Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Ад сяўбы да жніва - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Ад сяўбы да жніва

Электронная книга - «Ад сяўбы да жніва». Краткое содержание книги:

Народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль даўно, яшчэ сваімі першымі апавяданнямі пакарыў сэрцы чуйных да роднага слова чытачоў. Янка Брыль — сапраўдны паэт у прозе, адзін з глыбокіх нашых псіхолагаў, майстар лепкі ў слове вобразаў, якія за вонкавай прастатой нясуць у сабе глыбокі падтэкст, мастацка-філасофскае асэнсаванне жыцця. У кнігу ўвайшло лепшае у жанры апавядання, створанае аўтарам за паўвека плённага творчага жыцця.
1 ... 77 78 79 80 81 82 83 84 85 ... 238
Перейти на страницу:

Снегавых не відаць. Да самай вяршыні зялёнай гары ўзбіраюцца дрэвы, якія адгэтуль, з марскога берага, здаюцца кустамі.

Хмары над гэтай зелянінай, ці, лепш сказаць, — на гэтай зеляніне, здаюцца дымам вялікіх вогнішчаў, раскладзеных дзесьці ў тарах. Вогнішчы тыя доўга гараць, лена i безупынна падпускаючы адтуль на мора дым. Ды ён ніяк не хоча разлучацца з зелянінай гор…

Бязмежная паэзія, якую нашай лыжачкай не вычарпаць да дна.

* * *

Цясніны з сухімі, камяністымі рэчышчамі. Горная дарога, абапал якой то бамбук, то гранатавыя дрэвы з чырвонымі i пругкімі, як з воску, кветкамі, то дубы i грабы, то кусты ажыны. Каменныя домікі на высокіх падмурках. Дзіўна маленькія вуллі. Ослік стаіць на ўзбоччы гары, ніяк не могучы прыдумаць, дзе б гэта напіцца… Карова звоніць бляшаным іржавым званком. Высвістваюць дразды. Козы пасуцца з мяшэчкамі на вымі, каб казляняты не ссалі ix без ведама гаспадынь. Стары абхазец, пастух у чувяках, падобных на скураныя лапці нашых пастухоў. Босыя хлапчукі ў цюбецейках. Загарэлыя, абавязкова вусатыя мужчыны волакам цягнуць на валах з гары тоўстыя, грымучыя бярвенні…

Радуле Сційенскі, паэт не толькі за рабочым сталом, расказвае мне пра сваю далёкую Чарнагорыю. Цікавы чалавек — з яго прыемна калечанай рускай мовай, з яго маладосцю ў шэсцьдзесят год, з разумным гумарам i веданнем гор.

Сардэчная паэзія далёкага маленства!.. Як ён, Радуле, калісьці прабіваў браню чарапашкам, звязваў ix, запрагаў у малую сошку i «араў». Як яму пахне адтуль пастушыная яда — авечы сыр, ляпёшкі i дзікі часнок…

Мы ідзём па камяністай, вузкай дарозе, апіраючыся на доўгія бамбукавыя посахі.

Далека ўнізе — мора з каёмкай пены каля берага.

Зялёныя вяршыні гор, абмочаныя знізу ў рэдзенькі студзень сівых воблакаў,— штораз бліжэй да нас, a ўсё ж — высока!..

— Добры дзень! — з натуральнай прыязнасцю вітае мой спадарожнік сустрэчную абхазскую бабулю. Засушаную, лёгкую, усю ў чорным. І зусім сур'ёзна пытаецца ў яе: — Скажыце, a ці далека яшчэ да Царграда?..

* * *

Ноччу была навальніца: гром над морам i стук дажджу па вялікіх л i ста х смакоўніцы.

Зранку хмары, яшчэ ўсё цёмныя, ішлі з мора на горы. Там, над вяршынямі, неба святлейшае, нават не-не ды пакажацца сонца. На захадзе — рэзка акрэсленая лінія марскога далягляду. На цёмнай вадзе — белыя баранчыкі, на цёмным небе — белыя чайкі.

Свежа, духмяна, прыгожа.

Апоўдні хадзілі ў горы.

У калючым ажынніку — чорныя, спелыя ягады. Назбіраеш жменю, глынеш — нібы глыток вясёлага віна. У засені магутных букаў, на вышыні шасцісот метраў, ляжаць сівыя, папярэшчаныя зялёным мохам камяні…

Добра закурыць на абрывам цясніны. І гутарыць «о временах грядущих…».

Добра гайдацца, учапіўшыся за пругкае голле бука.

Добра знайсці сцюдзёную крыніцу i прыкленчыць каля яе гаваркой вады.

Добра ўспомніць, што ўчора ты стаяў на носе

імклівага кацера i — паміж ціхім морам ды спакойным небам — адчуваў сябе вольным, як чайка!..

1952

СНЯЖОК І ВОЛЕЧКА

Вельмі выразна і прагна, як той, хто стаміўся ад смагі, успамінаю драўлянае вядро, даверху поўнае празрыстай, халоднай вады. Мама нясе яго па двары, а са страхі злятае мой голуб Сняжок і садзіцца на край вядра. Вада ў вядры калыхаецца, і піць яе нязручна. Ды голуб п'е, а мама смяецца і ставіць вядро на зямлю.

Мама змарылася, жнучы ад рання, спяшалася дахаты, падаіць Падласку, пакарміць мяне, і зноў спяшаецца ў поле. Мы жывём першае лета без таты, і маме цяжка, а я — сірата. Ды я — мужчына, і хачу быць яшчэ большы і ўсё рабіць, каб маме было лягчэй. Я добра пасу, скрабу ўвечары бульбу, хаджу па дровы…

Бывае, праўда, і так, што я трошкі нашкоджу і мама злуецца. Аднойчы так засядзеўся над рэчкаю з вудай, што мама поцемку сустрэла мяне на лузе. Падласка сама прыйшла дахаты, і мама вельмі спалохалася, куды я падзеўся. А то мы раз з Міхасём, маім сябрам, пачалі віць адразу дзве пугі, і не было каму патрымаць нам вяровачкі, дык мы падлажылі абодва канцы пад вазон. Мы сабе толькі паплёўвалі ў рукі, вілі, а вазон усё ехаў на падаконніку, пакуль не гупнуўся на падлогу. Мама злавала зноў, а я зноў абяцаў, што не буду нягодны. I я стараюся, а мама верыць мне, што я хачу быць добры. Бо мама вельмі добрая сама.

Гэта ведае і Сняжок. Вада ў вядры памалу перастае калыхацца, і ён п'е, не адымаючы дзюбы.

— Перадыхнуў бы хоць! — гаворыць мама. — От дзе хіба рассохся. I праўду кажуць, што «цягнеш, як голуб».

Яна смяецца. Я сяджу ля вядра на зямлі, і гэтак мне добра глядзець на вясёлую маму. Таксама добра глядзець, што мой Сняжок сядзіць на краечку вядра, учапіўшыся за гэты край чырвонымі маршчыністымі ножкамі, а ў вадзе, чым больш яна аціхае, усё выразней адлюстроўваецца яго белае волле.

1 ... 77 78 79 80 81 82 83 84 85 ... 238
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)