Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
1 ... 81 82 83 84 85 86 87 88 89 ... 221
Перейти на страницу:

Сказана гэта было з бяздумнаю дарожнай лёгкасцю ў адносінах між людзьмі, якія выпадкам спаткаліся і тут жа расстаюцца, каб ніколі больш не сустрэцца. Але дзяўчына ражком стракатай, завязанай на шыі касынкі выцерла вочы і кінула на яго востры, кароценькі позірк. Тым часам цягнік даў гудок. Ззаду за Ігарам, трымаючыся за поручань, навісаў Коля Тамолка; абодва яны былі ў добрым, прыўзнятым настроі і, здавалася, усякае гора маглі перавесці на жарт.

— А то давай з намі. Да Беластока!

Дзяўчына машынальна паправіла на тонкай шыі касынку, зноў акінула позіркам твары двух апранутых ва ўсё новае ваенных хлопцаў, і на яе вуснах ужо трапянулася лёгкая ўсмешка, якая і засведчыла змену ў яе настроі.

— А мне ў Гродна.

— Якое супадзенне! — жартоўна здзівіўся Іваноўскі. — Нам таксама. Паехалі разам!

Яна не прымусіла сябе ўпрошваць, падхапіла чамаданчык, які стаяў каля ног, і спрытна ўчапілася за поручань. Іваноўскі падтрымаў яе, Тамолка пастараніўся, і некалькі збянтэжаная і ўзрадаваная такім паваротам справы новая пасажырка паднялася на пляцоўку вагона.

— Білет, білет, грамадзяначка! — тут жа патрэбаваў у яе мітуслівы дзядзька-праваднік, які з флажкамі ў руках спяшаўся да выхаду.

— Ёсць, ёсць білет! Усё ў парадку! — тонам, які не пакідаў ценю сумнення, сказаў Іваноўскі, праціскаючыся паперадзе яе ў вагон.

Ён павёў дзяўчыну ў пятае ці шостае купэ, дзе яны атабарыліся з Тамолкам, сам нёс у руцэ яе чамаданчык, які здаўся яму надта лёгкі, хутчэй за ўсё пусты. Коля лез следам, і дзяўчына, прыціхшы, ішла паміж імі, кідаючы па баках ніякаватыя, трошкі збянтэжаныя позіркі.

— Во, калі ласка. Можаце займаць маю. Я ўзлезу наверх, — з гасціннай лёгкасцю прапанаваў Іваноўскі сваю ніжнюю полку і апусціў чамаданчык.

Яна паслухмяна прысела ля акна і не адразу, адолеўшы яўную збянтэжанасць, ціха сказала:

— А ў мяне білета няма.

— Што — не хапіла?

— Укралі…

— Як?

— Ноччу. У цягніку з Мінска.

Гэта было горш. Здаецца, яны бралі на сябе трохі празмерную адказнасць, парушаючы строгі парадак чыгункі, за што магло нагарэць абодвум. Але як было адступаць? Ігар зірнуў на Міколу і прачытаў на яго грубаватым, заўжды нахмураным твары рашучасць стаяць на сваім. Сапраўды як было цяпер дапусціць, каб пакрыўдзілі таго, хто гэтак прастадушна і даверліва пайшоў за імі?

— Нічога. З правадніком дамовімся.

Але дамаўляцца мусілі не толькі з правадніком, а яшчэ і з рэвізорам, і з брыгадзірам цягніка, і перагаворы гэтыя скончыліся тым, што на нейкай станцыі, дзе неўзабаве спыніўся цягнік, Іваноўскі збегаў у вакзальную касу і ледзьве паспеў аформіць білет на ўжо занятае ёю месца. Білет быў да Гродна, і дзяўчына прыкметна павесялела, нават заўсміхалася. Яна аказалася разгаворлівай і ўвогуле прыемнай дзяўчынай і хутка не без гумару расказвала ім аб сваіх дарожных прыгодах. Аказалася, што яна жыве ў Гродна і ў Мінск ездзіла да сваякоў, якіх ніколі не бачыла, і тут такое няшчасце ў вагоне. У яе ўсё начыста выграблі з яе чамаданчыка, апроч таго, узялі плашчык, жакет і, ведама, усе грошы. Але вось яна ўратавана і цяпер вельмі ўдзячна абодвум за іх велікадушную дапамогу.

— Ды ну, пра што гаварыць! — адмахнуўся Іваноўскі і перавёў размову на іншае: — А вы даўно жывяце ў Гродна?

— Там і нарадзілася.

— Ого! Значыць, тутэйшая?

— Ну.

— А так добра гаворыце па-руску?

— А ў нас дома заўжды гаварылі па-руску. У мяне бацька рускі, і цётка, яго сястра, таксама руская. Толькі мама полька.

— А дзе вы вучыліся?

— У польскай гімназіі. Рускіх жа ў нас не было.

— А як вас завуць? — усё больш цікавіўся Ігар.

— Янінка. А вас — калі не вайсковая тайна? — амаль ужо какетліва ўсміхнулася яна.

— Мяне Ігар, а яго Мікалай.

— У мяне дзядзька, што ў Мінску, таксама Ігар. Ігар Пятровіч. А вы да нас служыць едзеце?

Тут ужо яны пераглянуліся, гэта сапраўды ў нейкай меры адносілася да строгай вайсковай тайны, з лёгкасцю, аднак, разгаданай іх спадарожніцай. Але што тут было таіцца? Сапраўды, тыдзень назад, пасля сканчэння вучылішча, яны атрымалі назначэнне ў армію, штаб якой размяшчаўся ў гэтай яе Гродні.

— Падобна, што так, — няпэўна сказаў Іваноўскі. — А што гэты Гродна — нішто гарадок?

— Вельмі добры горад. Не пашкадуеце.

— Думаеш, нас у Гродна пакінуць? — з уласцівым для яго скептыцызмам сказаў Тамолка. — Запруць куды-небудзь у лясны гарнізон.

— О, дык у лесе ж цудоўна! У нас такія лясы! Дзіва! — поўная захаплення загаварыла Янінка.

Іваноўскі змоўчаў. Ягоныя адносіны да лесу, нават самага прыгожага, не супадалі з захапленнем гэтай дзяўчыны. Бывала, у вучылішчы, у шматмесячных летніх лагерах, лясы, палі, уся гэта аддаленасць ад пастаяннага месца жыхарства з яго хай сабе несамавітым, але наладжаным бытам так надакучвалі пад восень, што самая багатая прырода рабілася невыноснай — хацелася ў горад. Правільна кімсьці сказана, што ваенныя не заўважаюць прыроды, для іх болей важна надвор’е.

1 ... 81 82 83 84 85 86 87 88 89 ... 221
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)