Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
З Маці Мартай мы шчыра пасябравалі. Нягледзьячы на свае 64 гады, была яна «наймалодшай у камеры», а можа, і ў цэлым лагеры. Заўсёды ў курсе палітычных і лагерных спраў, радзіла ўсім, памагала. Нават маладыя дзяўчаткі засуджаныя дзяліліся з ёю зместам запісачкаў ад сваіх каханых, між радкамі якіх былі заўсёды і іншыя справы. У той час якраз, а быў гэта 48-мы год, забілі нейкага святара, які выступаў супраць вуніі, і аб гэтым галоўна вяліся гутаркі. Маці Марта кожны дзень, акрамя святаў ці т.зв. савецкіх выхадных, атрымоўвала з горада ад сёстраў перадачы. Дорага гэта ёй абыходзілася, бо трэба было шчодра дзяліць іх з «адміністрацыяй», але ў Маці Марты знайшлося заўсёды нешта не толькі для мяне, але й для майго мужа, якому гэтая цудоўная асоба здолела пераслаць ежу і ў зусім другі барак. Яўрэі народ вёрткі, яны за грошы зробяць што хочаш, ды прытым, як я пазней пераканалася, яны палічылі майго мужа сваім. Быў ён худы, зарослы, чорны й сапраўды паходзіў крыху не на сваю расу. Мілая геніяльная Маці Марта здолела зрабіць нават так, што аднойчы нейкі старшыня прывёў мужа ў наш барак. Была нядзеля, і мы якраз супольна адпраўлялі імшу. Я выйшла, і мы доўга маглі пагаварыць з сабою. Муж расказваў, як грэк Янайка са сваімі аўстрыйскімі сябрамі й «адміністрацыяй» барака добра ўляпілі Вінклеру. Адлупілі яго на горкае яблыка, здзерлі з яго ўсе амерыканскія рэчы, якімі адразу «завалодала адміністрацыя», і так хоць часткова адпомсцілі за безліч крыўд. Як кожны прадажны чалавек, ён падвёў яшчэ й саветаў, і за тое, забыўшыся пра іх ранейшыя «заслугі», а можа, і дзеля іх, схапілі чакісты й гэтую пару і, як усіх, паперлі да «белых мядзведзьяў». Апавясціў мне таксама муж, як ён прадаў сваю кашулю ў пасачкі, бо «ў пасачкі кашуляў ён не любіць»... за пачачку нейкага тлушчу, якога не можа есці, а свае пражскія боты прагандляваў так: папрасілі яго, каб праз кармушку перадаў нейкаму купцу адзін бот памераць, бота таго яму не вярнулі, а ноччу пацягнулі з-пад галавы другі. Успамінаў недзе пасля тую раскошную папялінавую кашулю ў пасачкі, носячы савецкія дзяругі, як і амерыканскія кансервы, якіх так баяўся. Мы стараліся не ўспамінаць Юркі, бо гэта было цяжэй нашых сілаў у гэты час. Не ўспамінаць яго было нельга, можна было толькі не гутарыць аб ім.
З мужам я сустракалася часта. Баракі абходзіла нейкая лекарка, у якой акрамя белага халата й аспірыну нічога болей не было, але факт яе існавання ўжо напамінаў «гнілым буржуям» аб вышыні савецкай медыцыны. За галубое піжамка ў кветачкі, з якога баптыстка Роза перарабіла лекарцы модную блузку, эскулапка ласкава брала мяне з сабою насіць столачак з яе няхітрымі перавязкамі, і мы накіроўваліся заўсёды, дзе быў мой муж. Погляд, усціск рукі, пару слоў, пераданая запісачка — усё гэта былі вялікія эмоцыі, якія памагалі жыць. Я была яшчэ следственнай, і мне дазвалялі йсці з бакам з другой напарніцай па кіпяток. Ішлі мы заўсёды паціху, цягнулі той бачок паволі, каб даўжэй пабыць на паветры, пачуць нешта новае, чым можна было б пацешыць сваіх у камеры.
Акрамя Маці Марты пачала праяўляць вельмі вялікі інтарэс да мае асобы старшая нашай камеры — расейка. Была яна асуджаная на пару гадоў, нейкая артыстка ці нешта падобнае, але настолькі праціўная, сказаць проста нельга. Яна як старшая камеры загадала перанесці мне мае лахманы да яе й спаць з ёю побач. «Ах, якое ў вас усё загранічненькае, — не сціхала яна, — вось прадайце мне гэту сукенку шаўковую, я дам за яе кілаграм сапраўднага масла вашаму мужу». На масла для мужа можна было мяне купіць, і мая мілая пражская сукеначка перайшла ў рукі старшой. Доўга мы радзіліся з Маці Мартаю, як ратавацца ад ведзьмы, і Маці Марта вырашыла, што дзеля спакою трэба мне ўсё стрываць, бо чалавек гэта небяспечны для цэлай камеры й Маці Марта сама ёй плаціць даніну. А Валька, наш блатны начальнік, часта заглядаў у нашу камеру й весела пашчыпваў старшую.