Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 9789857089598
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
Вельмі хацелася б, каб вечна жылі ў людзях вялікія пачуцці братэрства, любові і нянавісці, народжаныя мінулай вайной. Няхай нашы сэрцы ніколі не чарсцвеюць да ахвяр і ранаў вайны. Нельга будаваць будучыню без памяці аб мінулым, нельга грэбаваць найвялікшым з чалавечых выпрабаванняў — усенародным подзвігам, які даў людзям векапомны ўрок свабоды і непадлегласці.
І ў гэтай сувязі хочацца ўспомніць тыя свяшчэнныя словы, якія ад імя расстраляных маракоў напісаў у сваёй аповесці Міхаіл Пархомаў: «Мы ведаем, за што ідзём на смерць. За тое, каб наша зямля была свабоднай. Але мы паміраем не толькі за гэта, але і за тое…
Каб людзі не забылі пра старэнькую адзінокую маці Пятра Харытонава, якая жыве недзе пад Курскам. Каб браты Барыса Бляхера ніколі не пачулі ганебнага слова „жыд“, каб, калі выжыве маёр Падлесны — такія людзі жывучыя! — ніхто не падаў яму рукі. I Валя, якую я сёння бачыў, — таксама. I каб ні адна дзяўчына не зрабіла хлопцу столькі гора, колькі ператрываў Сухараў.
Людзі вернуцца з вайны. Многія прыйдуць з ордэнамі. Другія — без. Вернуцца некаторыя з тых, хто быў з намі ў палоне. Дык вось — няхай іх ніхто не папракне за гэта. Хто ведае, быць можа, некаторыя з гэтых былых палонных ваявалі не горш за тых, у каго грудзі ў крыжах?
I яшчэ нам хочацца, каб нас не забылі. Мы стаім тварам да твару са смерцю. За намі — голы бульвар. Што ж, пасадзяць новыя таполі. Зямлю, на якой мы стаім, зальюць асфальтам. I па ім будуць хадзіць людзі. Дык няхай яны помняць, што гэта зямля густа паліта нашай жывой крывёю…
Магчыма, што калі-небудзь там, дзе мы стаім, паставяць помнік. Дык каб ля падножжа гэтага помніка ніколі не вянулі кветкі. I каб пад ім гулялі дзеці.
Мы бярэмся за рукі. Жыць застаецца менш за секунду. Я набіраю поўныя лёгкія паветра. I апошняе, пра што я яшчэ паспяваю падумаць, гэта пра тое, што…
Людзям патрэбна вось так моцна трымацца адзін за аднаго…»
Здаецца мне, гэтыя словы здольны ўзрушыць кожнага. Іх немагчыма забыць, бо ў іх — запавет мёртвых жывым, запавет вялікага, амаль сімвалічнага сэнсу. I таму, думаецца, мы, літаратары, ды і ўсе тыя, хто перажыў незабыўнае, хто мае што сказаць людзям і спазнаў цану чалавецтву ў самы цяжкі час ягонай гісторыі, усе тыя, колькасць якіх па няўмольных законах прыроды змяншаецца з кожным годам, — мы павінны сведчыць аб сваім вопыце больш таленавіта і настойліва.
[1962]
1963
Права на праўду
Гэта вельмі зманліва і важна — вызначыць нейкія спецыфічныя рысы літаратуры нашага часу — веку кібернетыкі, тэрмаядзерных рэакцый і прарыву ў космас. Думаецца, аднак, што Міхась Стральцоў крыху перабольшвае, калі піша ў сваім артыкуле, што «наш час небывалы па размаху ўзаемапранікнення розных ведаў, навук і з’яў мастацтва». Відавочная справядлівасць гэтага вызначэння ў адносінах да навук не дужа дастасуецца да такіх розных у сваёй спецыфічнасці сфер чалавечае дзейнасці, як навука і мастацтва.
У найбольш развітых краінах свету навука і асабліва тэхніка, усё больш узаемаўплываючы ў сваім паступальным развіцці, узняліся бязмерна высока, аднак пры ўсім гэтым практычнае ўздзеянне іх сенсацыйных дасягненняў на жыццё народаў часта мізэрнае. Таксама як і тысячу год назад, чалавецтва б’ецца над вырашэннем усё тых жа праблем вайны і міру, хлеба, адносін паміж поламі, свабоды, сацыяльнай справядлівасці. Ды і людзі на зямлі за гэты фенаменальны ў развіцці тэхнікі перыяд наўрад ці сталі адзін да другога бліжэй. Мы знішчылі ў свеце найвялікшае зло ў самым яго пачварным праяўленні — нямецкі фашызм, але ці яно апошняе? Ці не нараджаюцца новыя яго ўвасабленні, узброеныя найноўшымі навукова-тэхнічнымі сродкамі знішчэння, і таму ці меншай стала небяспека для жыцця на зямлі? Наша літаратура і мастацтва з прагнасцю накідваюцца на чорны хлеб праўды, па якім згаладнелі за шмат гадоў культу Сталіна, і ў той жа час сапраўды здзіўляюць і захапляюць заваёвы космасу, пазнанне мікраі макрасвету… Пэўна, апроч відавочнага ўсім апераджальнага развіцця навукі і тэхнікі, у гэтым тоіцца нейкі парадокс часу, які прымушае задумацца аб многім. Вось чаму нельга не пагадзіцца з многімі слушнымі наконт гэтага думкамі Івана Навуменкі, бо ці так ужо важна дбаць аб адлюстраванні ў літаратуры нейкага своеасаблівага рытму часу. Куды больш варта, здаецца, паклапаціцца аб праблемах старых, але затое больш важных, такіх, як наданне літаратуры яе законнага права на высокі інтэлектуалізм, філасафічнасць і нястомныя пошукі праўды жыцця, без чаго ні літаратура, ні адно з мастацтваў не могуць не толькі развівацца, але і колькі-небудзь працягла існаваць. У гэтай сувязі мне хацелася б выказаць некаторыя, можа, і не новыя, але, на мой погляд, не страціўшыя надзённасці думкі.