Рэквіем для бензапілы
- Автор: Орлов Владимир Алексеевич
- Год: 1998
- Язык: белорусский
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Рэквіем для бензапілы». Краткое содержание книги:
Ты не забыла, мы пазнаёміліся дзякуючы маёй звычцы складаць чужыя біяграфіі. Аб'ектам эксперыментаў амаль кожны раз былі жанчыны. Па-першае, яны хутчэй заводзілі ўяўленне, а, па-другое, самі абставіны, калі без дазволу жанчыны ўступаеш з ёю ў кантакт, стваралі падтэкст зваблівай шматварыянтнасці.
Звычайна ўсё адбывалася так. У тралейбусе ці вагоне метро мой позірк цалкам самастойна, без усякае разумовае каманды выбіраў жанчыну або дзяўчыну - зусім неабавязкова самую прывабную, - пасля чаго, таксама незалежна ад мяне, спрацоўвала патрэбная спружынка, патайны механізм пачынаў бесперабойна дзейнічаць, і праз хвіліну-дзве я меў першую порцыю дадзеных: узрост, прафесія, муж, дзеці. Калі мы ехалі разам досыць доўга, гульня працягвалася і я атрымліваў дадатковыя звесткі: характар, захапленні, любімы пісьменнік альбо яго адсутнасць з прычыны нецікавасці да літаратуры... На пятым ці шостым прыпынку я «ведаў», куды мая спадарожніца накіроўваецца, якім кветкам і колерам аддае перавагу, што п'е з большаю асалодай. А на чарзе стаяў блок інтымнае інфармацыі: як сустракаюць яе вусны пацалунак каханка, што ўмеюць рабіць самі, што такое для яе вернасць...
Прычым хачу табе сказаць: у маёй даведзенай да аўтаматызму гульні ніколі не ўзнікала неаднаразова апісаных сітуацыяў, калі пасля некалькіх слоў і поглядаў прыходзіць упэўненасць, што выпадковы візаві створаны не для каго-небудзь, а для вас; а потым - станцыя, прыпынак, і ён ці яна назаўсёды выходзяць, пакідаючы ў душы трагічнае адчуванне незваротнасці імгнення. Паўтараю, са мною (можа, таму, што я кіраваўся правілам не заводзіць з «паддоследнымі» ніякіх размоў) нічога падобнага, у тым ліку і ў той травеньскі надвячорак, не здаралася.
Тады здарылася іншае.
Блукаючы па душным тралейбусе, мой позірк, як зазвычай сам сабою, адшукаў найбольш цікавую яму істоту. Пазней я падзяліўся з табой першым уражаннем: гішпанка. Вочы колеру пераспелае вішні вінаватыя тут былі не болей за густы роўны загар злёгку кірпатага твару ў абладзе доўгіх, чорных з сіняю іскрынкаю валасоў. Колькі наступных хвілінаў я акрэсліў бы як суцэльнае здзіўленне. Бездакорна наладжаны механізм гульні ўпершыню даў збой: фантазія мела адволі падстаў страпянуцца і раскрыць крылы, але паводзіла сябе падазрона абыякава.
Ты ведаеш, я не належу да празмерна сарамяжлівых, і, магчыма, памятаеш, што было далей. Каля цырка ты сабралася выходзіць, а мне ўдалося вышмыгнуць першым і падаць табе руку. Ты з подзівам у пераспелых вішнях абаперлася на яе, намагаючыся разгледзець за цёмнымі акулярамі і рудаватай барадою каго-небудзь знаёмага, і пачула словы, якія сярэднестатыстычную пасажырку грамадскага транспарту непазбежна прывялі б да думкі пра стан здароўя суразмоўніка: «Даруйце, што не здолеў прыдумаць вам біяграфіі».
Увесь вечар мы гулялі па горадзе, елі за вынесенымі на вуліцу столікамі марозіва, а калі неба пахаладнела, купілі шампанскага, пераглянуўшыся, зразумелі, што бутэлькі будзе да смешнага мала, узялі яшчэ дзве і спынілі таксоўку.
Прызнаюся, ты здалася мне даступнаю, і гэта была не апошняя мая памылка...
Больш ні слова. Толькі пра кавярню. Пра нашую кавярню з такой мілай у сваёй банальнасці назваю - «Сябры».
Мы прыходзілі туды пасля спатканняў у тым пакоі за зялёнымі шторамі. Часам наперадзе маячыў цэлы вольны вечар, часам і ты, і я з прабачлівымі ўсмешкамі выбягалі з кавярні камусьці тэлефанаваць. Метафара сіямскіх блізнятаў, якая раз-пораз усплывала ў размовах, выглядала мастацкай празмернасцю, аднак вельмі часта развітанне на парозе кватэры ці на прыпынку ўспрымалася б не іначай як злачынства.
Лета, за выняткам лічаных ліпеньскіх дзён з навылёт прагрэтымі сонцам азёрнымі кладкамі, выпала халоднае і дажджлівае, і ў кавярні мы найчасцей замаўлялі арэхавы лікёр, што, як і ўсё астатняе, там налівалі ў блакітныя пластыкавыя кубачкі - дакладна з такіх частавалі мінералкаю і ліманадам сцюардэсы ўнутраных авіялініяў. Некалькі глыткоў густой бурштынавай вадкасці з міндалёвым смакам хутка сагравалі і прыносілі амаль хатнюю ўтульнасць.
Выбар напояў не прэтэндаваў на багацце: апроч двух-трох гатункаў лікёру вы мелі магчымасць спытаць шампанскага, каньяку і дарагога нямецкага ці галандскага піва ў бляшанках. Дадайце сюды цыгарэты, гарачыя лусцікі і каву - яе бармен гатаваў не горш, чым разумеў беларускую мову - вось і ўвесь асартымент, які не забаранялася пашыраць прынесенымі з вуліцы бананамі, пліткай шакаладу і, галоўнае, якой-небудзь прыстойнай пляшкаю.
Музыка прываблівала не меней за дэмакратычнасць парадкаў. Кавярня слухала класічныя негрыцянскія блюзы, «бітлоў», «ролінгаў»... Карацей, ты памятаеш, там круцілі альбомы, якія нам калісьці не дазвалялі ставіць на школьных вечарынах, і мы слухалі іх дома на нехлямяжых пудовых магнітафонах, што больш за ўсё любілі пажаваць стужку.