Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0122-2
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
— I нават бялілы забралі. Татку везла. У нас цяпер бяліл не дастаць.
— А што, бацька — маляр?
— Мастак, — проста сказала Янінка. — А з фарбамі цяпер кепска. Раней мы фарбы з Варшавы выпісвалі.
Нарэшце цягнік прыбыў на станцыю Гродна, і яны, трохі хвалюючыся, сышлі на перон. Янінка са сваім пустым чамаданчыкам у руках павяла іх да штаба арміі, які быў ёй па дарозе. Але ў штабе, апроч дзяжурнага, нікога больш не аказалася, трэба было чакаць да ранку. Пераначаваць можна было тут або ў гарнізоннай гасцініцы, лейтэнанты, аднак не сталі шукаць гасцініцу і прынеслі свае рэчы ў нейкі маленькі, падобны на капцёрку пакойчык з трыма салдацкімі ложкамі каля сцен. Тамолка адразу ж пачаў уладкоўвацца на тым, што стаяў у куце пад нішай, а Ігар, крыху выцершы з ботаў пыл, заспяшаўся на вуліцу, дзе на бліжэйшым рагу пад каштанам яго ўжо чакала Яніна. Яна шчыра ўзрадавалася яго паяўленню і яшчэ болей таму, што ён быў вольны да заўтра, і яны пайшлі па вечаровае вуліцы горада, усё ў якім было для яго незвычайна цікавае.
За тыя пару гадзін, якія яны з Мікалаем прабылі ў штабе, Янінка паспела прыбрацца і цяпер была ў цёмнай ладнай спаднічцы і светлай шаўковай кофтачцы з маленькім белым каўнерыкам каля тонкай шыі, на яе нагах цвёрда пастуквалі высокія абцасікі модных туфляў. Прыбраная, яна здавалася старэйшай за свае юныя гады і вышэйшаю ростам — амаль упоравень з яго плячом. Яны ўсё ішлі вуліцай, і яму было невыказна прыемна, што яе тут многія ведалі і паважна віталіся: мужчыны — пачціва дакранаючыся рукой да капелюша, а жанчыны — ветлівым кіўком галавы з добразычліваю ўсмешкай на лагодных тварах. Яна адказвала з падкрэсленай ветлівасцю, але і з нейкаю няўлоўнай годнасцю і стрымана, напаўголаса апавядала яму пра тое цікавае, што траплялася ім на вуліцы.
— Вось наша Раскоша, так яна раней называлася. Нічога асаблівага, але во царква, пабудаваная ў памяць забітых на руска-японскай вайне. Нізенькая, праўда, але вельмі акуратная цэркаўка. Я там хрысцілася. А далей, бачыце, такія смешныя домікі, вунь цэлы рад, з франтончыкамі накшталт петушыных грабеньчыкаў. Гэта дамы тэкстыльшчыкаў з Ліена. Ага, не здзіўляйцеся. У васемнаццатым стагоддзі Тызенгауз выпісаў з Ліёна ткачоў і пабудаваў для іх такія самыя домікі, як у Францыі. Во стаяць і дагэтуль. А то вунь дом польскай пісьменніцы Элізы Ажэшковай, яна тут жыла і памерла. Ведаеце, цікава пісала.
Гарадок яму сапраўды падабаўся сціплай, але абжытай утульнасцю сваіх брукаваных вулічак з вузенькімі, выкладзенымі пліткамі тратуарамі, якія былі дбайна аздоблены гладкімі каменнымі скосамі. На сценах многіх дамоў кучарава зелянеў вінаград, некаторыя з іх да трэціх паверхаў былі ўвіты яго ўчэпістаю лазой. Але болей за ўсё ён чакаў сустрэчы з расхваленым Янінкай Нёманам, які, як яна сказала, працякаў тут жа, дзелячы горад на дзве няроўныя часткі.
Каля гатычнай грамады касцёла вуліца павяртала ўбок, і яны ціха пайшлі ўздоўж гандлёвых радоў і гарадской ратушы. На рагу пад каштанамі нейкая жанчына гандлявала марожаным, і Янінка, якая ўвесь час ішла поруч, лёгенька дакранулася да яго локця.
— Ігар, можна мне папрасіць вас?..
— Калі ласка, — са шчырай гатоўнасцю выканаць самую яе неверагодную просьбу азваўся ён.
— Ведаеце, я даўно марыла… Ну гэта… Каб мяне хлопец пачаставаў марожаным.
— Ах, марожаным!..
Іваноўскі амаль жахнуўся, падумаўшы, які ж ён вахлак, калі сам не здагадаўся аб гэтым! Але ён, здаецца, і не заўважыў гэтай прадаўшчыцы, так быў захоплены вуліцай, радам каштанаў за агароджай касцёла, яму проста было няўцям, чаго магла пажадаць ягоная багіня.
— Прошэ, паненка! Дзенькую гжэчнэго пана, — падзякавала прадаўшчыца, калі ён адмовіўся ад некалькіх капсек рэшты.
— Дзенькуе, пані Вандзя, — у сваю чаргу цырымонна падзякавала Яніна, прымаючы з рук старой жанчыны вафельныя скрылёчкі з марожаным паміж імі.
У канцы кароценькай вуліцы над ліпамі засвяціўся такі шырокі прасцяг, які можа адкрыцца толькі з вельмі высокага ўзгорка, і яны хутка выйшлі на каменны мост цераз роў. Гэта быў уезд у старажытны, з паўразбуранымі сценамі замак, па другі бок ад якога ў глыбіні парку высіўся раскошны палац за фігурнай рашоткай агароджы.
— Замак караля Польшчы Баторыя, — урачыста аб’явіла Янінка. — А гэта Новы замак. А цяпер зірні вунь туды. Бачыш?