Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве». Краткое содержание книги:

Другая кніга «Сякера пры дрэве» працягвае знаёміць чытача з захапляльным раману ў двух кнігах Уладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Раман прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863–1864 гадоў у Беларусі. У другой кнізе аўтар распавядае пра падзеі што адбываліся ў Беларусі і былі прадвесьнікамі крывавага жніва, што прынесла паўстаньне. Моладзь з плянамі ідэямі і надзеямі на лепшую будучыню роднай Беларусі, яшчэ не ўсьведамляе цяжкі лёс абраны імі. Літаратурныя прыўкрасы пераплятаюцца з гістрычнымі фактамі зьвязанымі зь лёсам кіраўніка паўстаньня Кастуся Каліноўскага і чытаючы ня хочацца верыць, што вынікам усіх мараў і летуценьняў моладзі таго часу стануць шыбеніцы і высылкі. Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману «Каласы пад сярпом тваім», і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет кааб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 72 73 74 75 76 77 78 79 80 ... 164
Перейти на страницу:

Халімон паспрабаваў паваліцца ў ногі.

— Вось яно. Думкі — думкамі, а з халопства не вырас. — Наліў чарку. — Паніча не кідаць… І як памру — не кідаць… Ён цябе шанаваць будзе.

— Нашто ж крыўдзіць, пане. Я ж ля яго амаль дзесяць год. Я яго во гэтанькага памятаю.

— Ну, кінь, кінь!

…Алесь нібы наноў знаёміўся з наваколлем, але асаблівых змен не адчуваў.

Гелена жыла ў новым доме, у Ведрычах, чакала, пакуль малыя Юрась і Тонька падрастуць, і лічыла за неабходнае ўдзельнічаць у кожнай п'есе, што ставіў тэатр у Вежы. Акруга хваліла яе і Вежу. Лічыла, што ён правільна зрабіў, аддаўшы ёй зямлю. Трэба было любой цаною ўтрымаць актрысу, якая рабілася гонарам Прыдняпроўя, калі ўжо яна была вольна. Чуткі аб ён пайшлі далёка. Зімой у Вежу прыйшоў ліст ад славутага Шчэпкіна: прасіў прыехаць на агледзіны, загадзя дамовіўшыся аб суме кантракту. Прыязджала таксама m-me Lagrange ад імя французскай трупы, што выступала ў Міхайлаўскім тэатры, тая самая Lagrange, што пазней здабыла лаўры аднолькава трагічнай і камічнай актрысы ў "Дурнях" і драме "Le fils de Giboyer"[35]. Слухала і глядзела "Антыгону" і, па-французску, ролю ў "Федры". Маўчала, нібы нават прыгнечаная, не знайшла хібаў у мове, акрамя лёгкага паўднёвага акцэнту (дзіцячае вымаўленне роднай вёскі лягло тонкай афарбоўкай на чужую мову), і скончыла тым, што запрасіла з сабою. Калі Гелена адмовілася, сказала, што разумее яе становішча, але як толькі, гм… прычыны стануць больш-менш самастойныя, яна можа смела ехаць: выпадак небывалы, але яе чакацьмуць.

Наваколле ўхваляла: малайчына, Вежа, нацягнуў нос французам!

Дзецям споўнілася па году, і дзеці былі чароўныя: усё аблічча матчына, а вочы — ягоныя, Алесевы вочы.

Найлепшым доказам таго, што яны ўсе адно — ад яго і да апошняга мужыка, было тое, што на гэтай зямлі не існавала іншых калыханак, акрамя мужычых. Хоць адны гулялі ў серсо, другія — у цыркі, а калыханкі былі аднолькавыя, і ён не ведаў іншых, хоць у дачыненні да панскіх дзяцей тое, што спявалі над іхняй зыбуляй, было, можа, і смешнае.

Калыханкі былі адны. Тыя, што мармытаў зараз ён:

Люлі, люлі, люлі, Пойдзем да бабулi, Дасць бабулька млечка І ў руку яечка. А як будзе мала, Дасць кусочак сала.

Дзеці вырастуць, і тыя самыя песні прагучаць над калыскамі іхніх дзяцей.

У параўнанні з гэтым усё астатняе здавалася лухтой. А Гелена глядзела на Алеся з усмешкаю і гаварыла, што вось, вядома, з Раўбічамі ранейшая варожасць, але гэта нічога, прымірацца. Таму што Міхаліна пазбягае Іллю, і бацька Яраш нездаволены гэтым, і Хаданскія ледзь не кіпяць. А Франсу няма да гэтага аніякай справы, бо ён па-ранейшаму прыхавана кахае Ядвіньку Клейну, а тая ўсё нібы пераконвае сябе, што малодшы Раўбіч харошы, і трымаецца ад яго на адлегласці.

Гэта было не тое. І ён, помнячы яе "ніколі", сказаў ёй пра гэта.

— Мы, здаецца, дамовіліся аб гэтым, Алесь? — ціха спытала яна. — І не трэба далей. Бо шчасце павінна быць і ў мяне, і ў вас.

…З Раўбічамі, сапраўды, было па-ранейшаму. Не віталіся нават у зборні. Калі на баль прыязджала адна сям'я, другой амаль ніколі не было. Пан Яраш рашуча забараніў дачцэ сустрэчы. Алесь бачыў Міхаліну вельмі рэдка, дый то з дапамогай Мсціслава.

Мсціслаў за год змяніўмя. Самастойнае жыццё наклала адбітак. Узмужнеў, вочы сталі суровыя і светлыя. Перавёў мужыкоў на аброк і падрыхтоўваў вызваленне. Патроху гаварыў з вернымі хлопцамі. А сам бавіў час амаль толькі за паляваннем. Гойсаў на кані з сабакам і стрэльбай па навакольных пушчах і паплавах, часта чамусьці заязджаючы ў Азярышча.

Нічога, здаецца, не змянілася ў загорскім наваколлі. Толькі змяніўся — і ў трывожны бок — пан Юры. Невядома, што здарылася, але хутчэй за ўсё — глыбокае нездавальненне жыццём і сабою. І яно так мяняла яго, што, каб гэта было са старым Вежам, людзі маглі б падумаць пра дрэннае.

Але бацьку споўнілася толькі сорак восем, і яшчэ два гады назад яму давалі дзесяткам менш. У ім заўсёды было шмат хлапечага. Бацька любіў жартаваць, быў здатны на самыя нечаканыя выбрыкі. Гэта ён, у маладыя гады, ледзь толькі зляцеў з магілёўскага губернатарства Міхаіл Мураўёў, прыехаў да яго наступніка, маладога Ягора Бажанава, у накладных вусах, барадзе і кучме валасоў — пад выглядам віцебскага архірэя і, не даўшы нікому падставы ўсумніцца ў сваёй прыналежнасці да царквы, спрачаўся па багаслоўскіх пытаннях. Потым яны з Бажанавым сталі сябрамі.

І гэта пан Юры зрабіў аднойчы так, што адзіны заяц, забіты на паляванні выдомым хвальком і хлусам Вірскім, трымаў у лапках запіску з надпісам: "За што?!"

вернуться

35

"Сын Жыбуае".

1 ... 72 73 74 75 76 77 78 79 80 ... 164
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)