Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
1 ... 76 77 78 79 80 81 82 83 84 ... 260
Перейти на страницу:

— Можа яшчэ ахвіцэр?

— Афіцэр.

— Дык каго чакаць? Самы раз будзе. Ён кідаецца першы, я — у помач.

— Ага. Тут важна, каб усім разам, — прашамкаў Эсэр. — Ламануць — і ў калідор, а там — як пашанцуе.

— Толькі б не спазьніцца. А то могуць на золку вывесьці. Яны на золку возяць, — паведаміў Блатняк. Ну, вядома ж, на золку, пра тое паручнік ведаў, ужо недзе чуў ці чытаў, як возяць на кару злачынцаў. А цяпер вось тое загадкава-страшнае падышло да яго. Значыцца, каб не загінуць па-дурному, безабароннай авечкай, трэба скарыстаць хоць бы й невялікі шанец. Гэтыя людзі паспадзяваліся на яго, і ён павінны. Хоць бы, як больш дужы. I, можа, як больш здатны. Урэшце, як афіцэр. Ці ня ў тым цяпер ягоная місія — маленькая, амаль мікраскапічная місія ў вялізарным віры людзкіх нягодаў. Ён павінны пайсьці наперадзе і зьдзейсьніць самае, можа, рызыковае. Так трэба. А як яно выйдзе — тое залежыць ня толькі ад яго. Тут ужо — як будзе заўгодна госпаду Богу.

— Я зразумеў. Але ці ўсе згодныя? — запытаўся ён.

— Я згодны, — лёгка сказаў ягоны сусед.

— Я тожа, — пацьвердзіў Эсэр. У куце, чутна было, трохі паварушыўся, паўздыхаў Стары, мабыць, ягонае рашэньне давалася яму трудней, чым іншым. Але і ён згадзіўся:

— Што ж, калі ўсе мірам рашылі, дык… Адмаўляцца не па-хрысьціянску будзе. Ужо як-небудзь…

— Во і добра. А ты, маўчун, што? — зьвярнуўся да кагось нябачнага ў цемры Эсэр. — Ці ўсё сьпіш?

— Я ня сплю, — прагучаў зь цемры новы басавіты голас.

— Дык ты чуў? Ты згодны?

— Ды я вось… бегчы не магу, во якое дзела…

— Тады што ж, застанесься?

— Мабыць, застануся.

«Во, пачынаецца, — зь непрыемнасьцю падумаў паручнік. — Адзін стары, другі з вывіхнутай рукой, гэты бегчы ня можа. Што ж тады яны — удвох? Ці ўтрох? Але ці справяцца ўтрох? А калі тых будзе болей?» Была вялікая няпэўнасьць, занадта шмат што залежала ад выпадку, але што ж тады?.. Адмаўляцца, калі ўжо пагадзіўся, было нягожа, ён мусіў трымаць слова. Тым больш, калі на яго паспадзяваліся.

Ноч тым часам, мабыць, пераваліла за поўнач, у сутарэньні памалу рабілася цішэй. Галасы ў калідоры і за сьцяной патроху глухлі. Нехта пагаманіў яшчэ — мабыць, канваіры ў канцы калідора, пасьля стала ціха. Падобна было, падземная турма спакваля засынала. У гэтай жа камэры, аднак, ня спалі — цяжар нялёгкага клопату аблёг на ўстрывожаныя душы арыштантаў, прымусіў жывей забіцца іх спакутаваныя сэрцы.

— Галоўнае, ня кормяць, — сказаў Эсэр. — Значыць, штосьці ўдумалі.

— А што — тут і аслу вядома, — пагадзіўся Блатняк.

— А калі ў іх усё ж які іншы плян, — усьміхнуўся Стары. — Калі, напрыклад, сапсуўся аўтамабіль, дык, мабыць жа, праблема з падвозам.

— Праблему з падвозам можна вырашыць шляхам падносу. Хоць бы ў мяшках. Хлеба ці бульбы. А калі чатыры дні не нясуць, значыць, ня варта, — прашапялявіў Эсэр.

— Значыць, Гунькін роў! — у каторы раз напомніў сваё Блатняк.

Той яго напамін пачынаў ужо раздражняць паручніка, але ён устрымліваўся, думаючы цяпер пра іншае. Калі пашэнціць выбрацца з ЧК, дык куды бегчы далей? Ён тут даўно ня быў, знаёмых ня меў, шлях да маці даўгаваты, а лавіць, мусіць жа, будуць зацята. Зноў жа — як бегчы босаму па золкай веснавой гразі? Той яго клопат, аднак, быццам учуў Блатняк, які, чуваць было, штурхануў у бок Маўчуна.

— Ты, калі не пабяжыш, аддай боты ахвіцэру. Ён босы.

— Дык бярыце, — проста пагадзіўся Маўчун. Трохі пасопшы, ён зьдзёр з ног боты, і Блатняк перадаў іх у цемры паручніку.

— Абувайце.

Боты былі вялікія, добра растаптаныя, паручнік лёгка насунуў іх на свае босыя ногі.

— Такое дзела, — разважна казаў у куце Стары. — Можа, каму й пашанцуе, дык… Каб ведалі. Я вучыцель са Старыцы, Сергіеня маё прозьвішча. У мяне сын на румынскім фронце быў, цяпер ня знаю… другі паў пад Смаргонямі. А я вось…

— А цябе ў ЧК шлёпнуць. Калі не драпанеш, — груба зазначыў Блатняк, і тое не спадабалася Эсэру.

— Ну ты, далікатней! Нельга ж так: шлёпнуць, шлёпнуць.

— Ды не, яго пашкадуюць. Гэта мяне шлёпнуць. Дык што ж, я плакаць буду? Хай па мне плачуць. У Воршы абальецца сьлязьмі Любка, у Суражы Анастасься, а ў Піцеры Волечка. Волечка асабліва сардэчная была, любіла ў любоў гуляць.

— Мабыць, адлюбілася…

— А гэта яшчэ пабачым, — падбадзёрваў сябе Блатняк. — Я хлапец спрытны. Не глядзі, што мізэрны.

— А родам адкуль?

— Ды тутэйшы. Прыехаў на пару дзён і засыпаўся.

— I я недалёка адсюль. Горад Горкі, чулі? На каморніка вучыўся. Да катаргі.

— Катаржнік?

— А як жа! Паліткатаржанін. Шэсьць гадоў адтрубіў у Забайкальлі. Калі б не рэвалюцыя, яшчэ чатыры гады трубіць.

1 ... 76 77 78 79 80 81 82 83 84 ... 260
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)