Кліч роднага звона
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 985-05-0142-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Кліч роднага звона». Краткое содержание книги:
— Вы ж глядзіце яе,— разгублена папрасіў ён.
— Хіба ты не чуеш, што кажу?— усміхнулася тая, поўная, але яшчэ статная жанчына.— Не першы ж раз буду бабіць немаўля, бо не хачу на тым свеце зайцоў пасвіць... А ты, чалавеча, не слухаў бы гэтай бабскай раўні, як i ўсе, сам сышоў бы з дому. Паенчыць, палямантуе ды i родзіць, як i мы некалі раджалі.
— Не, Купаліна, я пабуду тут.
— Але ёй лягчэй было б, каб тут нікога старонняга не было.
— Ідзі туды, Купаліна, спрыяй ёй неяк.
— Відаць, што любіш сваю Любку,— тая была непарушная i ўрачыста вярнулася да цяжарнай, зачыніўшы за сабой шчыльна дзверы.
Ён, хоць ведаў, што сапраўды цяпер лепш яму, мужчыне, было б пакінуць дом, але не выйшаў, тупаў сюды-туды па вітальні, супакойваўся, калі Любка заціхала, i ажно дранцвеў, дрыжэў, калі яна зноў адчайна i роспачна лямантавала на ўсе свае маладыя лёгкія. I паколькі енк-лямант усё часцеў i мацнеў, Усяслаў адчуваў: набліжаецца тая хвіліна, калі Любка павінна вызваліцца ад дарагога, але цяжкага бярэмя, выпусціць на гэты свет таго, каго клапатліва i з любоўю вынасіла, стаць ужо не толькі паўнацэннай, мілай, але i свяшчэннай жанчынаю — МАЦІ. Калi пасля світання ўжо, калі святло ад свечачкі звузілася да невялікага жоўтага язычка на самой свечцы, Любчын адчай, роспач, боль, енк-лямант зліліся ў адзін зацяжны крык — мабыць, напружыліся аж да парываў яе мускулы i разыходзіліся косці. Усяслаў зажагнаўся i пачаў горача шаптаць: «Памажы ёй, Божа! Памажы ёй, Божа!», сам сабе, у думках, кленучыся, што, калі выйдзе ўсё добра, дык ніколі на Любку-пакутніцу не толькі не падыме рукі, але i не павысіць на яе голас. Калі ж яе крык перашчыкнуўся, замёр усярэдзіне, дык ужо загалакалі Марыля i Купаліна: «Не cпi! Тужся! Крычы!»— i, здаецца, хлісталі яе па шчоках, змушаючы тую зноў абудзіцца i сіліцца.
Усяслаў змалку ведаў, што калi раджае цяжарная, дык усіх выганяюць з дому i ў дом нікога не пускаюць, найперш дзяўчат, a калі якая заскочыць, дык яе змушаюць расплесці касу, а то i даць са свайго роту вады парадзісе. Паколькі ён быў у вітальні, паблізу ўваходных дзвярэй, дык ніхто не мог сюды нават паткнуцца; пасля, абдумаўшы, што яшчэ робяць, ён выйшаў на двор, i калі ўбачыў там Любаміра, які бадзяўся каля варыўні, загадаў таму:
— Бяжы да айца Кірылы i папрасі ад мяне, каб ён у царкве адчыніў царскія вароты.
Той, пачуўшы загад, не прамовіў ні слова, падаўся з двара. Невясёлы, нават пахмурны. Канечне, хацеў бы, каб сёння Любка нарадзіла дзіця ад яго.
Вярнуўшыся ў дом, Усяслаў зноў выйшаў на двор. I гэтак тры разы пераступіў парог. Потым тры разы абышоў стол на кухні, пастукваў нагамі аб падлогу, a венікам у столь — клікаў, прасіў дамавіка, каб той спрыяў Любцы.
Яна ж зноў, але на гэты раз яшчэ болей безнадзейна, нават нібы безвыходна зайшлася немым крыкам ды болем, а пасля зноў быццам праглынула свой лямант. Усяслаў наструніўся, аж холадна ўспацеў ды адчуў, што замірае сэрца: адтуль, з Любчынага пакоя, спачатку пачуўся тоненькі дзіцячы, але досыць звонкі піск, а за ім пачуліся ўсмешлівыя жаночыя галасы-ўсклікі, радасныя воклічы. Выдыхнуў паветра з грудзіны: дзякуй Богу, абрадзінілася, a дзіця жывое! Ён — зноў бацька! Цікава: хто ж у яго? Сын? Дачка?
Даволі хутка адчыніліся дзверы, i сюды вызірнула Купаліна. З усмешкаю ў лагодных вачах i на вуснах:
— Зайдзі, Усяслаў.
Ён, хвалюючыся не меней, чым некалі, калі станавіўся бацькам першы раз, паспяшаўся ў занавешаны i па-ранейшаму асветлены свечкамі пакой: Любка, белая, пакрытая потам, з пакусанымі i падсінелымі вуснамі, ляжала адкінуўшы набок галаву, а каля яе стаяла Марыля, шчасліва трымаючы на руках у беленькім прасцірадле невялікі згортачак.
— Жывая, жывая твая Любуся, праз сонцаварот які зноў будзе вось гэтак крычаць на ўвесь белы свет!..— супакоіла яго тая, бачачы, як ён спасцярожліва азірае парадзіху.— Разгарні прасцірадлачка, пабач, каго вы прыдбалі!
Чамусьці саромеючыся, ён адхінуў край прасцірадла і, бачачы зморшчанае, чырванаватае, не сказаць, каб цяпер вельмі прыгожае дзіця, «засмуціўся»:
— Хлопчык!
— Сын! — усцешліва прамовіла Марыля, добра ведаючы, што ён, маючы ўжо дачку, канечне ж, жадаў мець i сына.
Усяслаў зноў, нават яшчэ больш «замаркоціўся»:
— Які непрыгожы!
— Скажы, хлопча, такому «нядобраму» бацьку: буду прыгожы! — «падакарала» Усяслава Марыля.— Скажы, бачыш, цьфу-цьфу, усё на месцы, усё гожае: вочкі, вушкі, роцік, ручкі, ножкі, стручок! Моцненькі, хунтаў[78] каля дзесяці будзе! Воін! Баярын i, можа, новы наш ваявода! Будзе дарабляць тое, што яго дзед пачаў, што бацька рабіў!
78
Гутарка ідзе пра тагачасную вагу каля 4 кіло.