Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]
- Автор: Свабода Радыё
- Год: 2021
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]». Краткое содержание книги:
Зноў пачынаю непакоіцца: а ці дакладныя гэтыя зьвесткі? І як быць з абяцаньнем Барсукова выпусьціць усіх? Абзвоньваю суды. У Савецкім няма зьвестак пра майго хлопчыка, раяць тэлефанаваць у Вярхоўны, усе зьвесткі там. Дазвоньваюся да Вярхоўнага. Нахабная цётка адказвае: „Глядзіце на сайце“. Я ёй тлумачу, што на сайце суды за 11-га, а мой асуджаны, па чутках, 13-га. У адказ: „Чакайце, не пасьпяваем напісаць сьпісы“. Тут ужо я выбухаю (дарма, трэба заўсёды быць зь імі стрыманым): вы столькі пасьпелі асудзіць, што за паўдня не пасьпелі ўсе імёны ўбіць у эксэлеўскі файл? Колькі ж кожны суд доўжыўся? У адказ пакрыўджанае сапеньне, завяршаю званок.
У Фрунзэнскім судзе ветлівая дама нарэшце дае першыя афіцыйныя зьвесткі: так, асуджаны на 11 сутак, як мяркуецца, на Акрэсьціна, удакладняйце. „Дзе???“ — „У РУУС“. Дазваніцца немагчыма. Высьвятляецца, што адкрываецца гарачая лінія, дзе будуць даваць апэратыўныя зьвесткі пра месцазнаходжаньне арыштантаў. Праз 15 хвілін упартых спробаў датэлефаноўваюся. Мэгаветлівая дзяўчына адказвае, што майго сына няма ў ніводным са сьпісаў. Так, быў на Акрэсьціна, але яго цяпер ужо, мяркуючы па ўсім, адпусьцілі.
Ляцім з мужам на Акрэсьціна. Пытаемся ў валянтэраў, ці выпушчаны такі. Адказваюць, што запісваюць усіх, але нашага не выпускалі. На дзьвярах каля ЦІПа вісіць сьпіс. Ура!!!! У ім ёсьць наш хлопчык. Ніколі ня думала, што так парадуюся імю свайго дзіцяці ў турэмным сьпісе. Зьяўляецца пэўнасьць. Чакаць. З брамкі выпускаюць малымі групкамі хлопцаў. Іх стан горшы, чым у тых, каго выпускалі ноччу. Валянтэры аказваюць ім усялякую дапамогу. Некаторыя палохаюцца, спрабуюць уцякаць ад валянтэраў, хоць тыя спакойныя і ветлівыя. У тых, хто прабыў у засьценках некалькі дзён, часта неадэкватная рэакцыя.
З варот выяжджаюць тры аўтазакі. Турэмнікі перадаюць сьпісы з тымі, хто ў іх. Наш хлопчык у сьпісах ня значыцца. Валянтэры папярэджваюць, што ў сьпісах можа быць недакладная інфармацыя праз блытаніну, якая робіцца ў турме. Дакладна нічога невядома.
Валянтэры на машынах накіроўваюцца за аўтазакамі. Вядома, што зьняволеных з аўтазакаў выпускаюць па два-тры чалавекі ў самых розных частках гораду. Валянтэры іх прывозяць назад да Акрэсьціна, каб аказаць дапамогу і адзначыць у сьпісах вызваленых. Пабітыя брудныя людзі ў ірванай скрываўленай вопратцы, бяз грошай і дакумэнтаў, — выдатныя кандыдаты на новы арышт. Таму вельмі важна ўсіх выявіць.
Пастаянна правяраю ўсе сьпісы: адпушчаных, якія засталіся, у лякарнях. Адзіны сьпіс, у якім ён ёсьць — на дзьвярах турмы. Сьпіс абнаўляюць. У ім няма нашага дзіцяці! І сярод адпушчаных няма! У мяне цёмна ў вачах — увесь дзень блыталі сьляды, яго імя то зьяўлялася, то зьнікала. Хутчэй за ўсё, яго забілі да сьмерці, раз яго няма нідзе, я пра яго нічога не магу даведацца. Я рыдаю так, што здаецца, цяпер ужо для мяне ўсё скончыцца. Ад гэтага болю выратаваньне адно — разьбіць галаву аб суседняе дрэва, толькі няма сіл устаць. Мяне суцяшаюць псыхолягі, пояць чымсьці супакаяльным. Я стараюся ўзяць сябе ў рукі, атрымліваецца дрэнна, мая бурная фантазія малюе такія страшныя карціны зь міксу таго, што я бачыла за ўсю ноч і ўвесь дзень, што сьлёзы ручаём цякуць. Я люта матаю галавой, каб адагнаць гэтыя страшныя карцінкі. Усё жыцьцё майго хлопчыка праходзіць у мяне перад вачыма. Я яго нараджала, любіла, вучыла, клапацілася, сябравала зь ім, слухала яго музыку, чытала яго артыкулы і ганарылася — а цяпер нелюдзі забілі яго палкамі? Гэта немагчыма, гэта не са мной адбываецца.
У гэты час з варот выяжджае яшчэ адзін аўтазак. Я рвуся ехаць за ім. Мяне ўтрымліваюць: „Куды? Толькі ў ДТЗ трапіце ў такім стане“. Суцяшаюць мяне, кажуць, за аўтазакам імчацца машыны з валянтэрамі. Спрабую дакладна гаварыць зь юрыстамі, высьвятляю, што я магу зрабіць далей. Зьбіраю шаблёны нейкіх заяваў, дакумэнтаў. Трэба змагацца далей.
Званок на тэлефон. Гэта мой сын!!! Ён быў у апошнім аўтазаку, валянтэры яго прывезьлі назад на Акрэсьціна!!! Абодва вокі ў яго падбітыя, на твары рваная рана, брудныя валасы вісяць нейкімі жмуткамі (амонавец стрыг у аўтазаку нажом), астатніх калецтваў пад адзеньнем не відаць. Але ён жывы, са мной і вельмі радасна ўсьміхаецца.
Дзякуй маім цудоўным сябрам, маім дарагім калегам, майму стойкаму мужу, які ўвесь час быў побач са мной. Дзякуй усім знаёмым і незнаёмым, хто падтрымліваў словам, парадай, спачуваньнем. І асобны нізкі паклон валянтэрам. Колькі змагу, буду ім дапамагаць.
Рэвалюцыя наадварот
16 жніўня на плошчы Незалежнасьці прайшла акцыя ў падтрымку Лукашэнкі. Галасы ўдзельнікаў: