Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 9789857089598
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
Самаю адметнай, самаю характэрнай і самаю важнай рысай літаратуры нашых дзён вельмі хацелася б бачыць праўду.
«Жыццё — гэта праўда», — пісаў чэшскі літаратар Карэл Палачак незадоўга да сваёй гібелі ў крэматорыі Асвенціма. І, напэўна, з усіх жывых істот на зямлі праўда найбольш патрэбна чалавеку.
Думаецца, не зусім справядліва некалі класік нашай літаратуры падзяліў праўду на некалькі розных праўд, якія дастасоўваліся да патрэб розных класаў. Можа быць, той падзел і правамерны быў для мінулага, але ён зусім беспадстаўны для нашага сёння, у якім праўда толькі адна — гэта праўда жыцця народа, бо нашыя цяжкасці амаль заўжды — агульнанародныя, радасці таксама. Таму пісьменнік, маючы магчымасць схаваць сваю аўтарскую тэндэнцыю, не можа без шкоды для твора абысціся без праўды або абмежавацца паўпраўдай. Цяперашнія нашы чытачы (пра якіх мы пішам, што яны вельмі выраслі) — яны яшчэ і сведкі апісаных падзей, яшчэ і самі героі твораў. Яны проста не возьмуць на павер фальшу, не будуць чытаць выдумку або спекуляцыю, і кніга застанецца ў магазіне або на складзе, паліцы і стэлажы якіх заўжды з вялікаю красамоўнасцю сведчаць аб вартасці літаратуры.
За час культу Сталіна ў грамадскім жыцці краіны накапіліся вялізныя нераспрацаваныя літаратурай залежы праўды, гадамі ў своеасаблівых звалках няўвагі прэлі сапраўдныя жыццёвыя канфлікты і ўсенародныя праблемы, у той час, калі абавязак літаратуры бачылі ва ўслаўленні мудрасці сталінскае асобы і ўсяго, што па яго волі адбывалася ў краіне. Ілюстрацыйнасць стала адметным стылем мастацтва таго часу, пры поўнай пагардзе да жыцця народа сталінскія лозунгі ілюстравалі з усяе сілы, у поўную меру здольнасцей, у той час як не толькі парушаўся элементарна-чалавечы ўклад жыцця, але нават і характар вытворчых сіл шмат у чым перастаў адпавядаць патрабаванням далейшага прагрэсу. У такіх умовах, што і казаць, незайздросны быў лёс літаратуры, якую пазбаўлялі яе гуманістычнага пачатку, у якой адбіралі права даследаваць жыццё і адкрываць ідэі, першай заўважаць сімптомы значных канфліктаў. Пустаслоўе, апісальнасць, наіўна-рамантычная ўзнёсласць там, дзе ў жыцці адбывалася драматычнае і трагічнае, баязлівая нерашучасць у адлюстраванні адмоўнага, вядома, не маглі запаліць сэрцы чытачоў. У творах знікла шчырасць пісьменніка — гэтая нічым не кампенсаваная ўмова творчасці, а менавіта адсутнасць яе не дала магчымасці многім, нават тым, чый літаратурны талент быў агульнапрызнаны, стварыць паўнацэнныя творы. Наўрад ці можна сумнявацца ў тым, што аўтары тагачасных т. зв. лакіровачных кніг ведалі і разумелі сапраўднае становішча тагачаснага калгаснага сялянства, але калі яны стваралі свае «феерыі» на калгасныя тэмы, дык толькі таму, што задушылі ў сабе і шчырасць, і грамадзянскую адказнасць. Але, відаць, у літаратуры мала аднае шчырасці, трэба яшчэ разумець жыццё, тэндэнцыі яго накіроўваючых сіл, трэба яшчэ мець сваё стаўленне да гэтага жыцця, карацей кажучы, трэба яшчэ высокая інтэлектуальнасць, якая заключаецца не толькі ў суме ведаў, але і ў асаблівым, высокім стаўленні да свету духоўнага ў чалавеку, у разуменні і павазе чалавечага, у гуманістычнай аснове творчасці. Вядома, і ў часы культу аб гэтых патрабаваннях было нямала напісана, аднак практыка літаратурнай творчасці ў адрозненне ад дэмагагічнага пустаслоўя ведала свае неадольныя, часта дыяметральна процілеглыя тэорыі, шляхі. Вось чаму так сталася, што шмат якія з твораў тагачаснай літаратуры, што выдаваліся за ўзоры, не толькі не задавальняюць нас зараз, але і з’яўляюцца як бы жывым напамінкам аб тым, што чакае творчасць пісьменніка ў выпадку ягонай няўвагі да народнай праўды жыцця. З гэтай прычыны мы, аддаючы належнае тэмам сучаснасці, павінны зрабіць усё, каб тыя змрочныя старонкі нашай гісторыі ва ўсёй іх суровай, часам трагічнай праўдзе былі засведчаны мастакамі. Пакуль яшчэ не позна, пакуль жывуць сведкі, праўду аб тым часе трэба сказаць, у гэтым я бачу самы першы наш абавязак.