Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Жаль мне было сына, але жаль і мужа. На мае просьбы ўцячы на Захад ён цвердзіў адно, што ён сацыяліст і г.д., а калі ўжо не знаходзіў аргументаў, дык проста заяўляў, што амерыканцы ядуць адныя кансервы, а ён іх не любіць. Часта пасля ён сабе ўспамінаў тыя амерыканскія кансервы, калі ў Пісэку лупіў чорную бульбу ды аблізваў цвярдога селядца, якога некалі бачыць не мог. Расказваў, як аднойчы давалі яму праз кармушку селядцы для камеры, а ён ніколі іх не трымаў у руках, і яны яму вываліліся на падлогу.
Калі прыязджаў Юра й мы крыху з сабою размаўлялі, дык я ўсё пыталася, як ён есць, а ён у мяне пытаўся, як я сплю? Не прывычная я ў жыцці да выгодаў, але адно — не магу на цвёрдым спаць. Пасцель мая мусяе быць мяккая, чыстая, найлепш на сетцы, а столькі гадоў давялося мучыцца на нарах! Падушка са стружак і ніякага прасцірадла гадамі... Аб сыну я забывалася толькі тады, калі засынала, і то клапатліва й асцярожна нехта і ў сне ўводзіў мяне ў кола яго зацікаўленняў і адзіноцтва. Я адчувала амаль усю бездапаможнасць яго ў жыцці перад змяінай, найпадлейшай хітрасцю й тактыкай ворага. Можна было толькі верыць у Вышэйшую сілу й спадзявацца на Божую дапамогу. Мы былі як у пашчы льва, і я лічу цудам, што клыкі ворага не заціснуліся на нашым горле.
Юра часта прыязджаў у той Пісэк. Часам глянеш на твары надзораў з нейкім лагодным чалавечым усмехам і адчуваеш, што гэта дзіця зноў тут, і чысціня яго, і глыбіня болю перамяняе нат сэрцы ворагаў. Часамі бывала трагічна. Памятаю, як аднойчы пасля адсуну Бэнэша новы прэзідэнт Чэхаславакіі Готвальд[174] адзначаў сваё прэзідэнцтва амністыяй для вязняў. Хлопчык пагутарыў з намі. Надзорка дазволіла яму перадаць мне пакецік з амерыканскім сняданнем з варункам, што я яго з’ем пры ёй. Ён быў рады. Ручкамі цераз краты выціраў мне слёзы, а сам ніколі не заплакаў. Быў мужны, але, як аказалася, толькі пры нас. У той дзень якраз адпушчаў Готвальд сваіх больш-менш аднадумцаў, і малы хлопчык стаяў ля сцен вязніцы, дарма шукаючы вачыма між выходзячых сваіх бацькоў. Жанчыны з мае камеры вярталіся з працы й бачылі, як адчайна плакаў ён, адзінокі, бедны, каля той вязніцы, дарма там стоячы да позняга вечара.
У міжчасе ведаючы, што нас ратаваць немагчыма, кум наш забіраў хлопчыка ў Польшчу. Мы падпісалі даверанасць, што аддаем сына пад яго апеку. Перадаў ён мне зажатую ў пальчыках маленькую фігурку святога Антонія, калі прыйшоў развітацца. Было крыху лягчэй, што адвозяць яго ў Польшчу, здавалася, там ён хутчэй выратуецца. На сабе мне не залежала, я была гатовая прыняць самыя страшныя цярпенні, якія моўчкі прымаюць змагары за сваю Радзіму. Няведама пашто й за што ўпляла доля ў гэтае цярпенне й майго мужа, і гэта было мне балюча й непрыемна. Калі людзі ад’язджалі на Захад, ён упарта цвердзіў, што ён сацыяліст і яму будзе добра пры новай уладзе ў Чэхах. Тое ж думалі амаль усе чэхі, а мне замірала сэрца з жудасных прадчуццяў усходніх Асвенцімаў, дзе места печаў спальвалі людзей палярныя маразы, здзекі надзораў, адпаведных сваяму палітычнаму рэжыму, непасільная праца, амаль забарона лістоў (пісаць два разы ў год) і чвэрць стагоддзя пакарання за патрыятызм, што чалавеку нагадвала смерць за жыцця...
У Пісэку ніколі не было палітвязняў, дык і бібліятэка вязніцы была прыстасаванай для абмежаваных праступнікаў людскіх законаў. Не магла я чытаць тых убогіх абмежаваных раманаў са слашчавасцю мінулага веку й аднойчы сказала гэта мужу пры сустрэчы. Суддзя, які прысутнічаў пры нашай размове (такі закон), прыслаў мне ў камеру пару цікавейшых кніг, між імі й томік паэзіі Бадлера[175]. Мая ўвага спынілася на вершы, дзе адыходзіць карабель і людзі адплываюць ад сваіх назаўсёды. Не памятаю слоў, але верш гэты прадсказваў маю долю, нечалавечна жудасную, без літасна адзінокую.
Надышоў дзень, калі падліза немка Ольга, няшчасная дзеўчына й адумысловы стукач, пранюхала недзе ў начальства, што мяне адвязуць, каб выдаць у рукі расейцам. Гэта ўжо адчувалася, і я была даволі спакойнай. На выратаванне не было надзеі, і трэба было йсці насустрач усяго, што вякамі нёс расеец няшчасным сваім суседзьям, мала ўступаючы сваяму сябру па духу Адольфу Гітлеру. Увесь ператварыўшыся ў плаза, поўзаў цяпер расейскі народ ля клятых сталінскіх ботаў, ліжучы падэшвы вялікага крывапіўца й прадаючы на мукі безліч сваіх братоў. Не кожны трынаццаты тут быў Іудам і не кожны пяты! Я мала памылюся, калі скажу, што Іудам тут быў кожны другі. Не маючы магчымасці чэсна жыць, мець нармальныя варункі існавання й росту, расеец меў адзіны шлях выбіцца над узровень другіх рабоў — ён даносіў. Даносіў з пялюшак і з пялюшак хваліў не думаючы страшных тыранаў чалавецтва, якія натхнялі нянавісцю да Бога й чалавека сваіх грамадзян і сталіся «прадцечам» самога фюрэра ў сэнсе злачынстваў. Паняцце «чалавек», на ўзровень якога ўзняло нас хрысціянства й дасягненні людскога розуму, дзіка бурылі «частку божага твору», ператвараючы ў «шрубку» пякельнай сталінскай машыны, папераджаючай печы Асвенціма й колькасцю ахвяр перавышаючай іх... Не пратэставаў ужо амаль ніхто. Усё было аберуч вынішчана самымі расейцамі, а хто й сказаў слова супраць, дык сказаў яго толькі — раз... Другі раз нікому не давялося, бо такіх хапалі, судзілі й засылалі ў пустыні, дзе ўсё, пачынаючы ад клімату, было прадумана прыстасаваным да масавага нішчання людзей маральна і, безумоўна, фізічна. Вось што мяне чакала.
174
Готвальд Клемент (1896–1953) — дзяржаўны і палітычны дзеяч Чэхаславакіі, з 1945 г. старшыня Цэнтральнага камітэта камуністычнай партыі Чэхаславакіі, з 1948 г. прэзідэнт Чэхаславацкай Рэспублікі.
175
Бадлер Шарль (1821–1867) — французскі паэт.