Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1973
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Мікалаю Мікалаевічу было крыўдна слухаць папрокі маладога пана. Ён жа чакаў падзякі, што збярог хоць тое, што можна было зберагчы. У глыбіні душы ён не столькі дбаў пра барона, колькі пра сябе. Не раз хацелася захапіць самае каштоўнае і знікнуць з гэтай прапашчай, завашыўленай і ўзбунтаванай Расіі. Уцячы куды вочы глядзяць: у Румынію, у Чэхію або ў Францыю. Купіць кавалачак зямлі і быць гаспадаром самому сабе, а не служыць усё жыццё чорту лысаму. Але загаварыў пра іншае.
— Асмелюся далажыць, ваша светласць, калі б мы распусцілі нюні, дык ад вашага маёнтка засталіся б толькі галавешкі. Не без майго ўдзелу на хутарах, дзейнічае адборны атрад нашых людзей пад началам маладога прапаршчыка Казіміра Ермаліцкага і былога настаўніка Парфіра Плышэўскага. Тры воласці даўно пад іх кантролем. А рудабельскай бандзе Салаўя сам Доўбар-Мусніцкі не даў рады. Гэтыя галаварэзы раззбройвалі салдат, не прапусцілі ў Ратміравічы браніраваны цягнік, заманілі ў пастку і перабілі цэлы атрад легіянераў.
— Не палохайце! Пра «страхі» я наслухаўся па дарозе сюды,— нецярпліва перапыніў барон.— Давайце лепей падумаем, з чаго пачнём. К вечару падрыхтуйце спісы ўсіх, хто расцягваў маё дабро, хто дзяліў зямлю, і прад'явіце ім рахунак: у дваццаць чатыры гадзіны ўсё даставіць на месца. Вам ясна?
Мікалаю Мікалаевічу было настолькі ясна, што але твар яго пасвятлеў. Вярнуць усё назад — тое самае, што вырваць з воўчых зубоў костку. А што на гэта скажуць рэўкомшчыкі? Яны ж недзе тут, пакуль што прытаіліся, думаюць. І не проста так, без бою, пусцілі сюды немцаў. Можа заманілі ў пастку. Адным словам, спаць трэба не распранаючыся. А барону што? Накрычаў, загадаў і паехаў. Калі ўдасца, вядома, гэтыя салаўі-разбойнікі і яго могуць спраўна пачапіць на горкую асіну.
— Без узброенай сілы, ваша светласць, нічога не зробіш,— асмеліўся ён прызнацца,— мужык азвярэў. Сілу трэба ламаць сілаю.
— Не палохайцеся. Нямецкія салдаты нам дапамогуць,— гаркнуў барон.
Мікалай Мікалаевіч выцягнуўся, як на парадзе.
— І яшчэ. Я хачу бачыць прапаршчыка і настаўніка. Падумайце, як гэта лепей зрабіць. А пакуль можаце ісці.
Мікалай Мікалаевіч знік за дзвярыма. Барон некалькі разоў прайшоўся па пакоі. Праз акно ўбачыў паджарага нямецкага афіцэра. Ён, ляскаючы кароценькім стэкам па наглянцаваных крагах, ішоў у палац. Барон пабег яму насустрач, каб, нібы незнарок, сустрэцца ў вестыбюлі.
— Гут морген, гep командант,— весела і бесклапотна прывітаўся з ім барон. Той змушана ўсміхнуўся конскай усмешкай, паказаўшы доўгія жоўтыя зубы, і запрасіў у свой кабінет ка першым паверсе.
«Хто ж тут, нарэшце, гаспадар? — з абурэннем падумаў Урангель.— Калі б мы з табою сустрэліся дзе-небудзь пад Сувалкамі, я з цябе б зрабіў рэшата, а пакуль... пакуль трымайся, генерал!»
Камендант прапанаваў барону садзіцца побач, на канапе.
— Я вымушаны прасіць пана каменданта дапамагчы вярнуць маю маёмасць, раскрадзеную бандытамі, і наогул навесці парадкі ў навакольных вёсках: пара канчаць з бандытамі і давесці мужыку, што ён — мужык.
— Армія не ёсць паліцыя, пан барон. І ўсё ж мы паможам вам. Але перш за ўсё — кантрыбуцыя. Хлеб, масла, сала неабходны імперыі. Мы будзем браць і пасылаць у фатэрлянд. А нам і вам павінны памагаць самі мужыкі.
— Як? — здзівіўся Урангель.
Камендант хітранька засмяяўся.
— Трэба, выбраць самакіраўніцтва. Нацкаваць адзін на аднаго і няхай сабе грызуцца і памагаюць нам.
Назаўтра Мікалай Мікалаевіч з трыма салдатамі ездзіў вярхом на кані ад хаты да хаты і загадваў збірацца ў маёнтак на сход.
У панскі двор ішлі толькі старыя і кабеты: ліха яго ведае, што там загадаюць. Але ніхто дабра не чакаў. На дзядзінец перад пакоямі ступалі маўклівыя і панурыя мужчыны, кожны стараўся стаць воддаль, схавацца за нечую спіну. Прыйшло некалькі ўдоў. Сярод іх была і Параска, босая, у зрэбным андараку, палінялай хустачцы, завязанай пад бараду.
Калі сабралася чалавек сорак, на ганак выйшлі нямецкі камендант і сам барон у расшпіленым кіцелі, без пагонаў, з чорнымі, нібыта прыклеенымі валасамі, сухарлявы і тонкі, як хлудзіна.
Многія «свайго пана» бачылі ўпершыню. Можа, каб не навалакліся германцы, так бы ніколі і не ўбачылі, што гэта за фрукт — барон Урангель.
Рыжавусы немец з конскімі зубамі падняў руку і загаварыў па-нямецку. Потым змоўк і паглядзеў на барона. Той выйшаў наперад, абвёў усіх маленькімі, глыбока запалымі вочкамі.