Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 9789857089598
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
Эстэтычная глухата да лепшых нашых здабыткаў, грамадзянская абыякавасць у пытаннях элементарнае справядлівасці не ўзбагачае наш інтэлект, калі не сказаць болей. У гэтым сэнсе нельга не заўважыць пісьменніцкую і проста грамадзянскую інертнасць некаторых нашых старэйшых літаратараў да пытанняў сучаснай нацыянальнай літаратуры. Мякка кажучы, здзіўляе іх абыякавасць да хвалюючых і кардынальных літаратурных праблем, умяшанне ў якія іх, людзей з аўтарытэтам і вялікім вопытам, засцерагло б агульную справу ад шматлікіх хібаў. Сапраўды, хто і дзе з старэйшых надрукаваў артыкул аб надзённых пытаннях нашага мастацтва, хто з іх прывёў каго маладзейшага ў літаратуру, дапамог у пачатку шляху? За апошнія 10–12 год вядомы толькі адзін выпадак некаторай такой зацікаўленасці — гэта рэцэнзія Піліпа Пестрака на першы зборнік Рыгора Барадуліна. Яшчэ некалькі слоў аб маладых надрукаваў Міхась Лынькоў. Болей падобных прыкладаў, здаецца, няма. Некаторыя ў гэтых адносінах бачаць старую, як свет, праблему бацькоў і дзяцей, але, здаецца, у наш час і ў нашай краіне няма такой праблемы ў шырокім яе разуменні — ёсць другая, вузейшая — праблема некаторых беспрынцыпных, запалоханых за доўгія гады культу бацькоў, і хіба што здараецца — абыякавых да народнага лёсу дзяцей. Пры іншых сваіх якасцях і бацькі, і дзеці ідуць поплеч і разам змагаюцца за чалавечае ў чалавеку.
У гэтай сувязі хочацца выказаць, мабыць, і не дужа новае меркаванне — папрок, у прыватнасці, нашай паэзіі, захапленне якой поспехамі касмічных дасягненняў часам адрываецца ад рэальнага. Я не маю намеру пярэчыць супраць касмічнае тэмы наогул, але пры гэтым думаецца, што наўрад ці варта забывацца на тую старую ісціну, што найбольшая вартасць мастацтва — чалавек. Літаратура ўсё ж не касмагонія, а, як вядома, чалавеказнаўства. Што датычыць вызначэння духу часу, дык ён, відаць, у большай меры ўвасабляецца ў навіслай над светам ядзернай пагрозе. Нягледзячы на перыядычныя часовыя палёгкі, свет прадаўжае жыць пад задыякам вадароднае бомбы.
Літаратура — справа старая. Вопыт шматлікіх пакаленняў яе стваральнікаў усіх нацый шмат чаму вучыць, варта, мабыць, часцей азірацца назад, варушыць гістарычныя прыклады, і ў мінулым знойдзецца многа адказаў на праблемы сучаснага. Было б толькі жаданне праўды жыцця. Служыць народу можна парознаму, з рознаю мерай аддачы, і калі ўжо казаць пра матыў пераадолення, закрануты ў сваім артыкуле Б. Бур’янам, дык, відаць, шмат каму з тых, хто становіцца літаратарам, перш за іншых трэба намагчыся, каб пераадолець у сабе і жабрака, і ўласніка, і раба. З гэтага і пачынаецца мастацтва.
Складаны наш век, складаныя часам да невырашальнасці яго праблемы. Лясканне зброі часта парушае спакой і цішыню вялікаю крывёю заваяванага міру. І ў такі час, ясна ўсведамляючы сваю пісьменніцкую адказнасць перад чалавецтвам, вельмі хочацца творамі апраўдаць так цяжка здабытае права на праўду, без якой горкі смак жыцця і анемічна мастацтва.
За выключэннем некаторых прыватнасцей, варты падтрымкі багатыя слушнымі думкамі артыкулы М. Стральцова, Б. Бур’яна, І. Навуменкі, В. Тараса, А. Мальдзіса і іншых. Гэта радуе, калі пісьменнікі выразна разумеюць свой абавязак і поўны рашучасці яго выканаць. У гэтым добры грунт пад заўтрашні дзень нашай літаратуры.
[1963]
1964
Таленавітая аповесць
На першы погляд, сітуацыі, раскрытыя ў гэтай аповесці[2], вельмі не новыя. За апошні час напісана нямала падобных кніжак, нямала было спроб разабрацца ў сутнасці праблемы вёскі і ўступлення ў жыццё падлеткаў. І ўсё ж я з вялікай радасцю за таварыша па пяры вазьму на сябе смеласць сцвярджаць, што дагэтуль мы не мелі на нашай беларускай паліцы такіх па якасці твораў аб нашай самай надзённай сучаснасці, дзе б з гэткай праўдзівасцю, тактам, з гэткай сардэчнасцю і веданнем справы быў узняты цэлы пласт сучаснага вясковага жыцця са шматлікімі яго радасцямі, засмучэннямі і клопатамі. Толькі чалавеку — сялянскаму сыну, якому «да камяка ў горле» блізка сучасная вёска, які ездзіць туды не госцем і не з камандзіроўкай у кішэні, а вырас там і цяпер жыве яе клопатамі, — могуць з такой паўнатой і багаццем душэўных праяў адкрыцца разнастайныя характары, у тым ліку і такія, якіх не было ў ёй да вайны, а некаторых, можа, і год 10–15 назад, і якія з’яўляюцца толькі цяпер, у 60-я гады ХХ стагоддзя. З даўно не адчуваным захапленнем вясковай тэмай чытаючы гэты твор, я не знайшоў у ім ніводнага вобраза, логіцы характару якога захацелася б запярэчыць. Радасна засведчыць, што ўсе яны, пачынаючы ад бясспрэчнага аўтарскага адкрыцця — Янкі Сітова да эпізадычнай асобы ўчастковага, які ў двух-трох абзацах з’яўляецца ў апошнім раздзеле, — кандэнсацыя выразнай аўтарскай думкі і выпісаны з майстэрскай дакладнасцю.
2
Асіпенка А. Абжыты кут // Маладосць, 1963, № 11.