Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0122-2
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
У нейкай лагчыне з даволі глыбокім снегам яны нерашуча спыніліся раз і другі. Півавараў, падтрымліваючы лейтэнанта, спрабаваў разгледзець штосьці наперадзе, што лейтэнант не адразу і заўважыў. Пасля, прыгледзеўшыся праз згусцелую ўначы завіруху, ён таксама ўбачыў невыразную цёмную пляму, памеры якой, як і адлегласць да яе, угадаць было немагчыма. Гэта мог быць і куст побач, і нейкая будыніна воддаль, і дрэва — елка ці сасна на ўзлеску. Тым не менш гэтая пляма насцярожыла абодвух, і, падумаўшы, Півавараў апусціў Іваноўскага долу.
— Я схаджу, гляну…
Лейтэнант не адказаў, размаўляць было вельмі пакутліва, дыхаў ён з хрыпам, часта плюючы ў снег. Рукавом халата выцер мокрыя вусны, і на белай мокрай тканіне засталася цёмная пляма ад крыві.
«Вось, напэўна, і ўсё… Калі ўжо з рота ідзе кроў, дык, мабыць, нядоўга працягнеш», — нявесела падумаў ён, лежачы на снезе.
Галава хілілася долу, і перад вачыма скакалі вогненна-чырвоныя бліскаўкі. Але свядомасць яго па-ранейшаму была чыстая, і свядомасць гэтая вымушала змагацца за сябе і за гэтага вось байца, цяперашняга яго выратоўцу. Выратоўца, вядома, сам ледзьве стаяў на нагах, але дагэтуль лейтэнант не мог ні ў чым папракнуць яго — там, у вёсцы, і ў полі Півавараў паводзіў сябе самым пахвальным чынам. Цяпер, адчуўшы нейкую перавагу перад камандзірам, ён прыкметна ажыў, стаў болей упэўнены ў сабе, увішны, і лейтэнант з радасцю падумаў, што ў выбары памочніка не памыліўся.
Некалькі хвілін ён самотна чакаў, паныла прыслухоўваючыся да нутранога клёкату ў прастрэленых грудзях. Побач ляжаў рэчмяшок Піваварава, і лейтэнант падумаў, што, мабыць, трэба ім разгрузіцца, выкінуць частку ношы. Цяпер ужо вялікі прыпас не патрэбны, будзе трэба асабістая зброя, патроны, гранаты. Бутэлькі з КС, мабыць, трэба дзесьці пакінуць. Але, знясілеўшы, ён не мог нават развязаць рэчмяшок і толькі знямогла хіліўся галавой долу Ён не адразу заўважыў, як з мільготкіх прыцемак з’явіўся белы цень Піваварава, які ўзрадавана загаварыў здаля:
— Таварыш лейтэнант, лазня! Лазня там, разумееце, і нікога няма.
«Лазня — гэта добра», — падумаў Іваноўскі і моўчкі, з намаганнем пачаў уставаць на ногі. Півавараў падабраў рэчмяшок, ППД, памог устаць лейтэнанту, і яны зноў пабрылі да недалёкай, прытуманенай уначы будыніны.
Сапраўды, гэта была маленькая, зрубленая з яловых вяршалін вясковая лазня. Півавараў адкінуў нагой палку-падпору, і нізкія дзверы самі сабой расчыніліся. Увагнуўшы галаву і хапаючыся рукамі за сцены, Іваноўскі ўлез у яе цёмную, смярдзючую дымам цеснату, павёў па баках рукамі, намацаў гладкі шост, шархоткія сухія венікі на сцяне. Півавараў тым часам расчыніў яшчэ адны дзверы, і ў прылазніку моцна запахла дымам, попелам, бярозавай гніллю. Баец увайшоў туды і неўзабаве гукнуў лейтэнанта:
— Давайце сюды. Тут во лаўкі есць… Зараз састаўлю…
Іваноўскі ўчэпіста трымаўся за вушак, але пераступіў парог і, намацаўшы лаўкі, з хрыплым выдыхам выцягнуўся на іх, упёршыся нагамі ў сцяну.
— Зачыні дзверы.
— Зараз, зараз. Во тут і саломы крыху. Давайце — пад галаву.
Лейтэнант моўчкі прыўзняў галаву, даючы падкласці пад сябе ахапак саломы, і знясілена заплюшчыў вочы. Праз хвіліну ён ужо не мог зразумець, ці засынаў, ці, можа, траціў прытомнасць; агнянае ззянне ў вачах стала суцэльным, бясконца і пакутліва кружылася ў галаве, цягнула ванітаваць. Ён паспрабаваў павярнуцца на бок, але ўжо не адолеў свайго налітага знямоглым цяжарам цела і, здаецца, сапраўды страціў прытомнасць…
Ачуньваў ён доўга і пакутліва, яго бралі дрыжыкі, вельмі хацелася піць, і ён доўга не мог разняць засмяглыя вусны і папрасіць вады. Ён толькі з натугай расплюшчыў вочы, калі адчуў нейкі рух побач, — з прылазніка паявіўся белы цень Піваварава з адкінутым на патыліцу капюшонам і яго аўтаматам у руках. У лазні было змрочна-шэра, але маленькае акенца ў сцяне свяцілася ўжо, як удзень, ясна прасвечвалі ўсе шчыліны ў прылазніку, і лейтэнант зразумеў, што настаў ранак. Піваварава, аднак, нешта яўна трывожыла, прыгнуўшыся, баец прыпаў да маленькага акенца, штось пільна выглядаючы там.
Іваноўскі паспрабаваў павярнуцца на бок, у грудзях яго захрыпела, працяжна, з прысвістам, і ён закашляўся. Адскочыўшы ад акенца, Півавараў падаўся да камандзіра.
— Ну як вы, таварыш лейтэнант?
— Нічога, нічога…
Ён чакаў, што Півавараў і яшчэ пра нешта спытаецца, але баец не запытаўся нічога, а неяк адразу прыціх і прыгнуўся ўсё ля таго ж акенца. Пасля ён сказаў прыглушаным шэптам:
— Вунь, немцы ў вёсцы.