Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Завялі нас у вялізны хлеў, дзе сарціравалі нас і раздзялялі. Там упершыню я ўбачыла кучу зняволеных дзяцей, такіх жа бледных і страшных, як мы, і болей, болей няшчасных, бо дзеці.
Нарэшце нас пусцілі ў зону лагеру. Мы былі на Украіне, і гэта адчувалася. Украіна засяляла тады лагеры. Спачатку пераглядалі мужчын. Калі прыйшла чарга на нас, я ўбачыла на зямлі параскіданыя парваныя паперкі, такія знаёмыя. Я падняла іх, і аказалася, што гэта былі лісты Юрачкі, нашага сына, якія вось адабралі мужу й кінулі тут па кусочку. На гэты раз я сваю чэшскую Біблію схавала пад пальто, якое спецыяльна адзела, хоць было горача, схавала й сынавы лісты, так усё пакуль што абараніла. Скрыўлены чакіст, які шманаў нас, толькі вырачыў на мяне вочы, а мужу забраў і пяро, і гадзіннік, і другія драбніцы. Лекар-украінец, відно, са зняволеных, праверыў нам вочы й рукі, і нейкая неймаверна нафуфыраная, брыдкая, як ноч, медсястра-расейка пашукала нам у галаве бруду. А пасля мы апынуліся сярод гушчы людзей на панадворку, якім «родзіна» выдавала па місцы нейкай капусты, варанай на смярдзячых рыбіных касцёх. Міскі пераходзілі з рук у рукі, а мы з мужам глядзелі на сябе й думалі, што будзе далей. Нехта прадаваў папяросы па сто штук у пачцы за рэчы. Мае рэчы былі пры мне, і я давай мяняць спадніцы на папяросы. Набеглі людзі, усе просяць закурыць, так і аддалі мы ім тую сотню, а мужу я выменяла другую сотню. Да нас усё падыходзіў, хвалячы савецкі суп, нейкі мажны немец у амерыканскай куртцы на кажуху й ва ўсім, праўда, добра зашмальцаваным, але амерыканскім адзенні. Быў гэта муж Элё Вінклер. Аказалася, што гэтае супружжа, прафесiйныя шпіёны, прадалі саветам шмат аўстрыйцаў, у тым ліку і Янайкі з Джэняй. Грэкі вучыліся ў Вене і, відно, у цяжкія часы крыху зараблялі спекуляцыяй. Так з імі й зышліся тыя Вінклеры. Аднойчы яны запрасілі бедных грэкаў на вячэру, абяцаючы ім знамянітую нямецкую патраву — печаную гуску. Пасля вайны на такую роскаш не пабаяліся грэкі паехаць нат у савецкую зону Вены. Быў дождж, расказвала мне пасля Джэні, Янайка ўзяў вялікі парасон, каб нічога не сталася галубому плашчыку й такому ж капялюшыку Джэні. Вылезлі яны з трамвая, ля дому спаткаў іх сам Вінклер, весела й сардэчна з імі прывітаўся і, пакуль цалаваў з абедзьвюх старон пахучую ручку Джэні, пад’ехаў паціху савецкі «чорны воран», пахваталі абаіх, і замест смачнай «ганс» яны, напэўна, і камсы не змаглі есці той ноччу. Янайкі за нешта там далі 15 гадоў, а зусім ужо невіноўнай Джэні 7 гадоў — найніжэйшую кару толькі для невінаватых са сталінскага кодэкса тых часоў.
Ужо быў асенні месячны вечар, а мы ўсё сядзелі з мужам, трымаючыся за рукі. Ля нас нейкі ўкраінец, якому далі 25 гадоў за тое, што яго жонка-чэшка, перасяляючыся з Украіны, перавезла і яго ў мяшку з сечкай. Кожны меў сваё гора. Мы перажывалі найболей за тое, што чалавек, якому мы даверылі нашага сына, аддаў яго маім сёстрам, якія вярнуліся з высылкі й жылі ў Вроцлаве. Былі гэта ненадзейныя, слабавольныя дзяўчаты, і мы ведалі, што сыну не здабраваць.
У нас з мужам фактычна не было ніякай віны. Былі мы членамі Беларускага камітэту самапомачы, але мы, як людзі без грамадзянства, мусялі быць зарэгістраваныя недзе, і якая розніца — ці ў расейскім «фэртраўэнштэле»[181], ці ў Беларускім камітэце? Усе чужынцы, ад яўрэяў пачынаючы, былі ў немцаў пад асабліва строгім надзорам, а я, як паэтка, дык асабліва. На ўсход быў муж высланы не па ўласнай волі, а па чэшскай мабілізацыі, ды прытым яго выгналі з Беларусі, забараніўшы яму там нават практыку. Каб зберагчы мужавы нервы й сілы, я парадзіла яму зусім не прызнавацца да таго Камітэту. Няхай уся бяда ўжо будзе на мне, бо ж я была скарбнікам Камітэту. Так мы й пастанавілі. Мы былі яшчэ не асуджаныя, чакала нас следства.
Познім вечарам і да нас дайшла чарга здаваць свае рэчы і йсці ў жаночыя баракі. Мы развіталіся з мужам. Заплакалі. Пасля нас, жанчын, павялі ў баню. А быў там толькі душ. Ваду пушчаў нейкі яўрэй. Уся амаль адміністрацыя таго лагеру й тут была з яўрэяў. Трудна толькі было разабрацца, хто з іх вольны, а хто зняволены. Вось той яўрэй як пачаў лаяць немкаў ды з помсты за ўсе Асвенцімы як пачаў пускаць на нас то гарачую, то халодную ваду, што мы енчылі немымі галасамі, аж пакуль я не вылаяла яго як след і не прыгразіла, што канцы на яго знайду! Гэтак калі мы прыехалі ўжо на савецкую граніцу, дык уляцелі да нас з візгам нейкія савецкія салдаты: «Девушки, девушки!» Я ім тады сказала, што, думаю, мы прыехалі ў культурную дзяржаву й нас тут не скрыўдзяць. «Да, да, мы культурные»,— адказаў нейкі з іх, зачыняючы наш быдлячы вагон. Фрау Рэнэ мне за гэта дзякавала. Пасля бані я разлучылася са сваімі немкамі, і мяне павялі ў нейкі барак, пусцілі на карыдор, сказаўшы нумар дзвярэй. Карыдор той даўгі. Я паволі падышла да адных дзвярэй, заглянула ў тое «вока» й аж замерла! Працерла вочы й гляджу далей, а там як зачараваная казка! Сядзяць на клуначках цудоўныя ўкраінскія дзяўчаты, прыгожыя, маладзенькія, у вышываных блузачках, усе з косамі, і сумна нешта пяюць. Пакой вялікі, і многа іх, многа, і такая нейкая чысціня й святасць б’е ад іх, што вачэй не адарваць. Мне замерла сэрца — о Украіна, дарагая, родная, за што табе такая пакута ад ворагаў?
181
Vertrauensstellung (ням.) — адказная пасада.