Рэквіем для бензапілы
- Автор: Орлов Владимир Алексеевич
- Год: 1998
- Язык: белорусский
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Рэквіем для бензапілы». Краткое содержание книги:
У другой палове жніўня, калі нарэшце зрабілася магчымым выйсці з дому без парасона, у кавярні звіло гняздо прыглушанае адчуванне трывогі.
Ты кажаш, здарэнне з голубам сталася чыстай выпадковасцю? Аднак чамусьці і ты сама выдатна ўсё запомніла: як дзікі шызы голуб неспадзеўкі заляцеў у разнасцежанае з нагоды чаканае цеплыні вакно, як, спалохана залопаўшы крыламі, матлянуўся да стойкі, перакуліў пару блакітных кубачкаў з каваю і, зусім ашалеўшы, вымкнуў у дзверы.
Далейшыя падзеі раскручваліся з кінематаграфічнай імклівасцю.
Гатуючы нам каву, бармен аднойчы папярэдзіў, што іх будынак ідзе пад знос і да канца месяца кавярню зачыняць.
Мы абмеркавалі навіну досыць спакойна. Маўляў, няпроста будзе знайсці другі такі куток, але мы знойдзем. Будзем шукаць, пакуль аднаго вечара не адчуем, як на нас павее знаёмай аўраю. Была разгледжаная нават ідэя далучыць да пошукаў усіх сталых наведнікаў, а ўпрыдачу і бармена з яго здобнай памагатай, карацей - «пераехаць» цэлай ватагай, хоць, калі шчыра, мне было цяжкавата ўявіць, як мы дамовімся аб'яднаць сілы з лесбіянкамі, не кажучы ўжо пра глуханямых.
Можна было здагадвацца, як успрынялі паведамленне бармена іншыя, але факт застаецца фактам: у апошні вечар без усякага запрашэння сабраліся ўсе даўнія кліенты: і кампанія маладзёнаў, і Пеця, і лесбіянкі, адна з якіх паставіла на столік букецік свежых жоўтых бяссмертнікаў. Глуханямыя прыпазніліся і адчынілі дзверы а палове дзесятай, нібыта ведаючы, што з нагоды развітання кавярня будзе працаваць пазней.
Чамусьці не прыйшоў адзін алмазаздабытчык, столік якога раз-пораз ненадоўга займалі розныя залётныя птушкі. Прачытаўшы на дзвярах абвестку, найбольш цікаўныя пыталіся, чаму сёння кавярня адчыненая да паўночы, а мы, не згаворваючыся, паціскалі плячыма і, я ўпэўнены, у думках дадавалі, што гэтыя дзве лішнія гадзіны не даюць чужаніцам ніякага права ашывацца сярод нас і шкрабаць душу недарэчнымі роспытамі.
На пачатку адзінаццатае маўклівы ціск на залётных даў плён: на «палубе» засталіся толькі свае. Моладзь са згоды бармена пераставіла столік да дзвярэй, чым, па сутнасці, забарыкадавала ўваход, і пайшла танцаваць пад блюзавыя мелодыі. Услед за гэтым бармен паставіў анталогію «Bеаtles», і падняліся мы, а дачакаўшыся наступнае песні, - глуханямыя. Такі самы эфект міліцыянт Пеця мог бы выклікаць, разрадзіўшы свой пісталет у вітрыну за стойкай. Глуханямыя не былі глухімі, ва ўсякім разе хтосьці з іх меў слых, дастатковы на тое, каб адчуваць мелодыю і беспамылкова вадзіць партнёра. Ад разгубленасці астатнія пары спыніліся, і да канца песні глуханямыя танцавалі ў адзіноце.
Потым я запрасіў цябе, а міліцыянт, разоў колькі зірнуўшы на лесбіянак, - памочніцу бармена. Сам бармен, нечакана лёгка валодаючы сваім шафападобным целам, танцаваў з высокай шатэнкаю з кампаніі маладзёнаў. Лесбіянкі трымаліся даўжэй, аднак не маглі не адчуць, што іх ахутаныя цыгарэтным дымам адмовы ад мужчынскіх запрашэнняў выглядаюць двайным выклікам. У танцы яны рухаліся з пластычнасцю прафесіяналак, але, як і глуханямыя, не дазволілі разбіць свой дуэт ні міліцыянту, ні бармену, ні мне.
Пад «Gіrl» ты пайшла з худым, як жэрдка, вастраносым хлопцам, а я - з ягонай пышнагрудаю сяброўкай, што мела зайздросную талію і карону цудоўных каштанавых валасоў, якія, напэўна, умелі маляўніча рассыпацца па падушках. Дзяўчына яўна перабрала норму: яна павісла на мне і, прыціснуўшыся ўсім целам, зашаптала, што хоча, каб я на ёй пакатаўся. Ты атрымала ад яе незаслужанае абвінавачанне ў фрыгіднасці, а твой партнёр з птушыным носам - у імпатэнцыі, што не перашкодзіла яму выцягнуць шарыкавую асадку і напісаць табе на далоні нумар тэлефона.
Прыкладна ў гэты час мокры ад поту бармен грукнуў аб стойку дзвюма дармавымі пляшкамі лікёру і дзвюма - шампанскага. Гэта сталася сігналам. Пеця ўпершыню раскашэліўся на пачастункавае шампанскае, глуханямы паставіў побач каньяк. Мы з лесбіянкамі падтрымалі агульнае натхненне, а моладзь, у якой даўно скончыліся грошы, унесла сваю долю тым, што ссунула два столікі і расставіла крэслы, на якіх уладкаваліся ўсе, апрача красуні з асінай таліяй, што ціхамірна пасопвала ў кутку за выступам дзвярэй...
Тралейбусы ўжо даўно не хадзілі, калі ў прачыненае вакно зазірнуў міліцэйскі патруль. «У нас банкет!» - зычна выгукнуў бармен, і ягоны голас аказаўся неспадзявана цвярозым і прагучаў над сатурналіяй, як ранішні крык пеўня...
Ноч пераміргвалася дробнымі гарадскімі зоркамі і дыхала свежасцю блізкае восені.
Колькі хвілінаў мы, паўтара дзесятка позніх гулякаў, непрыкаяна тупаліся ля дзвярэй, а тады пацягнуліся кожны ў свой бок. Пазней за астатніх разышліся пары: мы, глуханямыя і лесбіянкі.