Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка
- Автор: Копыл Илья
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Інстытут Беларускай гісторыі і культуры
- ISBN: 978-9984-897-11-0
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка». Краткое содержание книги:
Ілля Копыл
Падпалкоўнікі, перабіваючы адзін аднаго, няслі ўсялякую бязглуздзіцу. Я іх не слухаў, а чакаў, калі гэты цырк скончыцца. Калі іх слоўны запас быў вычарпаны і яны нарэшце спыніліся, я ім патлумачыў, што малодшы сяржант Кох — украінец. Чалавек не вінаваты, што яму дасталася такое прозвішча. Камісія забрала планшэт са стэнда з фотаздымкамі «ўласаўцаў» і ад’ехала.
На наступны дзень паступіў загад: малодшага сяржанта Жальскіх і шараговага салдата (немца, прозвішча не памятаю) адправіць для праходжання службы ў іншую вайсковую часць. Я пазбавіўся самага лепшага свайго салдата. Малодшы сяржант Кох застаўся на месцы. Вось такім чынам для мяне абярнулася святкаванне 30-й гадавіны Перамогі. Трэба адзначыць, што з боку камандавання часці па гэтым выпадку ў мой адрас папрокаў не прагучала.
Частка 3
РЭЗАНАНС
Кніга выйшла з друку
Трымаю ў руках асобнік кнігі «Нябышына. Вайна», аўтарам якой з’яўляюся я сам. Гэта неверагодна, такое немагчыма сабе ўявіць. Выдавец Віктар Хурсік, журналіст і краязнаўца, паціснуў маю далонь і павіншаваў з выхадам першай кнігі, пажадаў творчых поспехаў. Я падарыў яму кнігу са сваім аўтографам. Гэта мой першы аўтограф. Віктар Хурсік запытаўся, ці чытаў я яго кнігу «Кроў і попел Дражна». Было сорамна прызнавацца, але на той момант я гэтую кнігу яшчэ не чытаў, яе немагчыма было знайсці.
З вокладкі на мяне глядзіць мой бацька. Фотаздымак вельмі ўдалы. Такое ўражанне, што ён у тым далёкім 1944 годзе сфатаграфаваўся спецыяльна для гэтай кнігі. Вочы адкрытыя, добрыя. Позірк упэўнены, накіраваны на мяне, быццам хваліць, што я ўвекавечыў яго гэтай кнігай, гэтай вокладкай. Падумалася, ці адчуваў мой бацька, што знаходзіцца пад пільным наглядам СМЕРШа, што яго чакае смерць?
Як стваралася кніга? Як узнікла ідэя яе напісаць? Такія пытанні не аднойчы мне задавалі чытачы.
На сайце Рыдыё Свабода ўбачыў матэрыял Галіны Абакунчык за 14 красавіка 2010 года «Ці трэба адмаўляцца ад штампу „Усенародная вайна“?» Яна распавядала:
«…напярэдадні 65-годдзя перамогі над фашызмам у Другой сусветнай вайне навукоўцы заяўляюць пра неабходнасць пераацэнкі і праўдзівага асвятлення падзеяў таго часу. Адначасова яны перасцерагаюць ад новых спробаў, нібыта, перапісвання і скажэння гістарычных звестак».
Пра публікацю Іллі Копыла «Нябышына. Вайна» дырэктар інстытута гісторыі НАН Аляксандр Каваленя сказаў наступнае:
«Я знаёмы з гэтай публікацыяй. Каб не абражаць аўтара, скажу, што яна вельмі і вельмі слабая. Гэта камерцыйная літаратура — яна і ёсць камерцыйная. Трэба паглядзець архіўныя крыніцы, трэба на іх таксама крытычна глядзець. Трэба працы, якія б не раздзялялі нашае грамадства, а працавалі на кансалідацыю. Трэба нават самыя складаныя пытанні падаваць так, каб яны працавалі на аб’яднанне. А мы іншы раз вось так — абазначыць сябе».
Можа, я не так зразумеў паважанага прафесара? Кніга выдадзена за мае ўласныя грошы накладам ўсяго 100 асобнікаў, якія я бясплатна раздаў на прэзентацыі. Вось і ўся камерцыя.
Як узнікла ідэя напісаць кнігу? Ды не ўзнікала ў мяне ні ідэі, ні мэты напісаць кнігу. Усё адбылося само сабой. Пытанні Другой сусветнай вайны, і асабліва акупацыі, як чалавека, яе перажыўшага, мяне заўсёды хвалявалі і цікавілі. Мне прасцей разабрацца, дзе — праўда, а дзе — міты, чым чалавеку, які гэтага не перажыў.
Часам я дасылаў свае лісты ў газеты і на «Радыё Свабода», у якіх расказваў пра перажытае ў часы ваеннага ліхалецця. Але адкрыта і гучна ўпершыню я выказаўся ў 2003 годзе. Перад 62-й гадавінай нападу Германіі на СССР газета «Народная Воля» надрукавала мой артыкул: «Война глазами подростка» («Народная Воля» ад 20 чэрвеня 2003 г). Няма сэнсу спыняцца на артыкуле, ён цалкам увайшоў у маю кнігу, у раздзел успамінаў. Для мяне было важна, як адгукнуцца на маю публікацыю чытачы. Але «Народная Воля» маўчала.
І толькі 1-га лістапада 2003 года, больш як праз 4 месяцы пасля выхаду майго артыкула, газета ў рубрыцы «альтэрнатыўная думка» надрукавала артыкул Ларысы Кароткай: «Война глазами подростка?». Артыкул вельмі жорсткі. Яго аўтарка абрынулася на майго бацьку, абвінаваціла яго ва ўсіх грахах.