Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка
- Автор: Копыл Илья
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Інстытут Беларускай гісторыі і культуры
- ISBN: 978-9984-897-11-0
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка». Краткое содержание книги:
Ілля Копыл
З прамоў на высокім узроўні часта можна пачуць, што Беларусь атрымала сваю дзяржаўнасць з утварэннем БССР. Але якая ж гэта дзяржаўнасць, калі, не пытаючыся ў гэтай дзяржавы, не пытаючыся ў яе вышэйшага органа ўлады — Вярхоўнага Савета БССР, яе тэрыторыі звычайным распараджэннем дыктатара былі перарадзены іншай краіне? Гэта была самая звычайная вайна СССР супраць Беларусі. Пасля таго як і сама Літва апынулася пад савецкай акупацыяй, 25 жніўня 1940 года па распараджэнні з Крамля Вільня стала сталіцай Літоўскай ССР. Крэмль даў нам зразумець, што з Вільняй і Віленскім краем мы развіталіся назаўсёды. Бязлітасная вайна СССР супраць Беларусі на гэтым не спынілася. Настаў 1944 год. Да канца ліпеня Беларусь поўнасцю была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Трэба было б радавацца. Але 20 верасня 1944 года Сталін нанёс яшчэ адзін удар па Беларусі. Ён перадаў у склад Польшчы Беластоцкую вобласць і 3 раёны Брэсцкай вобласці. Дык якія ж мы пераможцы? Ці ёсць тут чым ганарыцца? СССР разграміў Беларусь больш адчувальна, чым Германію.
7. Рэха вайны (30 год пасля…)
У савецкія часы дзень 22 чэрвеня 1941 года стараліся не ўзгадваць, надта непрыемныя ўспаміны савецкаму рэжыму навявала гэтая дата. 22 чэрвеня 1971 года ніхто ні па радыё, ні па тэлебачанні, ні ў газетах не напомніў, што гэта за дзень.
Я ў той час служыў у ракетных войсках стратэгічнага прызначэння (РВСП), меў званне капітана. Раніцай звычайна ракетны полк строілі для разводу на заняткі. Але ў гэты дзень было па-іншаму. Адрозненне было ў тым, што на пляц вывелі аркестр. Такое адбывалася толькі ў дні дзяржаўных свят. А гэта ж быў звычайны дзень, сярэдзіна тыдня. Пастраеннем палка займаўся начальнік штаба, прозвішча яго ўжо не памятаю. Бачым: да пляцу набліжаецца камандзір палка палкоўнік Палузваў. У двух кроках за ім, крыху лявей, ідзе зампаліт маёр Ігін. Начальнік штаба падаў адпаведныя каманды і пад аркестр пайшоў насустрач. Камандзір выслухаў даклад, выйшаў на сярэдзіну перад строем і гучна прамовіў: «Здравствуйте, товарищи!» Мы, як гэтага патрабаваў статут, дружна адказалі на прывітанне. Далей камандзір палка прамовіў: «Віншую вас са святам — 30-й гадавінай нападу гітлераўскай Германіі на Савецкі Саюз!» Мы спачатку разгубіліся ад нечаканага віншавання, але потым дружна адказалі трохкратным «Ура!».
Сэнс віншавання, нарэшце, дайшоў да зампаліта. Ён ухапіўся за рукаў кіцеля камандзіра і ўзрушана кажа: «Таварыш палкоўнік, апамятайцеся. З чым гэта вы віншуеце?» Нам усё гэта чуваць. Камандзір абурана адкінуў руку маёра Ігіна і ўзвышана дадаў: «Так, так, я не абмовіўся. Калі б Германія не напала на Савецкі Саюз, мы б яе не перамаглі і ў нас не было б свята — Дня Перамогі». Потым мы ў гонар дня нападу Германіі на Савецкі Саюз пад аркестр прайшлі ўрачыстым маршам. Гэты анекдатычны выпадак, відавочцам і ўдзельнікам якога я быў, з вуснаў у вусны распаўсюдзіўся па ўсёй дывізіі і выйшаў за яе межы. Калі мы збіраліся ў курыльні або за сталом, хто-небудзь успамінаў: «А памятаеце, як палкоўнік Палуэктаў?..» — і пачынаўся рогат.
З маёрам Ігіным я жыў па суседстве на адной лесвічнай пляцоўцы. Аднойчы я запытаўся ў яго, ці быў працяг таго віншавання? Ён адказаў, што непрыемнасці былі, справай займаліся і палітаддзел, і асобы аддзел. Хутка маёр Ігін атрымаў чын падпалкоўніка. Палкоўніка Палуэктава перавялі ў Маскву, ён стаў генералам.
Мае прыгоды, звязаныя з вайной, працягваліся. Напярэдадні 30-годдзя Дня Перамогі палітработнікі прыдумлялі шэраг мерапрыемстваў на ваенна-патрыятычную тэматыку. Зампаліт вайсковай часці, у якой я нёс службу, даведаўся, што ў часы вайны я жыў у акупацыі. Ён запытаўся ў мяне, ці сустракаўся я з немцамі, што я ведаю пра партызанскі рух. Я адказаў, што шмат ведаю і пра тых, і пра тых. Зампаліт запланаваў маё выступленне на гэтую тэму перад салдатамі. У межах адведзенага мне часу я расказаў сваю праўду пра вайну, пра немцаў, пра жыццё ва ўмовах акупацыі. Змест майго выступлення хтосьці данёс нампаліту, і ён запрасіў мяне ў свой кабінет. Трэба сказаць, што зампаліт быў прыстойны чалавек, і ён тактычна, нават па-бацькоўску, параіў мне быць больш асцярожным у сваіх выказваннях, праўда ў некаторых выпадках можа нанесці шкоду. Гэта быў 1975 год.
Да 30-годдзя з Дня Перамогі высокім камандаваннем было загадана ў кожнай казарме зрабіць стэнд, на якім адлюстраваць удзел у Вялікай Айчыннай вайне бацькоў тых салдат, якія праходзяць службу ў гэтай казарме. З гэтай прапановай я звярнуўся да салдат, і шмат хто з іх адклікнуўся на маю просьбу. Малодшы сяржант Жальскіх сказаў, што яго бацька змагаўся супраць немцаў у шэрагах французскага Супраціўлення і ў яго ёсць фатаграфіі. Каб сэканоміць час, я здолеў арганізаваць яму тэлефонную размову з бацькам. Хутка малодшы сяржант Жальскіх атрымаў з дому пакет. Фатаграфіі былі не любіцельскія, а прафесійныя, і, што самае галоўнае, яны былі каляровыя. На здымку быў вельмі статны мужчына, апрануты ў французскую ваенную форму, на грудзях красаваліся французскія ўзнагароды — ордэны і медалі. Мой стэнд атрымаўся на славу. На стэндзе былі планшэты з фотаздымкамі сваякоў іншых салдат. Перад святам Перамогі камандаванне правяло агляд казарм.