваенная помач для яго карных акцый на карысць сабе i Батыю, насцярожыла i засмуціла Усяслава: Даніла цяпер — не проста галіцка-валынскі ўладар i мангольскі васал, віж, наглядач, ён — i карнік над суседнімі землямі. Над Навагародкам найперш. Будзе, канечне, мець пад пільным назіркам i Літву, Яцвязію, бліжэйшыя польскія, венгерскія землі.
Пад канец красавіка, змірыўшыся ад укленчванняў у Ардзе i ca стратай маці сваіх малых дзяцей, Даніла прыслаў у Навагародак ганца — каб якраз Усяслаў прыехаў у Холм пачуць ягоную волю. Князь Ізяслаў параіў яму не ехаць, не прысягаць на пакору, спаслацца на тое, што жонка «на сносях», а замест сябе паслаць Расціслава, няхай той, іхні ўгоднік i падлізнік, уважна, разявіўшы рот, выслухае ўсё i па-лёкайску запэўніць у вернасці. Расціслаў, праўда, крыху з насцярогай пачуў гэты «давер» сказаць слова за Навагародак, бо душой адчуваў іхні хітры ход, адгаворваўся, што ідзе вясна, хутка араць i сеяць, але ўрэшце падаўся з вялікім початам i падарункамі. Вярнуўся пад канец травеня i князю, яму, Усяславу, ды на Радзе хваліўся, што яго сустракалі з пашанотай (Голубаў чалавек з Холма перадаў іншае: князь Даніла вельмі незадаволіўся, што не прыехаў на паклон якраз ён, Усяслаў, ваявода, доўга не хацеў дапускаць у свой хорам іншага навагародскага пасланца: «Зачем мне этот жирний и ледачий[76] кабан?!», але ягоны дворскі Андрэй усё ж угаварыў зміласцівіцца i сустрэцца з «негарной»[77], але «услужливой нам людиною»), а яшчэ Расціслаў аж з захлёбам гаварыў пра тое, якую вялікую моц цяпер мае Даніла, што той ледзь не Батыеў дарадца па гэтым кавалку Еўропы i што той цяпер больш зоймецца Навагародкам, зноў верне яго пад сваю волю. Калі трэба будзе, дык i сілаю, нават i мангольскай. «Так i сказаў князь Даніла,— выпінаў Расціслаў,— Навагародак — вотчыну дзяцей Яраслававых — не адпушчу i Hiкому не аддам! Гэта — мае, толькі мае ўладанне!» Адным словам, Расціслаў фанабэрыўся, што ён зноў у сіле, ён нават па Данілавым наказе становіцца першым пасля князя Ізяслава. «Паехаў бы баярын Усяслаў у Холм, дык, можа, яму б была Данілава міласць,— не тоячыся, пераможна, нават дурнавата ў сваёй штучнай смеласці цешыўся Расціслаў.— Але баярын Усяслаў — адшчапенец-гардавус, яе захацеў накланіцца нашаму вярхоўнаму ўладару. Вось за гэта ён i пакараны, мусіць саступіць тут сярод баяраў i на Радзе першынство мне».
76
Лянівы, a ў пераносным значэнні паганы (укр.).
77
Непрываблівы (укр.).