Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1973
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
— Гражданы вобчаства, мужчыны і бабы, сядзім мы пры лучыне і самі закурэлі, як галавешкі. Газы няма. І солі, каб прысаліць які гаршчок, нідзе і драбочка не знойдзеш. Як пахне мыла, ужо і бабы забыліся.
Відаць, Ліза дакладна перакладала прамову старасты, бо камендант усміхаўся і ківаў галавою.
— Калі ж мы згарнізуем каперацыю, збяром паі, выберам крамніка, казначэя і ўсю ўправу, можна будзе тое-сёе даставіць з Бабруйска.
— Хоць бы трохі анучы адмыць ды вошы на дзецях выпрудзіць,
— Бацвіння няма чым прысаліць,— загаманілі бабы.
З апошняй лаўкі падняўся высокі бялявы Пракоп Малаковіч. Мужчыны пераглянуліся, зашапталі:
— Бач ты яго, і не баіцца.
— А чаго яму баяцца, ён жа не канакрад які.
— Няхай навалач гэтая нас баіцца, а мы ў сябе дома. Вось так!
— Сціхніце вы,— сыкнула на іх Параска.
Пракоп гаварыў спакойна і разважліва:
— Што кааперацыя нам трэба, кожны ведае. Дык каб доўга не гаварыць, давайце выберам праўленне, казначэя там, прадаўца. Збяром паі і няхай едуць у Бабруйск. Я думаю, лепшага казначэя, як Мікодым Гошка, нам не знайсці, а крамнікам няхай быў бы хоць Цімох Валодзька. Хлопец ён малады, вёрткі. Адным словам, свой чалавек. Ну і Сцяпан Жынко, як граматнейшы, над імі за старшага. А як вы думаеце?
— Думаем так, як і ты,— з другога канца выгукнуў Лявон Адзінец. А Ліза, седзячы побач з вусатым немцам, усё шчабеча яму на вуха, усё пераказвае, хто што гаворыць.
З-за апошняй лаўкі высунуўся доўгі, як жардзіна, Аверкаў Каленік. Шэрыя валасы звісалі аж на каўнер крамнага пінжака. З маленства ён падаваў кадзіла папу і сам збіраўся пайсці ў боскія служкі. А як закруціла вайна ды рэвалюцыя, узлаваўся на ўвесь свет, зашыўся на бацькавым хутары. У нядзелю і на прастольныя святы спяваў на клірасе і часам, калі не было дзяка, чытаў «Апостала». А цяпер здурэў, ці што? Выскачыў, бы Піліп з канапель, ды як ляпне:
— Няхай паненка перакажа гаспадзіну каменданту, што тут сабраліся адны бунтаўшчыкі і рэўкомшчыкі: і Пракоп, і Лявон Адзінец, і Параска, і той жа хвалёны Мікодым. Хапайце іх і вяжыце!
Усім аж дух заняло ад неспадзеўкі. Ліза пабялела ў твары, азірнулася на бакі. Камендант яе запытаў:
— Was sagt dieser Bauer?[6]
Дзяўчына нахмурыла бровы, нібы падбірала патрэбнае слова, потым усміхнулася і пераказала:
— Er sagt Produktionsgenossenschaft das ist gut[7].
Ніхто не зразумеў, што яна сказала. Усе са страхам чакалі, што будзе рабіць камендант. А ён заківаў блішчастаю каскай, заварушыў цупкімі рудымі вусамі і праз жоўтыя конскія зубы прабурчаў адзінае зразумелае слова:
— Gut! Seher gut[8]
Хтосьці Калешка так тузануў за пінжак, што той аж язык прыкусіў. Некалькі галасоў прашаптала: «Юда, хрыстапрадавец!» І ўсе змоўклі, нібы нічога і не было.
Так, як і прапанаваў Пракоп, у кааперацыю абралі Цімоха Валодзьку, Мікодыма Гошку і Сцяпана Жынко. У былой манапольцы вырашылі зрабіць краму. Камендант дазволіў раз на тыдзень збіраць праўленне і кожны месяц — сходы пайшчыкаў, выпісаў пропуск ездзіць у Бабруйск па тавары.
Рудабельская кааперацыя заварушылася на другі ж дзень. Малады, малы, як вузельчык, і вельмі ж спрытны Цімох Валодзька толькі што сыскаўся з нейкага далёкага салдацкага шпіталя і цяпер, згаладалы па рабоце, прыбіваў паліцы ў краме, збіраў па хатах мяхі пад соль, запісваў, што каму прывезці. Мікодым хадзіў з двара ў двор і спаганяў паі, каб было, як ён казаў, за што рукі зачапіць.
Ахвотна дзядзькі ехалі ў падводы па тавары для кааперацыі. З пропускам рудабельскай камендатуры іх нідзе не затрымлівалі нямецкія патрулі. Валодзьку нават дазволілі браць з сабою карабін, каб адбівацца, калі часам нападуць «бандыты».
У Бабруйску Валодзька прыязджаў на склад, адабраны рэўкомам у купца першай гільдыі ў самым пачатку рэвалюцыі. Гаспадар некуды з'ехаў, а складам так і загадваў бальшавік Ліакумовіч, у свой час прызначаны загадчыкам продаддзела. Склад стаяў на Бярэзінскім фарштаце, далёка ад людскіх вачэй. Бабруйчане забыліся, а немцы і не чулі пра яго існаванне. Густаў Шульц выдаў Ліакумовічу паперу з пячаткамі гарадской управы, якая сведчыла, што склад належыць таварыству сельскіх кааператываў. Гэта сцвярджала і шыльда, прыгожа размаляваная загадчыкам. Ліакумовіч, чалавек інтэлігентнага выгляду, з пышнымі, заўсёды дагледжанымі вусамі, у белых манжэтах і каўнерыку, сядзеў у маленькай баковачны і выпісваў тавары, а ў складзе варочалі скрынкі Барыс Наймай і Шолам Агал. Яны пад мыла закладвалі мяшэчкі з порахам, піраксілінавыя шашкі, абоймы патронаў, запакоўвалі пачкі газет, якія прывозіў з Оршы Катловіч, лістоўкі, аддрукаваныя ў Бабруйску, і нумары «Rote Fahne».
6
Што кажа гэты селянін? (ням.)
7
Ён кажа, што кааперацыя — гэта добра (ням.)
8
Добра, вельмі добра (ням.)