Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0899-9
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве». Краткое содержание книги:
Паэт глядзеў на iх, схiлiўшы галаву, вялiкiмi, цёмнымi ад паўзмроку вачыма.
VIII
Вялікая аўдыторыя універсітэта выбухнула смехам. Трохі падслепаваты, яшчэ ў вельмі сярэднім веку, Платон Рунін палічыў, што гэта вынік яго чарговага жарту, і з асалодай паўтарыў яго:
— Так яны і сказалі, келар Арсен, скарбнік Снетагорскага манастыра Іона і ігумен Марцірый. Ворагі здольваюць, лезуць, а яны: "Не бойсь, праваслаўныя. Маці божая ідзе на дапамогу!". Хіба вы не бачыце ў гэтым кранальнай прастадушнасці, нязломнай веры і баганоснасці, якой вызначаюцца славяне? Адзіная душа ў свеце асталася неразбэшчанай ідэямі гнілой дэмакратыі і пачварнымі поглядамі на аднолькавасць людзей — не перад богам, не, а тут, на зямлі! Гэта душа славяніна! Скажыце, хіба ёсць на свеце яшчэ нешта, акрамя гэтай душы, хіба ёсць яшчэ нешта, здатнае супрацьстаяць брудным патопам, што разліваюцца па зямлі?.. Каламутным хвалям мусульманскага, гальскага, аўстрыяцкага, польскага, жыдоўскага мора?! Няма!.. "Не бойсь, праваслаўныя. Маці божая ідзе на дапамогу!".
Аўдыторыя зноў ухвальна зашумела і выбухнула смехам. Рунін зразумеў гэта так, што знайшоў ключ да душы большасці студэнтаў. Звычайна напаўпустая аўдыторыя сёння не мела ніводнага вольнага месца. Прафесар глядзеў на бясконцы амфітэатр і бачыў, як праз вэлюм, ружовыя плямы абліччаў.
…Рогат каціўся пакуль што яшчэ нясмелымі хвалямі. Студэнты ўрэшце пачыналі разумець, чаму сёння па бясконцых калідорах універсітэта хадзілі тры хлопцы з падазрона спакойнымі тварамі і шапталі: "На лекцыю Руніна… на лекцыю Руніна…" Ля дзвярэй у маленькі пакой, што вышэй лавак, на антрэсолях стаяў студэнт, прыкрываючы дзверы спіной. Чацвёрка нешта задумала і здолела, відаць, захаваць таямніцу, бо наглядчыкі нават не заходзілі ў нязвыкла набітую аўдыторыю.
З цікаўнасці прыйшлі людзі і з другіх факультэтаў. Чакалі — і не памыліліся ў сваім чаканні.
Нядаўна праз Руніна з воўчым білетам выгналі з універсітэта трох студэнтаў: рускага і двух палякаў. Выгналі за глупства, за звычайнае і нават не вельмі разумнае свавольства. Павярнулі справу так, нібы хлопцы блюзнерылі.
Студэнты — хто з лаянкай, а хто і смеючыся — прапаноўвалі самыя розныя планы помсты: пачаставаць англійскай соллю перад лекцыямі; прымусова на працягу трох тыдняў карміць абедамі са студэнцкай кухмісцерскай; наставіць яму рогі з маладзенькай і дурной жонкай…
Пасмяяліся і забылі. Выключаных не вернеш. І каму ахвота звязвацца на сваю галаву?
— Традыцыйнасць і высакародны кансерватызм вераванняў, звычаяў, вопраткі, псіхікі, спосабаў весці гаспадарку… нават такіх, здавалася, дробязей, як кухня і побыт, — вось па чым пазнаюць славяніна. І таму славяне ад Лабы да Чарнагорыі, ад Баўцэна да Камчаткі павінны зліцца ў адзін народ пад уладай сіяцельнага дому Раманавых.
Аўдыторыя ашаломлена сціхла. Рунін вырашыў, што яе ўразіла навіна гэтай даўно спарахнелай ідэі.
— Дык вось… Славянскі кансерватызм ёсць самая высакародная, замілавальная і прыемная з'ява на зямлі…
Такога маўчання, якое запанавала пасля гэтых слоў, напэўна не бывала ў будынку "дванаццаці калегій"[34] з самага дня яго пабудовы. Усе рады амфітэатра глядзелі ў бок дзвярэй.
Уражана разяўленыя раты, круглыя вочы.
З дзвярэй з'явіліся "кансерватыўныя славяне". Іх было два, і кансерватыўныя яны былі да замілавання і глыбокай прыемнасці.
У вышываных зрэбных кашулях, падпяразаных паясамі, у шарачковых портачках і новых бялюткіх анучках, светлыя тварам і валасамі, яны спускаліся сходамі на сярэдзіну амфітэатра да пяці вольных месцаў, якія чамусьці ніхто не заняў, і на іхніх нагах пераможна рыпелі пахучыя і навенечкія лубяныя лапці.
На лакцявых сугібах віселі зялёныя вярбовыя кашы з накрыўкамі, на паясах — грабянцы, крэсівы і дошчачкі, якія ўжываюць у глухіх мазурскіх вёсках, калі чэшуць галаву.
Шэравокія, светлавалосыя, іканапісныя, з вішнёвымі вуснамі і ненатуральна ружовымі шчокамі, яны вельмі нагадвалі аперэтачных пастушкоў.
— …Нараджэнне панславісцкай ідэі наспела, — кідаў палымяныя словы падслепаваты Рунін. — Дальнабачнасць гэтай ідэі і пашырэнне яе сведчаць аб тым, што славянам даўно час заняць першае сярод усіх месца, належнае месца…
"Славяне" ўрэшце занялі "належнае месца", шырока рассеўшыся на вольнай лаве.
Усе вакол сядзелі, як аглушаныя, не ведаючы, што рабіць.
Алесь і Грыма, як па камандзе, адчынілі вечкі кашоў, збіраючыся, відаць, "усмоктваць мудрасць".
— …разальецца, замест усяго гэтага, паток нашай традыцыйнасці, стойкага манархізму і праваслаўнай веры. Аб'яднаныя славяне возьмуць у свае рукі спадчыну дзядоў, Малую Азію, Цараград і пралівы. На святой Сафіі зноў пастануць крыжы, на браме заззяе Алегаў шчыт. Патрыярхі Антыёхіі і… іншых гарадоў павядуць далей справу хрысціянства ў сваіх землях, Палестына ўрэшце атрымае законнага гаспадара. Хіба не дурасць, сапраўды, што труна бога знаходзіцца ў руках язычнікаў?! Манастыры, з мудрымі Нестарамі і Піменамі, замест капішчаў…
34
Будынак Пецярбургскага універсітэта быў спачатку пабудаваны як памяшканне "дваццаці калегій".