Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Кармілі нас нейкім густым панцаком і хлебам, рана — чорнай кавай. Удзень я старалася спаць, затое ноччу пачыналіся трагедыі. Над намі бясконца дапрашвалі людзей, можна было зразумець нават фразы, а ўжо енкі бітых і квяцісты расейскі мат не сціхалі гучэць да раніцы. Савецкія следавацелі, як начныя драпежнікі, жыравалі ноччу. Днём было ціха, толькі рысавалася нечым дурная Вінклер і час ад часу званіў трамвай, які праходзіў міма гэтай шэрай вілы, і людзі, якія праязджалі міма, напэўна, нат не падазравалі аб нашых мучэннях. Месяцамі без мыцця й вады наагул, без паветра, у цеснаце й брудзе чакалі няшчасныя яшчэ горшага лёсу.
На працу мы хадзілі звычайна з Лізай, гэта была аўстрыйская сялянка, якой за нешта далі 15 гадоў кары. Яна плакала па сваіх дзецях і люта ненавідзела ворагаў і Элё Вінклер з імі. Праца была нялёгкай, пераважна нешта мыць пасля рамонту ці бялення, часам вымыць бялізну. У такіх выпадках звычайна мы мылі нешта сабе, а з кухні прыносілі ежу ў камеру й дзялілі яе пароўну ўсім. Я даведалася, што мой муж недзе ў першай камеры, і дагаварылася са зняволенай абслугай гэтай патайной вязніцы, што яны выклічуць часам мужа скрабсці бульбу, дадуць яму папяроску, накормяць. За гэта я ім мыла заскарузлыя кашулі зверх свае працы. Быў там у абслузе й зняволены малады лекар. Ён звярнуўся да нас з Лізаю, просячы, ці мы не памылі б кашулі зняволеным, якія вось год сядзяць тут у брудзе. Кашулі былі чорныя з тлустага бруду, але я глядзела на іх скроз слёзы, дарма шукаючы між іх кашулі мужа. Якое ж было маё здзіўленне, калі мая фрау Ліза адмовілася мне памагаць. Яна, бедная, настолькі ненавідзела ворагаў і іх народнасць, што памагчы зняволенаму расейцу не магла, і доўга мне прыйшлося выясняць ёй долю няшчасных. Памагала мне, але не зразумела розніцы між аднымі й другімі ніколі. Аднойчы, мыючы нейкі кабінет, я пачула па радыё, што ўцёк Зэнкль, лідэр партыі народных сацыялістаў, і стала мне весялей. Аднойчы зноў падышла да вакна і ўбачыла прыблізна дзесяцігадовых хлопчыкаў, якія гулялі ў футбол. Завірыўся перад вачыма вобраз сына, і мяне ледзь прывялі ў камеру. Муж мне казаў пасля, што бульбу скрабаць яго выклікалі, але ён хадзіў на кухню неахвотна.
Час ішоў, «канцэрты» начамі рабіліся штораз болей дзікімі, дні каротшымі й болей халоднымі. На допытах нічога ў мяне асаблівага не пыталі, і відно было, што ўся цырымонія суду нада мною адбудзецца ў Саюзе. Мне жудасна было глядзець, да чаго былі нядобрымі, тупымі сядзячыя са мною аўстрыячкі, у таварыстве іх было мне жудасна. Круг іх зацікаўленняў быў абмежаваны асабістымі, актуальнымі справамі іх пакарання, якое ў параўнанні з Захадам было неймаверным. Гэта былі кары па 25, па 15, па 10 гадоў. Меншых не сустракалася. Усіх няшчасных чакалі няволя й вываз у лагеры «мадэ ін СССР»[179], г.зн. недзе далёка ад вялікіх месцаў, у першабытнай тайзе ці тундры, дзе акрамя цяжкай працы й зверскага рэжыму забівае й сам клімат. У гэтых жанчын, якія нейкай цудам знойдзенай голкай вышывалі на сваіх насатках самыя агідныя словы расейскага лексікону, не было ні веры, ні надзеі на ратунак. Не было ў іх нават смелай фантазіі нейкага цуду над намі, яны бралі ўсё рэальна, і відно, што былі гатовыя йсці на ўсе подласці толькі дзеля захавання жыцця. Толькі адна Ліза не ведала меры свае нянавісці й сваяму болю па мужу, доме й дзецях.
Так аднойчы нас выклікалі і ў цесным «чорным воране» пераправілі недзе ў вялікую вязніцу, дзе ўжо было болей жанчын — пераважна немак. Жанчыны былі болей цікавыя, з восьтра зарысованай нянавісцю да ўсяго, што расейскае. Да мяне, не ведаю, з якіх меркаванняў, усе адносіліся вельмі добра. Іх нянавісць была маёй нянавісцю, іх тайны маімі тайнамі. Пасля трох дзён прабывання там нас сабралі, перашманалі, праверылі нашыя паперы й выпусцілі ў вялікую залю. Я ўбачыла майго мужа — быў худы да немагчымасці, з абрытай нагола галавою. Стараўся ўсміхацца, і гэта было яшчэ болей жудасна. Калі нас пастроілі на падворку, Грэта Адам, прыгожая й маладая, крыкнула на ўвесьь голас па-нямецку: «Фрау Ларыса, мы сюды яшчэ вернемся, вернемся абавязкова!» Я ёй пацвердзіла гэта. Перад ад’ездам з тае вязніцы, здаецца, гэта быў Шапрон, нас збольшага шманалі, гэта знача абысквалі нас і нашыя рэчы. І вось прыйшла чарга на мяне. Мае загінуўшыя й зноў аднойдзеныя чамаданы былі напханыя рознымі рэчамі, якія ласкава мне з нашай кватэры прынеслі пані Копэцкая й пан Кржываноска, якім мы аддалі ключы ад нашай кватэры. Было там даволі й рознай непатрэбнасці, але сярод усяго была харошая, новая, падараваная мне адной чэшкай Біблія. Была яна на тоненькай паперы, выданая недзе ў Амерыцы. Яна, як і Евангелле на беларускай мове, якое мне муж купіў на маю просьбу адразу пасля нашага вяселля, былі маімі настольнымі кніжкамі. Прынеслі мне тую Біблію яшчэ ў вязніцу ў Вімпэрку, і я, залезшы на шырачэзны падаконнік закратаванага вакенца замкавай вежы й паглядаючы на лес, чытала праз слёзы тую Біблію і ўсё думала, ці не выскачаць на сваіх «джыпах» з таго лесу мілыя амерыканцы й ці не разнясуць гэтую нечалавечую шарашку на чатыры вятры. Але не ў галаве было тым мілым амерыканцам нашае гора, і заставаліся нам толькі Біблія й пакутны, чалавечы шлях Хрыста.
179
Made in USSR (англ.) — зроблена ў СССР.