Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0122-2
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
Ён зірнуў цераз каменны, амаль у чалавечы рост парапет і ўнутрана ахнуў ад вышыні, на якой яны апынуліся. Далёка ўнізе па каменных прыступках лесвіцы рухаліся маленькія фігуркі людзей, якія расходзіліся па абодва бакі набярэжнай, што плаўна агінала бераг і дзесьці знікала пад густой навіссю дрэў.
— Ну, бачыш? Як табе падабаецца? — хінучыся да ягонага локця, пыталася Янінка.
Старажытныя, змураваныя з вялізных камянёў сцены замка, гэты цяжкі, аграмадны, перакінуты цераз каменную лесвіцу мост, вялізныя масівы зеляніны на пагорках, высачэзны, уладарны над горадам слуп гарадской каланчы паблізу, вядома, не маглі не спадабацца яму, і ён гатовы быў аглядаць усё гэта да вечара. А вось Нёман з такой вышыні ніяк не ўразіў яго — звычайная, сярэдняй велічыні, заціснутая высокімі берагамі, рака. Помніцца, азёрныя прасторы куды з большаю сілай краналі яго пачуцці. Затое Янінка была ў захапленні менавіта ад Нёмана і нязмоўчна шчабятала ля яго вуха:
— Паглядзі, паглядзі туды. Бачыш, якое цячэнне! Бачыш быстрак! Вунь там, пад вербамі, такія віры! Ого! Толькі сунься — закружыць, панясе, не выберашся.
Яны прайшлі трохі назад і па той самай гранітнай лесвіцы спусціліся да ракі. Не, усё ж рака была цудоўная, мабыць, з вышыні ён проста не ацаніў яе належным чынам. На яе правым беразе зелянела добраўпарадкаваная, абсаджаная дрэвамі набярэжная, справа высіліся вялізныя, пакрэсленыя сцежкамі адхоны з рэштаю крапасных сцен наверсе. Рака плаўным паваротам хавалася за недалёкімі абрывамі, на якіх высіліся суцэльныя шапкі вербаў, там жа канчаўся горад, і далей сінеў хвойны лес, за які садзілася сонца. Яны памалу ішлі ўздоўж Нёмана, і Янінка ўсё гаварыла і гаварыла штось не вельмі абавязковае ў гэтую хвіліну вечаровага хараства, а ён думаў, як усё ж дзіўна ўладкавана жыццё. Да сённяшняй раніцы ён і не падазраваў аб яе існаванні на гэтай зямлі выпадкам убачыў яе ў Баранавічах і звярнуўся з дурным, па сутнасці, жартам, з якім, напэўна, не павінен быў бы звяртацца выхаваны малады чалавек. А цяпер вось, прабыўшы з ёй дзень, ён не ведаў ужо, як быць далей — далейшае жыццё без яе проста траціла для яго ўсю сваю радасць.
Яны доўга ішлі так па беразе і, калі сонца зусім схавалася за зубчастаю сцяной лесу, павярнулі назад да горада. Слухаючы часты перастук яе абцасікаў побач, ён невыразна адчуваў, як штосьці ў ягоным жыцці дзівосна перайначваецца, набываючы невядомы, але вельмі дарагі яму сэнс. I ён быў рады таму, амаль шчаслівы. Побач ледзьве прыкметна струменіла бліскучая гладзь Нёмана, людныя ўдзень берагі нанач прыкметна пусцелі, стомленыя за дзень рыбакі адзін за адным складвалі свае вудзільны і ішлі ў горад. Між цёмных узбярэжных камянёў ціха плёхалі дробныя хвалі і зыбка гойдаліся чорныя, поўныя смалістага паху чаўны. Аграмадныя вербы, навісшы над набярэжнай, клалі на яе густы змрок, у якім адзін за адным знікалі прахожыя. У паветры чуўся саладкаваты пах дыму і даносілася прыціхлае вечаровае дыханне горада.
У густым летнім змроку цёплае ночы Янінка прыкметна пасмялела, напэўна, канчаткова адолеўшы тое, што раздзяляла іх удзень, і цяпер ішла зусім поруч, лёгенька дакранаючыся пальцамі да яго локця. Неяк неўпрыцям для яго яна перайшла на ты, і ён таксама некалькі разоў сказаў ёй ты, абаім стала надзіва проста, канчаткова знікла дзённая няёмкасць і незразумелая нацягнутасць, якая нядаўна была між імі.
Як толькі яны ступілі пад вербы, у густы, вільготны змрок ночы, Янінка, нічога не кажучы, раптам кінулася лезці кудысь па травяністым схіле ўгору. Ён спыніўся ў нерашучасці, ашчаджаючы свае хромавыя выхадныя боты, але яна з цемры падбадзёрыла яго — давай, давай! — і сама хутка палезла між калючых кустоў, усё вышэй, на кручу. Ён не бачыў, што было наверсе, паўнеба там закрывала нешта, падобнае на раскідзістую крону дрэва, але ён адчуў у яе голасе змоўніцкі азарт таямніцы і таксама палез у зараснікі. Скінуўшы з ног туфлі, Янінка караскалася ўсё вышэй, зводдаль прыгаворваючы яму напаўголаса:
— Зараз ты нешта пабачыш. Зараз, зараз…
Праз якую хвіліну ён адолеў самае крутое месца і хоць абадраў да крыві руку, але ўзлез на край нешырокай, абнесенай рашоткай тэрасы, ад гладкіх камянёў якой яшчэ ішло прыемнае дзённае цяпло. Побач, закрыўшы палову неба, высілася магутнае старое дрэва і паднімалася стромкая сцяна нейкай будыніны. Вакол было ціха і цёмна, знізу, з-пад вербаў, ледзьве даносіўся ціхі плёск Нёмана, пахла вапнай ад сцен і кропам з недалёкіх, напэўна, гародаў.
— Ну, ты зразумеў? Ты зразумеў, што гэта такое?
— А што?
— Каложа — во што! Дванаццатае стагоддзе, ты зразумеў?
— Цяпер зразумеў. Але каб паглядзець…