Ад сяўбы да жніва
- Автор: Брыль Янка
- Год: 1987
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Ад сяўбы да жніва». Краткое содержание книги:
— Не, не каршун, — смяюся я і гладжу Сняжка, каб супакоіць яго.
А маладая Волечка глядзіць на нас са страхі і, нібы ёй дрэнна відаць, паднімае раз-поразу ўверх сваю маленькую чубатую галоўку.
Эх ты, Сняжок! Ну, што за дзіва, што ты не баішся мяне? Ці даўно гэта было, як ты, яшчэ не могучы лятаць, хадзіў за мной па хаце, пішчаў і кланяўся, растапырыўшы крыллі, прасіўся на рукі? А ці даўно ты, ужо на двары, таксама злятаў са страхі да мяне на плячо і лез з дзюбай у рот, прасіў есці? А сёння ты — вялікі гаспадар, герой, мужчына!
I ты ўжо кружышся, вурчыш, як твой бацька, вечна нездаволены буркун. Ану, пайшоў!
Я падкідаю Сняжка далоняй уверх. I разам з ім са страхі, палахліва залопаўшы ў крыллі, узлятае і Волечка.
I вось яны кружаць пад чыстым блакітным небам. Дабраўшыся да тых, нацягнутых уверсе і нікому нябачных дратоў, мой белы прыгажун чапляецца чырвонымі лапкамі за драціну і пачынае куляцца. Побач з ім куляецца і кружыць вакол яго белай пу-шынкай на ветры малая, ціхая, спрытная Волечка.
Няхай куляюцца! Ім будзе весела ў мяне, спакойна, добра. Жандар больш не разбурыць іх гнязда: мы з Міхасём адвучылі нягодніка. Мы парабілі цяпер такія галубнікі, што ніхто не далезе, ніхто не да-стане!
Гляджу — не магу наглядзецца.
1952
ГАЛЯ
Калісьці, пры панах, гэта быў хутар. З шасцю дзесяцінамі добрага поля адразу за садам, з новым вялікім гумном, двума хлявамі і малой старасвецкай хатай. Без шчыта яна, наўкруг накрытая саломай, зялёнай ад моху, нізка насунутай на малыя прыплюшчаныя вокны. Так і глядзела на свет, як сам гаспадар, заўсёды зажмураны Данька, стары Хамёнак, бязлобая галава якога нібы ўрасла ў зімовую шапку — аблезлы, раней, калі верыць старому, гарадскі каракулевы каўпак.
Цяпер гэты каўпак недзе яшчэ ўсё валяецца на гарышчы, а сам Данька Хамёнак ляжыць на ўзгорку пад хвойкамі і муравой. Ад хутара застаўся толькі сад, скрыпучы журавель над зрубам студні і тая самая хата.
У хаце ад усёй Хамёнкавай сям'і ўцалела толькі нявестка Галя з дзецьмі, хлопцам і дзяўчынкай.
Спакойны жнівеньскі вечар. Сонца зайшло. Галін хлопец, падлетак Антось, пайшоў у поле да малатарні. На верхавіне старой ліпы за агародам пагасла чырвань на лісці; шпакі ўзняліся з голля і панеслі свой кірмаш у вёску. Пад паветкай за сенцамі, аддаўшы вячэрні ўдой, лягла на свежым подсціле карова. У хаце за сталом сядзіць чарнявая Сонечка, на поўны рот запіваючы хлеб сырадоем. Тонкія загарэлыя ножкі яе, як і ва ўсіх пастушкоў, папораны ржышчам. Сонечка памыла іх каля студні халоднай вадой, і ногі садзеюць да самых каленак. Яна то пацірае іх адна аб адну, то проста стрыжэ імі пад высокай лавай. Сонечка хоча гаварыць.
— Мамка, — кажа яна, — а сёння Лёня Сцяпанаў смяяўся з мяне. Ты, кажа, пані. Ты, кажа, хутаранка. А чаму? Чаму ён смяецца?
Галя стаіць, прыпёршыся да шафкі з посудам, амаль прысеўшы на яе. Над галавою Галі, на сцяне — стары гадзіннік. На запыленым цыферблаце яго напісана не нашымі літарамі нейкае слова. За ўсе гады, пакуль гадзіннік тут вісіць, ніхто нават не пацікавіўся, што яно азначае. Наогул па гадзінніку разбіраліся толькі мужчыны і Галя. Свякруха пражыла свае семдзесят год, ні разу не падумаўшы аб тым, якое сёння чысло… Даўжэйшая стрэлка гадзінніка адламалася яшчэ ў вайну, кароткая стаіць на адным месцы тыдні ўжо, мусіць, са тры. Жніво. Галіны рукі, загарэлыя да лакцёў, гудуць ад стомы. Галя яшчэ ўсё як быццам не дома. У памяці бясконцым ланцужком ідуць адзін за адным вузлы перавяслаў, закручаныя спрытнымі пальцамі, адзін за адным кладуцца на пожні цяжкія снапы. У вушах яшчэ цокат жняяркі, паасобныя словы, абрыўкі песень, смех, шум збажыны і шоргат іржышча…
— Мамка, чаму?
Галя прыпамінае словы дачкі.
— Чаму? — перапытала яна, яшчэ не гатовая да адказу. І Сонечка адказвае на пытанне сама.
— Мы, кажа, у вёсцы жывём, — гаворыць яна, жуючы, — а вы на хутары. І дзед твой быў пан, і тата пан, і ты таксама паненка.
— А ты скажы яму, што ён яшчэ дурны, — гаворыць Галя нейкім млявым, бяссільным ад стомы голасам.
Яна хацела гаварыць яшчэ нешта, але раптам змоўкла. Слых яе зноў улавіў той самы, на момант згублены гул. У хаце, пад старым гадзіннікам зноў засталася яна не ўся, нібы не ўся яшчэ вярнулася з поля.
— Ты еш, дачушка. Еш ды лажыся. Годзе.
— А ты куды пойдзеш?
— Я хутка прыйду.
Галя стаіць за вішняком, успёршыся рукамі і грудзьмі на шэрую жэрдку старой агароджы. Галя глядзіць у поле. Ногі ў церпкай, халоднай расе, вочы — недзе далёка, далёка… У пшаніцы, якая даходзіць да самага вішняку, сакочуць конікі. Далей недзе — лён стаіць у пучках; таксама многа, многа льну. Яшчэ ўсё цёплы, не астыў ад спёкі, пахне, — смачна пахне, нібы прысмажаны алей… А над пшаніцай, над лёнам, над хлебнай, спакойнай зямлёй — высока ў небе поўны, усім задаволены месяц.