Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863-64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».
1 ... 76 77 78 79 80 81 82 83 84 ... 192
Перейти на страницу:

І тут Рафал раптам узнёс кулак і апусціў яго на галаву Дэмбавецкага.

– Вучыся, ёлуп, – зрывістым ад захаплення голасам крычаў Ржашэўскі. – Вучыся, сляпак! Вучыся, доўбня!

– Ліцвіны! Беларусы! У імя Канарскага!

Крыкі рынулі з усіх бакоў. Сценка кінулася на сценку.

…Праз пяць хвілін білася ўжо ўся гімназія. Усе паверхі будынка раўлі, стагналі, тупалі нагамі, пляскалі.

Прыйшоў час зводзіць рахункі за ўсе былыя крыўды. За пагарду. За здзеклівыя словы. За ўсё.

Яшчэ праз нейкіх пяць хвілін мазунчыкі пахіснуліся і падаліся назад, па сходах…

Загорскі цяжка ўздыхнуў і, нібы праз туман, убачыў, што са сходаў спускаюцца дырэктар, Гедымін і Крэст.

– Што гэта? – спытаў дырэктар.

Худы перст паказаў на нерухомага Лізагуба.

– Дзікуны, – сказаў дырэктар. – Папуасы… П’яныя нігілісты.

І звярнуўся да Алеся:

– Гэта, здаецца, з вас пачалося?

Начальніцкі гнеў вось-вось павінен быў прарвацца ў ягоным голасе.

– Так, – проста сказаў Алесь. – Настаўнік Крэст быў гэтаму сведкам.

Дырэктар сказаў:

– Я ведаю.

– То вы, напэўна, ведаеце таксама, што бітвы не было б, каб пан Крэст спыніў яе яшчэ тады?

– Не ваша справа займацца крытыканствам, малады чалавек, – сказаў Гедымін.

– Я ведаю гэта. Але, напэўна, настаўнік Крэст не адмовіцца пацвердзіць, што напаў не я. Што яны напалі на мяне. Сямёра на аднаго. Я вымушан быў бараніцца.

Крэст трохі ніяката развёў рукамі.

– Гэта так, – сказаў ён.

– Вы ведаеце, што гэта пахне выключэннем, мой юны сябра? – сказаў Гедымін.

– Ведаю. Для ўсёй гімназіі. І, ва ўсякім разе, я папрашу бацькоў, каб яны прасачылі за тым, каб мяне выключылі восьмым. Адразу за гэтымі вось, што ляжаць тут.

Дырэктар з прыкрасцю зірнуў на Крэста. Сапраўды, восьмым. Сапраўды, бацькі з іхнімі сувязямі прасочаць за гэтым. Бойка! Які год праходзіць без бойкі, агульнай бойкі ў гімназіі. Ох, гэта трэба замяць! Саміх пагоняць, як даведаюцца!

– Вы чулі, за што яны хацелі яго збіць? – спытаў дырэктар у Крэста.

– На жаль, не, – сказаў Крэст.

– За што вы яго? І за што яны?

Алесь узняў на дырэктара цвёрдыя глыбокія вочы.

– Я не магу сказаць вам гэтага.

Ён успомніў, што калі за “прыгон” не пахваляць яго, то за лаянку Лізагуба на ўрад і іншыя мілыя штучкі не пахваляць не толькі Лізагуба. Папячыцель, а за ім і ўсе іншыя напэўна прычэпяцца да слоў дурня, каб яшчэ мацней прышчаміць хвост палякам.

– Я не магу сказаць вам гэтага, – паўтарыў Алесь. – Але паверце слову двараніна: варта было.

Дырэктар паціснуў плячыма. Хто, сапраўды, разбярэцца ў рахунках гэтых юных вандалаў? Ён пакасіўся на Крэста.

Але Крэст таксама маўчаў. Утапіць Загорскага яму нічога не каштавала, але тады да папячыцеля дайшло б, што ў гімназіі асуджаюць прыгон і ўрад, што сёння змялі і выкінулі з будынка добрую палову тых, што стаялі за ўсё гэта.

І першы будзе адказваць ён, Крэст, бо гэта ягоным патураннем выбухнула бойка. Вось табе і “даў магчымасць правучыць”.

Таму Крэст маўчаў.

Звяртаючыся да “ваўчаняці”, дырэктар паказаў на Лізагуба:

– Вы лічыце, што збіць да паўсмерці – годны ўчынак? Біць двараніна?

– Яшчэ раз кажу, – сказаў Алесь, – варта было.

– Вы не раскайваецеся? – спытаў Гедымін.

– Я зрабіў бы гэта заўтра. І паслязаўтра.

– Гм, – сказаў дырэктар.

…Алесь сядзеў у крэсле, захутаны ў коўдру і тры пледы. Твар у яго быў чырвоны, светлыя вочы блішчалі.

Насупраць, ля танканогага століка, сядзеў стары Вежа.

Дзед думаў. Ён не глядзеў ні на ўнука, ні на Халімона Кірдуна, што стаяў ля сценкі. Халімон, таксама пераапрануты ў сухое, быў чырвоны, як з лазні: выпіў тры кручкі гарэлкі. Ратаваўся хатняй методай.

Выхаванец і дзядзька ледзь не патапіліся сёння. Ехалі з Вільні нібы насустрач вясне, разводдзямі, веснім лёдам. А ўсімі ярамі ўжо свістала – вада не вада, а снегавая каша, набрынялая, здрадніцкая.

Яры раўлі так, што нават збоку, здалёк страшна было чуць іхні рык. Першы яр праехалі. І другі праехалі. А трэцім ледзь не сплылі ў Дняпро. Ледзь не засмактала іх празрыстая ледзяная вада, што струменьчыкамі тачылася праз снегавую саладуху, раўла, круціла, перамешвала сама сябе, цягнула ўсё старонняе на трохсажнёвую глыбіню.

З цяжкасцю выцягнулі іх дрыгавічанскія мужыкі…

– Т-так, – суха сказаў дзед. – Заплаціў ты, значыцца, першую даніну свайму вар’яцтву. Скончылі, іх высокасць, курс навук.

– Я ж расказваў вам, дзеду.

– Ухваляю. Годна. І па-рыцарску. Але мне не лягчэй. Бацькам таксама. Ды яшчэ ў яры палез. З баязлівасці? Каб хутчэй насустрач небяспецы?

– Не.

– Што ж рабіць?

– Нічога, – сказаў Алесь. – Я не разумею, чаго вы напалі, дзеду. Ніхто, акрамя мяне, не пацярпеў. Ну добра, ну я тыдзень лічыў, што выключылі. А потым проста, “улічваючы небяспечнасць”, не далі мне вярнуцца да сяброў, прымусілі сядзець пад хатнім наглядам. Згодай папячыцеля прымусілі здаць экзамены і выпхнулі з Вільні. Далі ж скончыць.

– Не яны далі, – сказаў дзед. – Імя тваё дало.

– Не імя, – сказаў Алесь. – Боязь. Баяліся камісіі. Баяліся, што Лізагубавы словы ўсплывуць.

На вуснах у Вежы з’явілася іранічная усмешка.

– Ну і што? Ну і выпхнулі б Лізагуба ў Пензу, а цябе ў Арзамас. Яго за нянавісць да рускіх, цябе – за нянавісць да імперыі, да прыгону. Лягчэй бы гэта было?

Унукавы вочы ліхаманкава блішчалі.

– А вы хацелі б, каб мяне сямёра білі за тое, што я – гэта я, а я не адбіваўся б, а даў сябе біць?

Вежа глядзеў на Кірдуна.

Змрочны, добры Кірдун стаяў ля сценкі і чырванеў усё больш. Ці ад гарэлкі, ці мо ад сораму.

І раптам Кірдун, а па мянушцы “Халява”, замест таго каб апраўдвацца, тлумачыць, словам, рабіць усё тое, што было асвячона традыцыяй, раптам зароў на поўны голас і перайшоў у наступ:

– У гімназію анахцемскую аддалі. А там усямёх паніча біць хацелі… Дзякуй богу, не далі добрыя людзі.

Дзед збіраўся быў прыкрыкнуць, але спыніць Халімона было немагчыма.

– Карактарыстыку дрэнную далі… – роў Кірдун. – Дзеля чаго? Дзеля смярдзючкі той. Будучы, бачыце, царскі злачынец знайшоўся. Невядома яшчэ, хто з іх злачынец, панічык ці цар.

– Ідзі, Кірдун, – нечакана мякка сказаў Вежа. – Ідзі, выпі яшчэ. За любоў – мецьмеш ад мяне.

Кірдун, прыхліпаючы, рушыўся да дзвярэй.

Алесь глядзеў, як Вежа невідушчымі вачыма таропаецца на чорны мокры парк, на голыя дрэвы, на лапікі снегу і на сіні ўздзьмуты Дняпро.

Трывожна крычалі ў галінах гракі.

І раптам дзед груба вылаяўся. Упершыню за ўвесь час, што ведаў яго Алесь:

– Маці іхнюю так… маці іхнюю гэтак і разгэтак… Не пусцяць ва універсітэт – у Оксфард адвязу. Загорскі, бачыце, патэнцыяльны цароў злачынец… Пляваў я на іх…

ХХХІ

– Майка – май, Майка – май, – звінелі за вокнамі кроплі. І Майка Раўбіч, рассмяяўшыся ад шчасця і прадчування, прынікла да акна. Зеленаватыя, як марская вада, вочы дзяўчыны прагна глядзелі на мокрыя дрэвы, на бялюткі сад, на чорныя куртыны, ля краёў якіх ужо цвілі аксамітныя браткі.

Прыцемак насоўваўся на сад. Мяккі, вільготны, майскі.

Толькі што адгрымела першая навальніца. Нястрашная, грамыхліва-радасная, майская навальніца. І цяпер пад вокнамі старога цёплага дома аж шалеў ліловы і сіні бэз.

Мокры і салодкі вецер ляцеў у вокны.

Увесь гэты дзень вялікі дом у Раўбічах аж віраваў у сумятні і калатэчы. Рыхтаваліся ехаць на баль у Загоршчыну. Падшывалі, прасавалі, мыліся. Ніткі аж свісталі ў руках швачак. Тлум сціхнуў толькі гадзіну назад.

1 ... 76 77 78 79 80 81 82 83 84 ... 192
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)