Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0899-9
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве». Краткое содержание книги:
— Глядзі, — шапнуў нехта.
"Славяне" дасталі з кашоў "скруткі пергаменту", склееныя, відаць, з папяровых аркушаў, скураныя чарніліцы і птушыныя пер'і, узвялі вочы ўгору і, памармытаўшы, пачалі пакрываць паперу вычварнай вяззю, не забываючы чырвонай фарбы для загалоўных літар. У Алеся было ў руцэ лебядзінае пяро, выкрадзенае ў заалагічным музеі універсіта. Грыма пісаў даўжэзным павіным пяром, здабытым, відаць, у нейкага фурмана.
Хартыі з ціхім шолахам спаўзалі на падлогу.
Людзі, нарэшце, пачалі разумець, што тут адбываецца. Помста такі прыйшла. Нечаканая, парадыйная, злая. Дык вось што яны задумалі! Малайцы! Не вытрымала, значыць, у людзей сэрца. Ёсць сапраўдныя хлопцы, што не дадуць нават малой подласці сысці без пакарання.
Сям-там у радах пачалі пырскаць.
Меўся адбыцца грандыёзны скандал, і толькі адчуванне гэтага стрымлівала пакуль што аўдыторыю ад гамерычнага рогату.
— І што ж? — тэатральна ўзняў рукі прафесар. — На шляху высакароднай ідэі, адчуваючы яе небяспечнасць, сталі ворагамі. Туркі, сардынцы, французы, англічане… Але не толькі яны. Супраць ідэй перш за ўсё паўстала здрада! Здрада, якую патаемна неслі ў сэрцы найбольш утрапёныя элементы грамадства. Усіх іх яднала забыццё прынцыпаў народнай маралі і забыццё народных традыцый, гнілое заходніцтва, якое завялі ў нас Бялінскі, Гэрцэн і К°, пагоня за няпэўнымі і падазронымі навінкамі…
Два кансерватыўныя славяніны дасталі надмерана вялікія маноклі і спрытна паднеслі іх да вачэй.
Нехта ў апошніх радах зарагатаў, і гэта прагучала ў поўнай цішыні, дзе толькі душыліся ад прытоенага смеху людзі, дзіка, як смех фальклорнага героя на хаўтурах. Рагатуну, відаць, заціснулі рот…
— …пагоня за моднымі плынямі чужой філасофіі, пагоня за сацыялістычнымі трызненнямі… Здраднікі выступілі супраць неабарачальнага і заканамернага вышэйшай заканамернасцю гістарычнага працэсу: працэсу ўтварэння аднаго панславянскага народа…
Відаць, кансерватыўныя славяне вырашылі падсілкавацца. З кашоў з'явіліся патрэсканыя і тугія, як гума, калёныя яйкі, скрылёчкі сала, дзве бутэлькі з журавінавым квасам і, нарэшце, гаршчочак з кашай.
"Славяне" лупілі яйкі і запівалі іх квасам, які пакідаў пад носам чырвоныя вусы. Елі сала, выціраючы рукі аб падстрыжаныя "страхою", на купецкі манер, валасы.
Цяпер смяяліся, заціскаючы раты, дзесяткі людзей.
— Украінафільства, якое падаграваюць аўстрыйскія агенты… Гэтая справа з Шаўчэнкам і нейкай Наталкай-Палтаўкай на чале… Абмежаваная колькасць фантазёраў, якія лічаць, што Маларосія, маларосы з'яўляюцца чымсьці асаблівым са сваёй нераспрацаванай гаворкай і сваімі чумакамі і могуць існаваць, не адчуваючы патрэбы ў агульнай славянскай айчыне, імператары і ўсходнім праваслаўі…
Грыма глядзеў на гаршчочак кашы з непамерным здзіўленнем. Выгляд у яго быў такі, што бліжэйшыя рады грымнулі смехам. Грыма неўразумела паглядзеў на іх. Рогат выбухнуў мацней.
Палічыўшы гэта рэакцыяй на свой неадольны гумар, прафесар перайшоў на пафас.
— Як у немцаў Германія вышэй за ўсё, так у нас наш гасудар вышэй за ўсё. І мы маем поўнае права крыкнуць: рукі прэч, і няхай будзе наш народ з яго гасударам вырашальнікам лёсу народаў!
Усяслаў урэшце здагадаўся, як быць з кашай. Выняў з вачніцы манокль і пачаў чэрпаць ім кашу.
І тут рады не стрымаліся: пакаціўся па лавах вышэй і ніжэй, захапляючы ўсё новыя сектары, неадольны, магутны, гамерычны рогат.
Калі Рунін зразумеў, што смяюцца зусім не з ягоных жартаў, было позна: смех апанаваў усіх да апошняга. Ён паспешна кінуў на пераноссе пенснэ і ўбачыў усё.
Ад рогату, ад магутных, як прыбой, перакатаў ходырна трэсліся рады.
Рунін пачаў падымацца па прыступках. І тады Алесь стаў, каб закрыць Грыму спіной. Адсунуў яго плечуком.
Чацвёрка памагатых разам з суседзямі схапіла Грыму стаў і пацягнула далей ад прахода. Ён супраціўляўся і крычаў, але рогат заглушыў яго крыкі… Хлопцы зацягнулі Усяслава далёка за спіны.
— Вы? — спытаў Рунін. — Вы, князь?
Некаторыя ўжо не маглі смяяцца і толькі пазяхалі, як рыба на пяску.
— Я з самага пачатку бачыў гэта, — сказай бледны Рунін. — Чаму вы зрабілі…