Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]
- Автор: Свабода Радыё
- Год: 2021
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]». Краткое содержание книги:
„Прадчуваем, што будзем шчасьлівымі“
— Мы стаміліся і вырашылі нацешыцца гэтай прыгажосьцю. Людзі ўсьміхаюцца. Я першы раз у жыцьці бачу, каб так людзі радаваліся. Калі ў нас былі якія сьвяты? Твары заўсёды сумныя, сур’ёзныя. А тут радасьць. Столькі бел-чырвона-белых колераў. Нават і дзеці тут. Мы шчасьлівыя. Здаецца, мы прадчуваем, што мы будзем шчасьлівымі. Надакучыла ў гэтым калхозным прыгоне жыць.
„Краіна такая дзякуючы нам“
— Гэты чалавек ужо зрабіў дастаткова гора гэтай краіне і хочацца проста, каб ён ціха-мірна сышоў. Зь ім потым, я спадзяюся, трыбунал разьбярэцца. Але хопіць ужо. Ужо проста цярпеньня ў гэтага народу няма. Беларусы прывыклі самі пра сябе клапаціцца. Гэты чалавек мала чаго зрабіў для беларусаў. І тая краіна, якая ў нас ёсьць цяпер, гэта толькі дзякуючы нам. А гэты чалавек нас заўсёды тармазіў. Таму, калі ён сыдзе, нічога дрэннага ня здарыцца. Наадварот, стане толькі добра. Нам моцны прэзыдэнт, як ён сябе пазыцыянуе, больш непатрэбны. Нам патрэбны добры ўпраўленец, сучасны, пажадана нават жанчына.
„За свае амаль 40 гадоў такой колькасьці людзей ня бачыў
— Уразіла такая невераемная колькасьць людзей… Я за свае амаль 40 гадоў такога ня бачыў, ні ў пачатку 90-х такой колькасьці ня бачыў. І гэты маральны ўздым народны. Мне падаецца, сапраўды кажуць, што цяпер адбываецца нараджэньне беларускай нацыі. Менавіта праз пакуты, праз гэтыя забойствы, праз боль. На маю думку, тое, што цяпер адбываецца, гэта добра ўсё, гэта сьвята, але гэта не канчатковая перамога. Ёсьць у нас Усход, ёсьць Захад і ёсьць улада. Яна хоць і дэлігітымізавала сябе праз кроў, але яна ёсьць, яна аддае загады вайскоўцам, амону. Таму ня трэба расслабляцца яшчэ. Трэба гуртавацца, паказваць, што нас большасьць. Мы ўжо сёньня паказалі.
„Мы такі самы народ, як і нашы суседзі“
— Гэта кліч сэрца і жаданьне перамен. Мы хочам паказаць, што мы такі самы цывілізаваны народ, як і нашы суседзі: прыбалты, палякі, украінцы, калі хочаце. То бок, мы нічым не адрозьніваемся і, можа быць дзесьці лепшыя крыху. Раней многімі валодаў страх, бо было вельмі шмат прэцэдэнтаў, якія прымушалі людзей маўчаць. Цяпер адбыўся прарыў. І мы адчулі глыток свабоды. Але яе паспрабавалі патапіць у крыві. І вось цяпер абурэньне, але, слава богу, гэта ўсё ў межах закону, талерантна, карэктна, як вы бачыце. Мы не парушаем правілы дарожнага руху, мы ня сьмецім. І гэта толькі пачатак.
17 жніўня на прыступках Міністэрства здароўя адбылася акцыя мэдыкаў супраць гвалту.
„Міністар пагражае нам звальненьнем“
— Пратэст мэдыкаў міністру здароўя выкліканы тым, што ён не падтрымаў нашы патрабаваньні ад пачатку, адмаўляў усялякія прыцясьненьні лекараў, адмаўляў пабоі, якія наносілі пратэстоўцам, казаў, што ні ў якую лячэбную ўстанову пацярпелыя не паступалі, што траўмы адзінкавыя і не зьвязаныя ні зь якім залішнім гвалтам і сказаў, што ўсім, хто будзе выходзіць, пагражае звальненьне ці нейкія іншыя санкцыі. Але калі ўсіх будуць звальняць, выйдзе яшчэ болей. Так што баяцца ў прынцыпе бессэнсоўна.
„Мы судовыя мэдычныя экспэрты“
— Мы судовыя мэдычныя экспэрты. Да нас на прыём прыходзяць людзі, вызваленыя з ІЧУ, СІЗА, з Акрэсьціна. І гэта вельмі страшна. Яны расказваюць тое, што там адбывалася. Раней, калі гэта пачалося, была інфармацыя, што сьледчыя органы не даюць людзям пастановаў, каб яны ішлі на экспэртызу. Цяпер ужо, я так разумею, гэтае пытаньне вырашанае, бо пачынаючы з гэтых выходных ідзе вельмі шмат людзей пацярпелых, якія распавядаюць, што адбывалася. Нашы калегі няспынна прымаюць іх. Пацярпелыя распавядаюць пра фізычныя і маральныя прыніжэньні, як іх б’юць, праганяюць па гэтых „калідорах сьмерці“, катуюць электрашокерам, робяць гвалтоўныя дзеяньні рознымі прадметамі. Ну мы ўсё гэта пішам, фіксуем, складаюцца фотатабліцы, складаюцца заключэньні, якія потым, я вельмі спадзяюся на гэта, з дапамогай адвакатаў будуць накіраваныя ў суд, і ўсе будуць закліканыя да адказу. Таму я заклікаю людзей ісьці ў сьледчы камітэт ці ў пракуратуру, браць пастанову і ісьці да нас.
„Апошняя кропля, калі зьбілі мэдработнікаў“
— Я лекарка 10-й паліклінікі гораду Менску. Вельмі моцна насьцярожыла людзей і жахнула тое, што адбывалася з нашымі мірнымі грамадзянамі, якія выйшлі на свой мірны пратэст. Апошняй кропляй стала, калі зьбілі мэдработнікаў, якія выйшлі на вуліцу дапамагаць, калі іх білі са словамі: каму вы дапамагаеце? Для лекараў няма ніколі добрага і дрэннага боку. Для лекараў ёсьць людзі, якіх трэба ратаваць, якім трэба аказваць мэдычную дапамогу. І калі лекарам не даюць рабіць сваю працу і за гэта б’юць, зьбіваюць, гэта жахліва. Мне 26 гадоў, я жыву столькі, колькі кіруе наш прэзыдэнт. Такога быць не павінна.