Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Вось і вывалаклі гэтую кніжку, як якую ядавітую рэч, і не ведалі, што з ёю рабіць, якім цудам яна тут апынулася. Тады я пачала паціху ўпрошваць тых салдатаў, каб усё ж кніжку мне пакінулі. Яны буркнулі мне нешта азвярэла, але кніжку, як я пасля пераканалася, мне пакінулі, як і лісты ад сыночка.
Нас размяшчалі на грузавых машынах і ўсё стараліся, каб я й Джэні-грачанка селі ля сваіх мужоў. Муж прыгожай заплаканай Джэні, невысокі, але мажны сімпатычны грэк, стаяў, бедны, у чаравіках без шнуркоў, з парасолем, прытрымоўваючы адной рукой нагавіцы, бо й пояс яму забралі.
Павезлі нас за Вену, дзе адзінока стаяў цэлы цягнік на «жывы тавар» для «пераможцаў». Падганялі машыны да дзвярэй вагонаў, клалі памост і па ім заганялі зняволеных. Нейкія касавокія канваіры з віскам круцілі аўтаматамі, як пугамі, над лысымі галовамі вязняў, і здавалася мне, што гэта часы й норавы Батыя, нягледзьячы на цягнік, як іронію дасягненняў людскасці. Вагоны былі падзеленыя густа пераплеценым калючым дротам на тры часці. З левага боку жанчыны (было нас трынаццаць), з правага мужчыны — болей за сорак (сядзелі адзін на адным) і пасярэдзіне канваіры. У загарадзях былі пакінутыя толькі дзіркі, як для сабакі. Трэба было станавіцца на калені й так толькі, на жываце, туды паўзці. Паабдзіралі мы і адзенне, і голавы. Дзіркі гэтыя наглуха пазапляталі. «Туалет» для нас зрабілі незамыславаты. Выдзеўблі дзірку ў падлозе вагона, і гэта было ўсё. Для нас, еўрапеек, гэта была пакута, і мы, нягледзьячы на пратэсты канвояў, затуляліся, чым маглі, альбо чакалі ночы. Ваду піць падавалі нам праз дрот, ежу — таксама. Не было ні ложак, ні місак. Ля гэтага вагона назбіралі нашыя «апекуны» брудных іржавых банак, яшчэ, відно, ад такрошніх[180] кансерваў, з якіх і елі мы штодня той незамыславаты панцак, якім нас кармілі. Мужчыны апякалі сабе вусны, бо з тых бляшанак трэба было пад’есці некалькі асобам. Ваду давалі нам, якую хацелі, ад яе ледзь не рвала. Цягнік наш суправаджаў лекар і цэлая зграя розных чэкістых, паджарых, з хітрымі, свідруючымі вачыма, на якіх страх было паглядаць. Яны заходзілі і ў наш вагон і здзекваліся, як маглі, з бедных немачак, якіх вязлі «да мядзведзяў». Ад’язджаючы, схапіў мяне плач страшны, нялюдскі. Мне здавалася, што я ўжо ніколі не пабачу сына, як папруць мяне няведама куды й задушаць, думалася ўсё, а дзіця самое ў шырокім без літасным свеце. Якраз падышоў той «доктар» і пытаецца ў немак, чаго я так плачу, ад’язджаючы «на родину», а яны кажуць аб хлопчыку, а той: «Ничего, бандитом будет». Гэта было сказана не так сабе. «Доктар» быў, відавочна, у курсе спраў, бо, як я пасля даведалася, яны скіравалі ўсе намаганні, каб маральна й фізічна знішчыць няшчаснага хлопца.
З немак былі цікавымі жанчынамі аўстрыячкі фрау Рэнэ й фрау Фіні. Фрау Фіні, звычайная старажыха, вельмі адчувала гора Аўстрыі, на такіх «асвабадзіцеляў» глядзела з нянавісцю, верыла, што Бог дапаможа вярнуцца, і з абрыдлівасцю адварочвалася ад Элё Вінклер і нейкай Геры, якую ўсё пашчыпваў той «доктар», а ёй гэта падабалася.
У Мадзяршчыне доўга стаяў цягнік, і калі я падняла свой заплаканы твар, дык сустрэлася з поглядам такім спагадлівым, такім чалавечым нейкага мадзярскага чыгуначніка, што сэрца маё акрэпла.
Элё Вінклер голасна марыла аб тым, што ў Саветах прыгожыя футры, і яна вернецца дамоў у такім менавіта, ды яшчэ выйдзе замуж за шпіёна, якіх тут у цягніку поўна, кіне свайго старога шпіёна, які тут разам з ёю, бо ён скампраметаваўся і ў Амерыку яго не пусцяць. А фрау Фіні малілася святому Штэпану, праз край якога нас вязлі, і аж скрыгатала зубамі з гора.
Так нас прывезлі ў Львоў. Цягнік спыніўся, і нас пачалі выгружаць з вагонаў. Дзіву я дзівілася: колькі людзей! Каля гары выгружанай чырвонай плюшавай мэблі — «германскага трафея» — стаяў тоўсты савецкі генерал, увесььь у медалях, і тоўстае бруха аж вырысоўвалася боханам з-пад гімнасцёркі, а побач гналі худога страшнога генерала-немца, які, відно, нямала прабыў у падзямеллі той страшнай вілы й цяпер, пад сытым і наглым поглядам «пераможцы», плёўся, як цень, апіраючыся на рукі сваіх землякоў. Такі ўжо лёс пакананых... Нарэшце я ўбачыла майго мужа, па чале й па твару сплывалі яму ручайкі крыві. Ішоў, як Хрыстос, бледны й акрываўлены, побач шчэрылі зубы савецкія азвярэлыя аўчаркі, якімі нас адразу сустракала «отечество».
180
Такрошні — леташні.