Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 9789857089598
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
Аднак гэта, відаць, будзе нялёгка, першы вопыт нашых літаратараў, іхнія няўдачы ўжо сведчаць аб тым. Мабыць, у гэтай справе трэба мець на ўвазе тую акалічнасць, што псіхалогія культу жывучая, што шматгадовае выхаванне людзей у яе духу пакінула свой плён. Яшчэ знаходзяцца чытачы (і ці ж толькі чытачы), якія, змалку ўвераваўшы ў разналікасць праўд, не хочуць ведаць, што праўда мае толькі адно значэнне, што яна не можа дзейнічаць супраць інтарэсаў перадавога грамадства, што няма другіх, якасна іншых гуманістычных стымулятараў для выхавання высокага ў чалавеку, апроч праўды. Ёсць яшчэ людзі, якія і сёння памылкова лічаць, што прыгожая мана можа быць болей карысная за горкую праўду, і таму, маўляў, навошта літаратуры поркацца ва ўсёй мярзотнасці, звязанай з часам культу Сталіна. Адсюль такая падазронасць да многіх спроб літаратараў разабрацца ў акалічнасцях таго часу, таму — пратэст супраць рэалістычнага адлюстравання жыцця, калі гэта адлюстраванне, у аснову якога пакладзена рэалістычнае як ёсць, а не як павінна быць. Здараецца яшчэ, што ўчынкі і думкі герояў атаясамліваюцца з пазіцыяй аўтара, і гэта дае падставу для гнеўнага разносу твораў. У гэтым сэнсе прыхільнікам рэалістычнага напрамку даводзіцца не салодка, і чым болей таленавіты твор, чым з большаю сілай у ім адлюстравана жыццёвая праўда, тым большую супраціўляльнасць сустракае ён сярод гэтага кола чытачоў і крытыкаў. У нас часта забываюць, што «вышэйшы крытэрый, асяродак сацыялістычнага рэалізму — мастацтва і жыццёвая праўда, якой бы суровай яна ні была», — як сказаў на сустрэчы з дзеячамі культуры сакратар ЦК КПСС Л. Ф. Ільічоў.
Сапраўды, гэта вельмі прыкра і крыўдна, калі шмат якія акалічнасці народнага жыцця, асабліва гадоў культу асобы, набыўшы ў літаратуры абагульненае значэнне, выклікаюць пярэчанні крытыкаў. Варта ўспомніць, што партыя не пабаялася выкрыць факты куды больш красамоўныя і непажаданыя ў жыцці, чым тыя, што трапляюць у некаторыя кнігі, што крытыка аджыўшага, старога не можа служыць нечаму іншаму, апроч як сцвярджэнню перадавога ў грамадстве. І тым не менш знаходзяцца беспрынцыпныя аглабельшчыкі з ліку лёгкіх на падхоп крытыкаў, якія сапраўды чорнымі фарбамі абмазваюць творы, у каторых, на іх думку, не вытрымліваюцца невядома кім устаноўленыя дозы дадатнага і адмоўнага, якія з ног на галаву ставяць усенародную праўду жыцця і вартасці твора не саромеюцца выдаць за хібы. Вядома, можна ашальмаваць кожны твор, можна яго замаўчаць, але ўсё ж, калі ён надрукаваны, нельга навязаць чытачу несправядлівую ацэнку яго, бо і сапраўды чытач наш вырас настолькі, каб самастойна адрозніць праўду ад паклёпу. Крытык жа, які адважваецца ва ўгоду кан’юнктуры выступіць супраць мастацкае праўды, мякка кажучы, проста страчвае ўсякі давер да сябе.
Праўда, я схільны дапусціць, што цяпер, ва ўмовах, калі многае змянілася, адстаялася і праяснілася, калі з’явіліся і атрымалі шырокае прызнанне таленавітыя і смелыя рэчы рускай літаратуры, цяпер многія з былых беспрынцыпных аматараў аглабельнай расправы над праўдзівымі творамі проста развядуць рукамі — маўляў, хто ж яго ведаў, што ўсё так абернецца? Што з’явіцца ў «Новом мире» адобраны Прэзідыумам ЦК КПСС «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» і многае іншае. Гэта так. Наватарскія і праўдзівыя творы задаюць шмат клопату, куды прасцей было з такімі рэчамі, як «Святло над зямлёй», «Шырокія гарызонты», але чаго ж варты тады людзі, якія выракліся свае шчырасці, страцілі прынцыповасць і ператварыліся ў прыказчыкаў кан’юнктуры.
Для таго, каб літаратура ў меру сваіх сіл дапамагала грамадству на яго шляху да прагрэсу, мала аднаго адлюстравання існуючага (хоць важнасць станоўчага ў літаратуры бясспрэчна), трэба яшчэ і адмаўленне ганебнага, рабскага, якое прыніжае чалавечую годнасць. Двуадзінасць гэтай канцэпцыі, відаць, ні ў каго не выклікае пярэчання, але меру аднаго перад другім у кожным канкрэтным выпадку павінен вырашыць толькі аўтар у адпаведнасці са сваім эстэтычным густам, сваім характарам, стылем сваёй творчасці, урэшце ў адпаведнасці з тэмаю і матэрыялам. Тут вялікую важнасць набываюць магчымасці аўтарскага самавыражэння, якое толькі і можа ўдыхнуць у твор самабытнасць і без якога творы становяцца блізнятамі, асабліва калі мець на ўвазе аднолькавасць ідэйных поглядаў і метаду творчасці.
Менавіта з гэтай прычыны шматлікія творы культаўскага часу былі такія нівеліраваныя, як спіты чай, пазбаўленыя паху і смаку, і менавіта з прычыны найбольшага аўтарскага самавыражэння так свежа загучалі вобразы ў творах маладзейшых — І. Пташнікава, Б. Сачанкі, М. Стральцова, В. Адамчыка, У. Дамашэвіча. (Безумоўна, прычына таго не толькі ў самавыражэнні, але і ў таленце, таксама як і ў тым, што маладзейшыя ў найменшай меры зведалі на сабе многае, што поўнаю доляй дасталося за гады культу старэйшым.) Як бы там ні было, здавалася б, усім нам варта было б толькі радавацца гэтай светлай маладой з’яве ў літаратуры. Аднак жа і тут не абышлося без «праработкі», без вокрыкаў і недаверу. І няўцям гэтым праработчыкам, што «заганныя», «неўладкаваныя», «рэфлекціруючыя» героі Б. Сачанкі, напрыклад (нават тая ж славутая брыгадзірша, што бегае да студэнта ў каноплі), з куды большым выклікам працуюць на выхаванне чалавечага ў чалавеку, чым цэлая кагорта зусім станоўчых, але і зусім нежывых, па сутнасці, надуманых і фальшывых персанажаў з шматлікіх кніг нарысаў, якія амаль што нечытаныя ўхваляюцца, па зялёнай вуліцы і ў дарагім афармленні выдаюцца, ахвотна рэцэнзуюцца і затым мёртвым грузам марнеюць на складах кнігагандлю. А колькі там абсалютна «правільных» герояў і колькі там станоўчага!