Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка
- Автор: Копыл Илья
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Інстытут Беларускай гісторыі і культуры
- ISBN: 978-9984-897-11-0
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка». Краткое содержание книги:
Ілля Копыл
Добры дзень, «Народная Воля». Я нават пачаў хвалявацца, прайшло шмат часу з моманту, калі быў надрукаваны мой артыкул «Война глазами подростка» («НВ» за 20.06.2003 г.), і дагэтуль ніводнага водгуку.
Няўжо мой артыкул нікога не зацікавіў? І вось першая ластаўка — ліст Ларысы Кароткай, жыхаркі Мінска.
Калі я прачытаў яе артыкул, то ўжо мне захацелася крыкнуць яе словамі: «Ды яна што, Ларыса Кароткая, з неба ўпала?» Відавочна, што яна вывучала гісторыю краіны, гісторыю Другой сусветнай вайны па савецкіх школьных падручніках, па творах савецкіх пісьменнікаў, якія пісалі па заказу КПСС, па мемуарах савецкіх генералаў.
А там суцэльны гераізм, патрыятызм савецкага народа. Але ж існуе і другі бок медаля.
Свой артыкул «Война глазами подростка» я выклаў тэзісна, апусціўшы шмат цікавых падрабязнасцяў. Я расказаў пра некаторыя падзеі, якія адбываліся ў нашай вёсцы ў часы вайны. Калі ідзе вайна, дзеці ўзраслеюць у два-тры разы хутчэй.
Паспрабую паспрачацца з Ларысай Кароткай, тым больш, што яна ў сваім лісце («НВ» за 1.11.2003 г.) сказіла змест майго артыкула і зрабіла спробу абразіць маіх бацькоў. Не ведаю, адкуль Кароткая ўзяла, што нямецкі афіцэр загадаў майму бацьку распусціць калгас? У мяне напісана, што немец сам абвясціў аб роспуску калгаса. А гэта не адно і тое. Майму бацьку было загадана падзяліць калгасную маёмасць і зямлю паміж калгаснікамі, што ён і зрабіў.
Можа Кароткая мяркуе, што ў майго бацькі была магчымасць адмовіцца ад гэтай справы? Кароткая са скуры лезе, каб абвінаваціць маіх бацькоў у непатрыятызме. Так яна заяўляе, што мой бацька ўжо прыняў новую ўладу. Адкуль такія ўпэўненыя высновы? Мой бацька проста параўноўваў савецкую ўладу з нямецкай. І тое параўнанне было не на карысць першай. Можа, Ларыса Кароткая будзе адмаўляць той факт, што пры савецкай уладзе калгаснікі атрымлівалі за сваю працу пустыя працадні, якія ў народзе называлі «палачкамі»? Працавалі за палачкі. А вось немцы вярнулі сялянам зямлю, коней, інвентар ва ўласнае карыстанне. У 1941–1942 гадах немцы імкнуліся паказаць сябе больш лаяльнымі да мясцовага насельніцтва.
Мой бацька быў адукаваным чалавекам. Не выключаю, што ён добра ведаў пра былую нашу краіну ВКЛ, пра тры падзелы Польшчы, пра антырасійскія паўстанні на нашай тэрыторыі. Ён нарадзіўся і жыў у Паўночна-Заходнім краю Расійскай імперыі. Потым гэта стала Савецкай Расіяй. Ён жыў у СССР да калгасаў і пры калгасах. І вось нямецкая акупацыя. У майго бацькі было шмат з чым параўноўваць. Не магу сцвярджаць, магу толькі здагадвацца, што ён лічыў акупацыйным не толькі нямецкі, але і савецкі рэжым. Які з іх быў больш жахлівым, вырашайце самі. Можна ўявіць, як абураецца Ларыса Кароткая, калі чытае гэтыя радкі. Але ж справа тут не ў вёсцы Нябышына і не ў маіх бацьках. Прыкладна ў такім жа становішчы знаходзілася ўся акупаваная Беларусь. Ларыса Кароткая зласліва распавядае ў сваім лісце, што мой бацька не проста прыняў нямецкую ўладу, але і прымяраўся да яе. Можа і так, прымяраўся. І казаў, што жыць можна. Але ён ніколі не быў «здраднікам» у тым сэнсе, як гэта разумее Ларыса Кароткая. Хутчэй за ўсё гэта была кемлівасць, уласцівая для ўсяго «тутэйшага» насельніцтва. Трэба было ўсё ўзважыць, каб выжыць у тых складаных умовах.
Прашу прабачэння ў чытачоў за паўтор і за дакучлівасць, але яшчэ раз хачу падкрэсліць, што мой бацька не здраднік. Ніякіх пасад у мясцовай нямецкай адміністрацыі ён не займаў. Інакш бы партызаны яго расстрялалі, у такіх выпадках яны не цырымоніліся. А калі б партызаны не змаглі гэтага зрабіць, то яго арыштавалі б НКУСаўцы ў першы ж дзень пасля вызвалення ў 1944 годзе. Але гэтага не адбылося. Уяўляю, якое расчараванне адчула Ларыса Кароткая, яна прагне крыві. А я імкнуся абараніць чэснае імя свайго бацькі, абараніць ад нападак такіх вось рэаніматараў сканаўшага савецкага рэжыму, як Ларыса Кароткая.
Ларысу Кароткую асабліва абурае тое, што я пасмеў сказаць непрыемную праўду пра партызан. У яе ўяўленні партазаны — суцэльныя героі, партызаны — патрыёты, гатовыя загінуць за свой народ, за сваю Радзіму. Усё тое, у чым я асуджаю партызан, яна іх апраўдвае. Ларыса Кароткая, адукаваная жанчына, апраўдвае партызанскае рабаўніцтва мясцовага насельніцтва і разбой. Гэта неверагодна. Мы ж ужо ўвайшлі ў 21-е стагоддзе. Але яна, як замбіраваная камсамолка, завязла ў 1943-м годзе ў партызанскіх балотах.
«Няўжо аўтар да гэтага часу не зразумеў, — кажа Ларыса Кароткая ў мой бок, — што Масква не забяспечвала партызан ні адзеннем, ні харчаваннем». Так, я гэтага не ў стане зразумець. Мы маскоўскіх партызан да сябе не запрашалі. Без іх мы б значна лягчэй перажылі б гады акупацыі і ў разы менш бы загінула беларусаў. Гэта маё асабістае меркаванне. Што тычыцца забеспячэння, то Масква магла забяспечыць сваіх партызан грашыма, савецкія грошы былі ў хаду, прызнаваліся нямецкай акупацыйнай адміністрацыяй на тэрыторыі акупаванай Беларусі.