Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0122-2
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
Пра бацьку Іваноўскага знаёмыя гаварылі рознае, па-рознаму адносіўся да яго сын, але ўсё роўна гэта быў бацька, які па-свойму любіў адзінага свайго сына, жадаў яму толькі добрага, радаваўся яго вайсковай будучыні. I вось дарадаваўся. Апошняе пісьмо ад яго Іваноўскі атрымаў у вучылішчы, перад выпускам, у пачатку чэрвеня; бацька тады быў пад Беластокам усё ў тым жа пагранатрадзе, Ігар жа атрымаў назначэнне ў Гродна, у распараджэнне армейскага аддзела кадраў, і думаў, што яны неўзабаве ўбачацца. Ён нават не адказаў бацьку на яго пісьмо, а пасля ўжо і адказваць не стала куды; дзе ён, жывы ці не — ніхто яму дакладна сказаць не мог, ды і запытацца не было ў каго. Відаць па ўсім, з бацькам у Іваноўскага ўсё назаўжды скончылася, надзеі на сустрэчу не засталося ніякай.
Таксама як і з яго Янінкай.
Дзіўна, але тое страшнае расстанне з дзяўчынай ён перажываў куды даўжэй і пакутней, чым, па ўсёй верагоднасці, на вечную разлуку з бацькам. Праўда, пасля, у баях, у крывавай мітусні франтавых будняў, часта забываўся пра яе, каб зусім нечакана дзе-небудзь у часе начлегу, у ціхую хвіліну, перад самотнай невядомасцю бою раптам прыпомніць да пранізлівага болю ў сэрцы. Ён нікому не расказваў пра гэтае сваё першае і, напэўна, апошняе, зусім кароценькае каханне. Ведаў — у іншых было не лепш. Хто ў вайну не перажывае, не сохне, не пакутуе ад разлук з каханай, маці, жонкай або дзецьмі… Разлукі тамілі, пяклі, болем тачылі салдацкія сэрцы, і ніхто не мог нічога зрабіць, каб як палегчыць гэты іх боль.
…Здаецца, ён зноў забыўся — заснуў або проста заціх на пакутным рубяжы між жыццём і смерцю, і калі ачнуўся, лазня амаль патанула ў змроку. Ён ужо не глядзеў на гадзіннік, час для яго цяпер страціў свой пачатковы сэнс, адчуванне Іваноўскага быццам і яшчэ пагоршала. Ён дробна і часта дыхаў, ледзьве адольваючы дыхавіцу, ранішнія дрыжыкі змяніліся патлівай гарачкай. Ачнуўшыся, ён пашукаў вакол позіркам і ўбачыў Піваварава, які сядзеў на перакуленым драўляным вядзерцы ля акна і грыз сухар. Акно, мабыць, пацела ад яго дыхання, і баец рукавіцай усё цёр шыбы.
— Што там? — адкрыўшы і зноў закрываючы вочы, запытаўся лейтэнант.
— Усё тое ж. Не ідуць, сволачы.
Не ідуць — значыць, у вёску не сунешся. Але куды ж, апроч вёскі, цяпер можна сунуцца? У полі будзе горай, чым у гэтай лазні, у полі яго даканае мароз. Але і ў лазні наўрад ці яны дачакаюцца чаго добрага.
Чорт, патрэбны былі лыжы, дарма ён кінуў іх у той вёсцы. Хаця там, пад агнём, было не да лыжаў — там трэба было ратаваць галовы. Але цяпер вось без лыжаў яны проста не маглі нікуды паткнуцца з гэтае лазні.
Зрэшты, яму ўжо ўсё роўна, лыжы яму не спатрэбяцца. Але Півавараву яны неабходны. Без лыжаў хлопцу ніяк не дабрацца да лініі фронту — на першым жа кіламетры дарогі яго схопяць немцы.
— Слухай, як думаеш, да той вёскі далёка?
— Якой вёскі?
— Ну той, учарашняй.
— Можа, кіламетры два.
Аказваецца, так блізка, а яму ноччу здавалася, што яны ўцяклі ад яе, можа, кіламетраў на пяць, не меней. Хаця мера адлегласці, часу, відаць, страціла для яго сапраўднае сваё значэнне, кожны метр шляху і кожная хвіліна жыцця неймаверна расцягваліся ягонай пакутай, скажаючы нармальнае чалавечае ўспрыняцце іх. Напэўна, цяпер яму трэба будзе больш спадзявацца на Піваварава.
— А што трэба, таварыш лейтэнант? — запытаўся баец.
— Схадзіць па лыжы. Ноччу. Можа, не падабралі немцы.
Півавараў хвіліну маўчаў, нешта прыкідваючы, пасля з уздыхам сказаў:
— Што ж, я схаджу. Хай прыцямнее толькі.
— Ага. Трэба, ведаеш…
— Ну. Толькі вы… Як вы тут?..
— Як-небудзь. Я пачакаю.
Яшчэ не зусім змерклася, але Півавараў падняўся і пачаў збірацца ў дарогу, Перш за ўсё ён сцягнуў з нагі кірзавы бот і пераматаў анучу. Пасля выняў з рэчмяшка два сухары, сунуў у кішэню штаноў, рэчмяшок пераставіў бліжэй да Іваноўскага.
— I гэта… я аўтамат вазьму — ладна?
— Вазьмі.
— З аўтаматам, ведаеце… Неяк больш смеласці.
Лейтэнант бачыў: баец не мог стрымаць радасці, займеўшы такую зброю, пра якую марыў кожны баец на фронце. Аўтаматы яшчэ толькі паступалі ў войска, пяхота амаль скрозь была ўзброена вінтоўкамі. Іваноўскі сам атрымаў гэты ППД напярэдадні выхаду, калі генерал, раздобрыўшыся, загадаў свайму канаводу перадаць аўтамат лейтэнанту. Вядома, у іхнім становішчы зброя вырашала многае, на спрадвечнае сіле зброі цяпер трымаліся мізэрныя іх магчымасці.