Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
1 ... 80 81 82 83 84 85 86 87 88 ... 221
Перейти на страницу:

— А вінтоўка хай тут пабудзе.

Лейтэнант не пярэчыў, і Півавараў зняў з дзягі абодва брызентавыя падсумкі, лязгнуў абоймамі і паклаў іх на падлогу ля лаўкі.

— Вінтоўка харошая: бой у самую цэль. Старшына прыстрэльваў.

Іваноўскі рассеяна слухаў байца і думаў, што вінтоўка, некалькі абоймаў патронаў, супрацьтанкавая граната, дзве бутэлькі КС — напэўна, гэтага будзе даволі. Пашанцуе — ён дачакаецца Піваварава з лыжамі, і, можа, яны яшчэ нешта зробяць. А не, дык будзе з чым пастаяць за сябе да канца.

Півавараў пераматаў і другую анучу, падцягнуў дзягу і з яўным задавальненнем закінуў за плячо аўтамат. Здаецца, ён ужо быў гатовы выправіцца ў недалёкі, але хто ведае, наколькі бяспечны свой шлях.

— Каторая на вашых там? Пяць ужо? Ну, я за гадзінку ўпраўлюся. Тут недалёка…

За якую гадзіну ён управіцца, і яны зноў будуць разам. У хвіліну новага расстання Іваноўскі адчуў, як увогуле няблага яму было з гэтым ціхмяным, цягавітым хлопцам і як, напэўна, нялёгка будзе цяпер, у адзіноце, перажыць гадзіну. Раз’яднанасць значна аслабляла іх сілы. У дзеянне ўступала дзіўная, не зусім суладная з матэматыкай логіка, калі два падзеленыя напалам складалі менш за адзінку, у той час як у іншых выпадках дзве разам складзеныя адзінкі былі болей, чым два. Напэўна, такое не надта супадала і з нармальнай логікай і было магчыма толькі на гэтай вайне. Але што гэта менавіта так, лейтэнант вельмі добра вывучыў на ўласным вопыце.

Баец быў гатовы ісці, але чамусь марудзіў, напэўна, не хапала яшчэ нейкай драбніцы ў іх развітанні. Іваноўскі ведаў, у чым была гэта драбніца, і ён вагаўся. Паявілася апошняя магчымасць паткнуцца ў тую праклятую вёску і паспрабаваць што-колечы выведаць пра той штаб. Хоць бы ў агульных рысах, каб не з пустымі рукамі з’явіцца перад генералам і хоць бы ў малой ступені апраўдаць іх прыкрую няўдачу з базай. Але ён не мог не ведаць таксама, што самая малая неасцярожнасць Піваварава магла абярнуцца адразу трайною бядой, назаўсёды пахаваўшы іх і без таго нікчэмную магчымасць выканаць свой абавязак і жывымі вярнуцца да сваіх.

— Дык я пайду, таварыш лейтэнант, — рашыўся Півавараў і ступіў да парога.

Лейтэнант сказаў:

— Пагадзі. Ведаеш… Я не загадваю, глядзі сам. Але… Можа, як-небудзь… Што там, у вёсцы? Каб дазнацца як…

Ён змоўк, Півавараў насцярожана чакаў, але, не дачакаўшыся болей нічога, сказаў проста:

— Добра. Я паспрабую.

Штось у Іваноўскім нязгодна запратэставала, амаль закрычала ў яго прастрэленых грудзях. Што значыць — паспрабую, ад спробы не шмат карысці, тут патрэбны вужачая хітрасць, упартасць, вытрымка, і то, апроч усяго, трэба яшчэ рызыкаваць жыццём. Але ён не мог гэтага растлумачыць байцу, штось перашкаджала яму гаварыць пра трагічныя, хоць і звычайныя на вайне рэчы, да таго ж ён ледзьве адужваў у сабе слабасць і боль. I ён толькі ўздыхнуў:

— Глядзі, асцярожна…

— Ды ладна. Вы не турбуйцеся. Я ціхенька…

— Добра. I нядоўга…

— Ну. Во тут вадзіцы вам, — баец зачарпнуў у дзежцы і паставіў ля яго бляшанку з вадой. — Калі піць захочаце…

Стомлены труднай размовай, Іваноўскі заплюшчыў вочы. Ён чуў, як Півавараў выйшаў у прылазнік, не адразу, асцярожна адчыніў там дзверы і ціха прыстукнуў імі знадворку. Хвіліну яшчэ яму чутны былі за сцяной яго крокі, яны хутка аддаляліся, і з імі аддалялася нейкая надзея; здавалася, штосьці для іх канчалася, не пачаўшы новага. Ён стаў чакаць, упарта ўслухоўваўся ў кожны шолах ветру на даху, кожны аддалены гук у вёсцы, ад гэтай хвіліны ён жыў у трывожным, скупым свеце гукаў, часам прыглушаных уласным кашлем і глухім, надакучлівым хрыпам у грудзях.

Памалу слых яго стаў прытупляцца, вакол было ціха, і ягонай свядомасцю завалодалі думкі, якія дзівосна віліся ў часе і прасторы. Здаецца, ён пачынаў драмаць, і тады сярод ірэальнай бязглуздзіцы выплывала штосьці падобнае на быль ці яго мінулае, якое трывожыла і соладка гняло адначасна…

11

Да адпраўлення цягніка заставалася некалькі апошніх хвілін, а яна стаяла на платформе і плакала. Ніхто, відаць, яе тут не праводзіў і ніхто не чакаў, наогул народу ў гэты ранішні час на пероне было няшмат, і Іваноўскі, ступіўшы на прыступак ніжэй, жартоўна гукнуў дзяўчыну:

— Гэй, бялявая, навошта плакаць? Другога знойдзем.

1 ... 80 81 82 83 84 85 86 87 88 ... 221
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)