Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка
- Автор: Копыл Илья
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Інстытут Беларускай гісторыі і культуры
- ISBN: 978-9984-897-11-0
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка». Краткое содержание книги:
Ілля Копыл
Мой стэнд быў прызнаны лепшым, і я нават атрымаў падзяку. Пасля свята да мяне ў казарму наведаўся прадстаўнік асобага аддзела маёр Фёдараў. Да мяне ён прыехаў упершыню, што мяне здзівіла і насцярожыла. Ад штаба нашай вайсковай часці ды майго падраздзялення было 43 кіламетры. Мы прывіталіся. Фёдараў прайшоўся па казарме і прыпыніўся каля стэнда, прысвечанага Дню Перамогі, паглядзеў фотаздымкі, прачытаў тэкст, сказаў, што зроблена добра, і развітаўся са мной. Праз 3–4 дні ў маё падраздзяленне нечакана заявілася камісія ў складзе двух падпалкоўнікаў, якіх суправаджалі сакратар парткама маёр Дзмітрый Пахучы і той жа «асабняк» маёр Фёдараў. Як потым высветлілася, маёр Фёдараў зрабіў запыт у архівы КДБ, каб адшукаць «справу» на грамадзяніна Жальскіх. Звесткі з архіва паступілі ў асобы аддзел дывізіі. А звесткі былі наступныя: чырвонаармеец Жальскіх трапіў у нямецкі палон. Калі з’явілася магчымасць, ён уступіў у Рускую вызваленчую армію, якую фарміраваў генерал Уласаў. Асабіста я «справу» Жальскіх не чытаў, таму ўсіх падрабязнасцяў не ведаю. Пра ўсё гэта я кажу са слоў маёра Пахучага.
Праз нейкі час Жальскіх уцёк з арміі Уласава і ўступіў у французскае Супраціўленне. Французы яго прынялі прыязна. У шэрагах французскага Супраціўлення ён праявіў сябе як мужны, храбры, знаходлівы воін, што бачна па яго шматлікіх узнагародах, якія ён атрымаў ад Францыі. У 1946 годзе ён добраахвотна вярнуўся на радзіму ў СССР. Радзіма з ім абышлася крута, прамым ходам накіравала ў ГУЛАГ, дзе ён правёў доўгіх 8 гадоў. Яго вызвалілі ў 1954 годзе. Вось такі лёс напаткаў бацьку малодшага сяржанта Жальскіх.
Таму камісія і прыбыла ў маё падраздзяленне. Асабліва актыўнічалі падпалкоўнікі. Я так і не зразумеў, ці яны былі з КДБ, ці проста палітработнікі. Яны не назваліся, а я не мог патрабаваць ад іх паказаць пасведчанні, бо яны прыбылі ў суправаджэнні прадстаўніка нашай вайсковай часці. Пачалася разборка. Адзін з іх сказаў у мой бок, якую сувязь я ўбачыў паміж французскім Супраціўленнем і Днём Перамогі, якое дачыненне ўвогуле мае Францыя да гэтага нашага святога дня? Я адказаў, што Францыя і шмат іншых краін былі нашымі саюзнікамі. Нават у складзе Чырвонай Арміі існавала французскае авіяпадраздзяленне «Нармандыя-Нёман». Маёр Пахучы прыклаў палец да сваіх вуснаў, падаў мне знак, каб я як можна менш размаўляў, а больш ківаў галавой у знак згоды з камісіяй. На мяне пасыпаліся абвінавачванні: як я мог такое дапусціць — уласаўца выдаваць за героя, што я згубіў рэвалюцыйную пільнасць, дапусціў палітычную блізарукасць, апалітычнасць — стандартны набор абвінавачванняў для таго часу.
Было сумна і смешна. Але трэбы было рабіць сур’ёзны выгляд і слухаць гэтую бязглуздзіцу, паказваючы ім кукіш у кішэні. Потым у мяне запатрабавалі «Кнігу ўліку асабовага складу падраздзялення». Сталі яе правяраць. Мы тую кнігу называлі «Кніга штатнага раскладу». У ёй былі пералічаны ўсе пасады і асобы, якія іх займалі, з кароткімі біяграфічнымі данымі. І вось падпалкоўнік натыкнуўся на салдата, нацыянальнасць якога была — немец.
«Якім гэта чынам у асобарэжымным падраздзяленні апынуўся немец?» — уставіўся на мяне правяральшчык. «Яго да нас не з ФРГ заслалі, гэта наш савецкі немец з Казахстана», — адказаў я. «Вы тут мне не жартуйце, ён, магчыма, з паволжскіх немцаў, высланых у Казахстан. Ніхто не ведае, што там у яго галаве», — абурана сказаў падпалкоўнік. «Прэтэнзіі не да мяне. Не я вырашаю, дзе каму служыць. Мне прыслалі салдата, мая задача навучыць яго воінскай прафесіі, якой бы нацыянальнасці ён ні быў. Дарэчы, гэта лепшы салдат падраздзялення», — не здаваўся я. Падпалкоўнік па «Кнізе ўліку…» працягваў знаёміцца з маімі падначаленымі. Раптам ён падскочыў са стула, быццам яму ў задніцу пырнулі шылам. «Да тут асінае гняздо!» — закрычаў ён, наткнуўшыся на запіс: «Камандзір аддзялення малодшы сяржант Кох». Я не магу ведаць, якія асацыяцыі і фантазіі ўзніклі ў галовах гэтых правяральшчыкаў. Магчыма, ім прыпомніўся Эрых Кох, стаўленік Гітлера, гаўляйтар Украіны, кат украінскага народа. Раптам гэты малодшы сяржант Кох сваяк таго Коха? Магчыма, ён у гэтай казарме стварыў таемную камеру катаванняў і па начах катуе салдат. Якраз тады ў арміі квітнела дзедаўшчына.