Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Аднойчы неслі мы кіпяток, а Валька, з некім душэўна гутарачы, развесяліўся такім жудасным расейскім матам, што, слухаючы гэта, можна было згарэць з устыду. Але ўбачыўшы мяне, вельмі, вельмі засаромеўся. «Даруйце мне, — прасіў, — я ж вас не ўбачыў». Мяне крыху здзівіла яго блатная далікатнасць, але засталося добрае ўражанне. Выклікаў ён мяне раз у сені бараку й так ветліва папрасіў, ці не прадала б я са сваіх рэчаў яму сукеначку для яго каханай. Я згадзілася, і ён хутка дастаў дазвол весці мяне ў т.зв. капцёрку. Рэчы былі ў парадку, і я дастала адну са сваіх сукенак, найболей каляровую, да таго насавую хустачку й яшчэ адну сукеначку для баптысткі Розы, бо яна не мела чаго злажыць, і мы пайшлі. «Колькі я вам вінаваты?» — пытае Валька. А я й кажу яму: «Не ведаю вашых цэнаў, калі маеце грошы, дык дайце іх майму мужу, яны яму, напэўна, патрэбныя, а калі не маеце, дык бярэце так, а вось вам яшчэ хустачка ад мяне на памяць». Усю дарогу ён мне паясняў, што ён сын інжынера, але чэсна працаваць — гэта 600 рублёў, а красці — гэта раскошна некалькі месяцаў жыць, а пасля пару гадоў сядзець, што ж, аплачваецца. «Я вор»,— казаў ён, а я горача даказвала яму, што з яго яшчэ будзе чалавек. А з яго быў чалавек харошы, чэсны, лепшы, як усе яго суродзічы на волі. Ён за пару дзён прыйшоў да нас, выклікаў мяне й паважна папярэдзіў наконт старшой нашага бараку, кажучы, што яна спецыяльна пастаўленая, каб за мною сачыць... «Я нічога не казаў», — закончыў ён гутарку й пабег. Было ўжо позна, дзе што ведзьма змагла ўжо ў мяне выведаць. «Якія прыгожыя і акуратныя хлопчыкі былі немцы»,— гаворыць мне. А я, дурань, кажу: «Што вы, яны варвары, дзікуны, але вось Джоны ў барэціках, у сваіх адпрасаваных блузах, вясёлыя, як дзеці, добрыя, як сама Амерыка» — і пайшла, і пайшла прадаўжаць ім хвалу. Моцна мне гэта пасля адрыгнулася. Няўцям мне было, што культурная багатая Амерыка куды страшней была для іх, чымсьці разбітая ўжо Германія. Адрыгнулася мне гэта на следстве, дзе разглядалі мяне ўжо як касмапаліта, так мяне й ахрысцілі. Угаворвала і ўпрошвала мяне Маці Марта вытрымаць усе «кампліменты» старшой. Жаданне й рады Маці Марты былі для мяне святасцю, і я перамагала сябе, гутарыла з той падлай і выслухоўвала яе хлусню, толькі ўжо пра Джонаў маўчала.
Пасля трох тыдняў нашага прабывання ў Львове гатавалі далёкі этап. Валька папярэдзіў нас, што паедзем. Ля нас была камера маладых людзей, якія дабравольна перабеглі ў Саветы. Я аднойчы пачула, як адзін з яўрэяў даводзіў, што ўсе яны шпіёны. Ніяк не мясцілася яму ў галаве, што нехта нармальны можа ехаць сюды з іншых меркаванняў. Былі тут расейцы, украінцы й нават нейкі француз. Маці Марта палажыла мяне ля сваіх ног, і я заснула, а яна шыла мне мяшок, бо, ведаючы варункі на этапах, баялася за мае чамаданы. Дала яна з сабою торбачку сухароў, дзесяць рублёў, і я выменяла яшчэ ў нейкай дзяўчынкі кусочак сала за нешта з адзежы. Старшая камеры маўчала, і я толькі сцерагла рэчаў, каб яна зноў не паквапілася на нешта «загранічненькае». Маці Марце я пакінула цёплую даўгую кашульку на ноч і цёмную хустачку на памяць. Мы сардэчна развіталіся з ёю, і я добра запамятавала яе адрас у Львове. На падворку перад этапам падышоў яшчэ да нас надзірацель-яўрэй і даў мне некалькі пачак папяросаў ад Маці Марты, за што забраў у мяне апошнюю дзесятку, хоць, як відно, на папяросы Маці Марта яму грошы дала. Дала й за фатыгу.
Зноў сядзелі мы ў закратаваных, спецыяльных купэ. За мною сядзелі жанчыны, якіх адвозілі недзе на Поўнач, адкуль яны паўцякалі. Рэчаў у іх не было, толькі крыху прадуктаў, вялікая любоў да Украіны й надзея вярнуцца дамоў. Як жа ненавідзелі яны чужую зямлю, куды валаклі іх сілай, усё ім забраўшы, да жабрацкіх мяшкоў. У савецкіх цягнікоў было заўсёды некалькі вагонаў для зняволеных. Вагоны гэтыя былі падзеленыя на добра закратаваныя камеры, у якіх на нізе й на версе вязлі бітком набіта людзей. На пачатку вагону туалет, у які пушчалі людзей не паводле іх патрэбаў, але паводле капрызу канваіраў, для якіх мукі зняволеных былі дзікай разрыўкай. Так жа, паводле свайго капрызу, дзялілі яны воду людзям, і людзі часам аж душыліся са смагі, а з калёшаў ад валёнак карысталі як з туалету. На другім канцы вагону быў яшчэ карцар, туды хавалі незадаволеных, над якімі асабліва здзекаваліся. Там недзе былі й «апартаменты» для канваіраў.
Колькасць зняволеных, перавозка іх, пункты перасылак, бані і т.п. — гэта было добра зарганізаванае прадпрыемства, запланаванае ў вялікіх маштабах як нейкая часць дзяржаўнай дзейнасці й неабходнасці «мудрага» марксізму. Ад гэтага станавілася і жудасна, і смешна, нават крыху радасна з таго, як нізка скаціўся вораг усяго чалавечага ў сваіх метадах нішчэння людскасці. Такое не мае, не можа мець будучыні, бо вынішчаныя людзі не моўкнуць са смерцю, а голасна крычаць да сумлення ўсяго свету, дзе ўзровень чалавека на вышыні. Усё, што сталася ўжо нармальным для абслугі гэтага прадпрыемства й для ўсіх заправілаў гэтай дзяржавы, нармальнаму еўрапейцу сціскала горла вялікім болем людскім, бяскарна пралітай крывёю нявінных. Канваіры, нядаўнія «пераможцы» Еўропы, звярталіся да свайго, нядаўна мучанага немцамі народу з такой нечалавечай лаянкай, што скура шэрхла ад іх жудасных, рафінавана брудных слоў, у якіх мяшалі і Бога, і сваю маці, і ўсё, што для нармальнага чалавека застаецца заўсёды святым. Незразумелы садызм распасціраўся ад Сталіна да канваіраў, і ўзаемным мучэнням у гэтай краіне, здавалася, няма канца й меры. Калі ўжо мяне асуджаную вязлі далей на поўнач, я пабачыла цэлыя цягнікі з т.зв. «вагонзакаў» і тысячы лагероў ля жалезнай дарогі на Варкуту. Над абсечанымі паўночнымі вятрамі ўбогімі ялінамі ўздымаліся вышкі, вышкі й больш нічога як вышкі.