Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0899-9
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве». Краткое содержание книги:
Алесь азірнуўся і ўбачыў: у дзвярах стаяў гаспадар.
— Час канчаць. Праз палову гадзіны будзе повен дом людзей.
— Згода, — сказаў Зыгмунт.
Дзверы зачыніліся.
…Загорскі і Кастусь выйшлі з курыльні ў вялікую гасцёўню. Там было поўна, але яны не ведалі ў твар амаль нікога. Алесь глядзеў на сябра няўхвальна: усё аблічча Кастуся пайшло дробнымі чырвонымі плямамі, бы ад крапіўніцы.
— Нервы ў цябе, Кастусь.
— Ведаеш, месяц назад са мной здарылася страшнае: абвастрэнне хваробы.
— Якой? Ты мне нічога…
— Ды я думаў, усё прайшло. У мяне некалькі год назад былі прыступы.
— Эпілепсія?
— Не. Проста раптам нібы скуру дзерлі. Кожны нерв у целе аголены. Баліць.
Кастусь гаварыў глуха і хаваў вочы.
— Баліць. Разумееш, ад самай нязначнай прычыны баліць. Ад хлусні — баліць, ад двудушнасці — баліць.
— Што, непрыемна?
— Не. Фізічна баліць. Разумееш, ад самай нязначнай крыўды каму-небудзь. Ад дробязей. Некалькі дзён назад стаю ля Нявы. Бачу, бяздомны сабака выдзер у дзяўчынкі з рук піражок. Дзяўчо бедненькае, галоднае, відаць. Стаіць і плача. І так мне сатла — ты толькі не кажы нікому — і дзяўчынку шкада, і сабаку шкада. Проста — ну, аж сэрца кроіцца! Галоўнае, сабака не адбегся далёка, так і глынуў у падваротні. А дзяўчо плакаць не можа голасна, як здаровыя дзеці. Разумееш, стаіць і, як у нас кажуць, квіліць… Ну, лухта ж гэта, тым больш — я купіў ёй піражок… Дык нa табе — другі купіў і кінуў сабаку, а ён завішчаў і бегчы, нібы я ў яго… каменем.
Кастусёў твар раптам нагадаў Алесю твар дзіцяці.
— І вось амаль што спаць не магу. Як успомню: божа ты мой! Ну хоць бы дзяцей у двары сірочага дому ці старых на лавачцы, на бульвары, а то малпу ў балгарына-катрыншчыка… Далонька, ведаеш, дзіцячая, зморшчаная. І клятчастая сукенка на ёй… Як успомню — нібы гэта я за вольтаў слуп ухапіўся… У мяне… з якога?.. ага, з пятага кастрычніка галюцынацыі. Нібы стаіць нехта фіялетавы і тоўсты. І нічога ў яго няма, акрамя аднаго залатога вока. Стаіць ды краямі сваёй грубой мантыі варушыць. І нібыта хоча есці людзей, не ведаю ўжо якім чынам. А паўз мяне ідуць, ідуць. Маці-нябожчыца без аблічча, ты ў рызманах, Віктар, дзяўчынка з пірагом, сабака… Усе, каго ў жыцці бачыў… І глядзяць… Кожную ноч так.
Алесь спалохаўся. Узяў сябра за грудзі, моцна страсянуў. Каліноўскі здрыгануўся.
— Даруй, мілы, — сказаў ён. І дадаў пасля паўзы: — Памятаеш, сказаў Вежы, што на мой век нерваў хопіць. Баюся, не хопіць. Толькі б гэта здарылася пасля… калі ўжо ў кожнага будзе па пірагу.
— Шкада, што ты не ў мяне, — назнарок груба сказаў Алесь. — Я б табе за твае фантазіі… Пойдзеш сёння да мяне.
— Нашто?
— Буду даглядаць. Па-першае, кожны вечар перад сном дзве гадзіны хадзіць. Па-другое, піць адвар. Аглая дасць. Па-трэцяе, "тройчы дзевяць", настой траваў на гарэлцы. Па-чацвёртае — халодныя ванны два разы на дзень.
Грубаваты і ўпэўнены тон зрабіў, здаецца, патрэбнае ўражанне.
— Медык, — сказаў Кастусь.
— А што? І медык. Чытаць толькі вясёлае. Есці біфштэксы. Спыць класціся з курамі… Сур'ёзна, сур'ёзна, Кастусь… І яшчэ: закахацца табе трэба… Ну, гэта, урэшце, як хочаш. Але які месяц я цябе не адпушчу.
Да іх падышоў Віктар, і Алесь змоўк, Алесева сэрца аблівалася крывёй за братоў.
— Слухай, Алесь, — сказаў Віктар. — Кастусь казаў, што ты заместа поўнага вызвалення прапанаваў свайму бацьку нейкія ліберальныя ваніты. Нейкую канкурэнцыю з мужыком, цукроўні, гуты, трасцу… Ты што, ад нас адмяжоўваешся? — вочы ў Віктара былі бліскучыя, відаць, ад лёгкай гарачкі.
— Кінь, — сказаў Алесь. — Трэба мне даць бацьку нешта, за што можна было б змагацца афіцыйным шляхам? Ці ён павінен быў нашу праграму высунуць: зямлю — сялянам, цара з чыноўнікамі ды злоснымі прыгоннікамі — на асіну, мову — у школы, папоў — са школ. Ты гэтага хацеў?
— Ну… як… Н-не тое, вядома…
— А потым, нічога не зрабіўшы, юкнуць, як у палонку? За меншае людзей у Сібір заганялі… Я, Віктар, не думаў так, як прапаноўваў. Але пакуль народ на паўстанне не пайшоў — трэба рабіць хоць што.
— Адкасніся ад яго, — раптам рэзка сказаў брату Кастусь. — Чаго вы ўсе да яго з пытаннем гэтым ідыёцкім. "Како веруеш?" Ён не горшы за цябе патрыёт.
Віктар разгубіўся ад нападу.
— Гэта хто?? рэзка паказаў Кастусь у бок аднаго з гасцей.
— Сляпцоў. Венгерскі герой.
— Ну і дурань,? рэзка сказаў Кастусь.? А той?
— Эверс, дарадца міністэрства замежных спраў.
— Гэты нашто?
— Ён і яшчэ унь той, Чарткоў, шталмайстар, ды яшчэ тая порхаўка, сенатар Княжэвіч, міністр фінансаў — шырма. Каб не было блакітных "сяброў" з адпаведнага дома.