Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
1 ... 78 79 80 81 82 83 84 85 86 ... 221
Перейти на страницу:

Але як жа яму цяпер, калі немагчыма і забіць? Ён мог толькі забіць сябе. Як бы ён ні цешыў сябе ды і Піваварава, як бы ні пяўся да дзеяння, ён не мог не разумець тую простую Ісціну, што з прастрэленымі грудзьмі ён не ваяка.

Тады што ж — ціха памерці ў гэтай лазні?

Не, толькі не гэта! Гэта было жахліва, агідна, амаль подла ў адносінах да сябе, да гэтага байца, якога ён таксама асуджаў на пагібель, у адносінах да ўсіх сваіх. Пакуль жывы, ён гэтага сабе не дазволіць.

Ён нават спалохаўся ад гэтай недарэчнай думкі і прахапіўся з кароткага забыцця. Трэба было нешта прыдумаць, штосьці зрабіць, магчыма, зрабіць зараз жа, не трацячы ні адной хвіліны жыцця, бо пасля можа быць позна…

Кідаючыся ў ліхаманкавых думках, ён доўга, пакутліва перабіраў усе магчымыя варыянты для паратунку і не знаходзіў нічога. Тады зноў наступілі знямога, абыякавасць, гатоўнасць цярпліва чакаць да ночы.

«Праклятая вёска! — каторы ўжо раз паўтараў ён сабе. — Яна яго загубіла. I трэба было так недарэчна наткнуцца на гэтага фрыца, які падняў крык, улезці ў перастрэлку, атрымаць кулю ў грудзі… Але ўсё ж нешта там ёсць. Гэтая цемра і сцішанасць, несумненна, былі штучныя, падтрыманыя строгай дысцыплінай, немагчымай без цвёрдай улады вялікага начальства. Зноў жа антэны… Хутчэй за ўсё там размясціўся нейкі вялікі, можа, нават армейскі іх штаб, бо ў глыбокім тыле маленькага штаба не будзе. Як дарэчы было б нанесці па ім удар! Але як нанясеш? Самалёты цяпер не лятаюць, а настане добрае надвор’е — тады шукай яго, як гэтую распраклятую базу боепрыпасаў…»

Яму не шанцавала ў самым пачатку, а ў канцы тым болей. Калі б не гэта раненне, якое, па сутнасці, загубіла яго, ужо што-небудзь ён бы напэўна прыдумаў. Можна было б наладзіць засаду, узяць языка… А цяпер як возьмеш? Цяпер яго самога можна ўзяць замест языка, хіба што карысці ад яго будзе нямнога. Зрэшты, пакуль ён жывы і ў яго ёсць граната, якой хопіць для абодвух і для гэтай вось лазні, — яго ім не ўзяць. Відаць, на гранату цяпер уся іх надзея.

Але ішоў час, а іх ніхто не трывожыў у гэтым цесным і цёмным сховішчы наводшыбе ад вёскі. Півавараў цяпер болей стаяў за прасценкам, зрэдку каменціруючы тое, што ўдавалася згледзець праз шчыліну. Але вось ён сціх, мабыць, нічога асаблівага там не было відаць, і лейтэнант раптам запытаўся ціха:

— У цябе маці ёсць?

Мабыць, гэта было дзіўнае ў іх становішчы пытанне, і Півавараў не зразумеў.

— Га? Што вы сказалі?

— Маці ў цябе ёсць?

— Ёсць, а як жа.

— I бацька?

— Не, бацькі няма.

— Што, памёр?

— Ды так, — няпэўна адказаў Півавараў. — З маці жыў. Калі б яна ведала, як нам тут! Во было б страху!..

— Харошая мама?

— Ну, — проста пацвердзіў баец. — Я ж у яе адзін. Бывала, усё для мяне.

— Адкуль родам?

— Я? З-пад Пскова. Ёсць такі гарадок Порхаў, можа, чулі?

Там жыў. Мама ў школе настаўніцай рабіла.

— Кажаш, шкадавала?

— Ну. Яшчэ як! Проста смешна было. З хлопцамі калі падурэю — трагедыя. Сняданак не даем — трагедыя. А ўжо калі захварэю — ого! Усіх дактароў на ногі падніме, тыдзень лякарствамі карміць будзе. Смешна было… А цяпер — не смешна.

— Цяпер не смешна, — уздыхнуў лейтэнант.

— Мама золата. Я ў яе адзін, але ж і яна ў мяне таксама адна. У нас там і радні ніякай. Мама з Ленінграда сама. Да рэвалюцыі ў Піцеры жыла. Колькі мне пра Піцер расказвала! А я так ні разу і не з’ездзіў. Усё збіраўся, збіраўся. Цяпер пасля вайны хіба.

— Пэўна, пасля вайны.

— Я, ведаеце, я нічога. Я не надта: заб’юць, ну і што ж! Маці шкада…

Маці, вядома, шкада, моўчкі пагадзіўся Іваноўскі. Зрэшты, шкада і бацьку таксама. Нават такога, якім быў яго, ветэрынар Іваноўскі. Не вельмі каб добры і не надта разумны, аматар пагутарыць з мужыкамі і нават выпіць з выпадку, ён часам здаваўся занядбаным, патрапаным у жыцці няўдакам. Сапраўды, ва ўсіх былі жонкі, якія клапаціліся пра харчаванне, быт, сямейныя зручнасці, у рознай ступені, але нязменна паважалі сваіх мужоў-камандзіраў, а яны з бацькам, колькі памятаў Ігар, заўсёды жылі ў нейкіх каморках, кутках, на прыватных яўрэйскіх кватэрах, абедалі калі і чым давядзецца: кавалкам сала, міскай капусты, кансервамі, абходзіліся адной на двух алюмініевай лыжкай. Маці сваю Ігар не памятаў і амаль ніколі не пытаўся пра яе ў бацькі; ён ведаў: варта толькі пачаць пра яе размову, як бацька не ўтрымаецца ад слёз. З вобразам маці была звязана нейкая сямейная драма Іваноўскіх, і сын нават не ведаў, ці была яна дзе жывая, ці даўно, можа, памерла. Зрэшты, як высветлілася потым, бацька таксама пра гэта не ведаў.

1 ... 78 79 80 81 82 83 84 85 86 ... 221
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)