Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Другая проза » Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза

Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:

Двухтомнік славутай дачкі беларускай зямлі Ларысы Геніюш пабачыў свет у стагоддзе з дня яе нараджэння. Публікацыя ўвабрала ў сябе не толькі паэзію, але таксама прозу. Уключае зборнік і эпісталярную спадчыну паэткі. Другі том юбілейнага двухтомніка Ларысы Геніюш складаецца з двух раздзелаў – “Проза” і “З эпісталярнай спадчыны (1943-1983)”. У празаічны раздзел увайшлі аўтабіяграфічны нарыс “Сто ранаў у сэрца”, які ў кніжных выданнях не друкаваўся, і дакументальная аповесць “Споведзь”. У эпісталярным раздзеле друкуюцца 160 лістоў паэткі да знаёмых і сяброў, большая частка з іх – упершыню. З лістоў Ларысы Геніюш можна даведацца вельмі шмат таго, чаго нельга прачытаць у кнігах, у літаратурных і гістарычных даследаваннях, ва ўспамінах. Гэтыя лісты каштоўныя дэталямі, якія звычайна губляюцца ў памяці, каштоўныя эмоцыямі паэткі...
1 ... 74 75 76 77 78 79 80 81 82 ... 263
Перейти на страницу:

Трывожна праходзіў час у паліцэйнай чэшскай вязніцы ў Празе. Сакольскі злёт, які ў той час адбываўся ў Празе, шчодра папаўняў колькасць зняволеных. Чэхі даўно ўжо агледзеліся, што ізноў трагічна згубілі сваю свабоду, і цяпер на злёце горача й масава выступалі ў абароне свае незалежнасці, свае рэспублікі супраць насілля. Арыштоўвалі за пратэсты, за лозунгі. Людзі трымаліся мужна. Побач у камеры сядзела маладзенькая дачка Гэлены Кожэлюгавай, ведамай дзеячкі хрысціянскай партыі Чэхаславакіі. Схапілі яе на граніцы, калі старалася ўцячы пасля перавароту. Пасадзілі, бедную, у камеру прастытутак, дзе былі бруд, заўшыўленасць, цяснота. Як я чула, дык чэшскія прастытуткі аказаліся добрымі патрыёткамі. Яны памагалі зняволеным за палітыку, перадавалі справы на вонак, прыносілі інфармацыі. Казалі, што маладая дзяўчынка трымалася разумна, хаця яе й білі.

Аднойчы вечарам нейкі следавацель-крыміналіст адчыніў дзверы нашай камеры. Я са здзіўленнем глянула на яго, а ён аж замёр на парозе. Быў гэта пацыент майго мужа, абавязаны яму і ўдзячны, пан Пэшэк. Працаваў ён у розыску й вось прыйшоў выклікаць на допыты нейкую дзяўчыну з нашай камеры, якая ўжо суткі плакала, атручваючы нам і без таго цяжкі настрой. Затрымалі яе ў кафэ разам з яе кавалерам, які, як пасля высветлілася, украў аўто, на якім весела яе развозіў па Празе. Візiта пана Пэшэка мела для нас той добры бок, што гэты харошы чалавек пачаў нас абяспечваць перадачамі, якія былі аднолькавымі са спешна купленых мужчынам прадуктаў і вызначаліся вялікай колькасцю папяросаў, як мне, так і мужу. Муж, які перацярпеў у Пісэку мукі без курава, меў цяпер што курыць, бо пры першай магчымасці я яму перасылала й свае. Ніколі не забудуся пра болем скрыўлены твар пана Пэшэка, калі вялі нас паказаць савецкаму прадстаўніку, які панура й тупа аглядаў свае ахвяры. Пэшэка перакрывіла нейкім жудасным болем, і па твары гэтаму суроваму чалавеку цяклі слёзы. Больш-менш пазнаўшы парадкі й прадстаўнікоў гэтага ладу, ён, відавочна, уяўляў сабе ўсе нашыя мукі наперад. Яшчэ горай чуліся мы з мужам, жах, які нас чакаў, спыніў мне і слёзы, і дых. Доля сына свідравала мозг, паласавала нервы. Толькі прыклікаўшы на памяць усе цярпенні мае Радзімы й колькасць ахвяраў праз усе варожыя акупацыі, я зноў прыклікала ўсе свае духовыя сілы, каб стрываць і найгоршае.

А найгоршае прыйшло хутка. Аднойчы з раніцы аб’явілі мне аб ад’ездзе. Гэта было нешта, як смяротны вырак. Не хапіла ўласных сілаў, і я апусцілася на калені. Схаваўшы голаў у далоні, усёй душою прасіла ў Бога літасці над маім дзецем і сілаў для нас. Прад намі, здавалася мне, прорва, суцэльная без глуздзіца й бесчалавечнасць, дзе замест усіх людзьмі прызнаных праўд стаіць, раскарачыўся крывавы Сталін, якому ачумелыя расейцы аблізваюць жудасныя кіпцюры з крыві іх родных бацькоў і сыноў, пралітай тыранам самохаць і непатрэбна. Надзеі на ратунак — ніякай. Бо, каб выратавацца, заставалася прылучыцца да натоўпу і, адкінуўшы з душы ўсе здабыткі людское культуры, зрабіцца такім жа бітым сабакам і з жудасных лапаў слязмі змываць кроў вынішчанага тыранствам майго роду.

Нас пасадзілі ў машыну, якую вязні называлі «Антонам», зялёную, шчыльна закрытую, і з некалькімі яшчэ хлопцамі, якія, відавочна, праштрафіліся ў арміі ці збеглі з яе, адвезлі ў савецкі лагер перамяшчэння захопленых імі на Захадзе ахвяр. На дзеравянай браме, за якой чырванелі гарластымі надаедлівымі лозунгамі дзеравяныя баракі, красаваўся надпіс: «Добро пожаловать», як быццам і сапраўды мы ехалі да звычайных людзей з чалавечымі абычаямі й хоць мінімальнай культурай. На дзеравяных сталох, нічым не пакрытых, стаялі жалезныя міскі з нейкай капустай і ляжаў нарэзаны хлеб. Людзі былі змораныя астрогамі, бледныя, нехта еў, нехта ўжо пачынаў хваліць «родину». Задаволена й дзіка на нас паглядаючы, пахаджвалі «начальнікі», выпаўнялі план сілай і абманам вырваных у Захаду ахвяр.

1 ... 74 75 76 77 78 79 80 81 82 ... 263
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)