Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве». Краткое содержание книги:

Другая кніга «Сякера пры дрэве» працягвае знаёміць чытача з захапляльным раману ў двух кнігах Уладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Раман прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863–1864 гадоў у Беларусі. У другой кнізе аўтар распавядае пра падзеі што адбываліся ў Беларусі і былі прадвесьнікамі крывавага жніва, што прынесла паўстаньне. Моладзь з плянамі ідэямі і надзеямі на лепшую будучыню роднай Беларусі, яшчэ не ўсьведамляе цяжкі лёс абраны імі. Літаратурныя прыўкрасы пераплятаюцца з гістрычнымі фактамі зьвязанымі зь лёсам кіраўніка паўстаньня Кастуся Каліноўскага і чытаючы ня хочацца верыць, што вынікам усіх мараў і летуценьняў моладзі таго часу стануць шыбеніцы і высылкі. Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману «Каласы пад сярпом тваім», і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет кааб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 71 72 73 74 75 76 77 78 79 ... 164
Перейти на страницу:

— Цік-кава, — сказаў дзед. — І што, хацелася б ведаць, вычытаў? Га, Халімон?

Раней Кірдун, напэўна, пачаў бы прасіцца, каб адпусцілі душу на пакаянне. А тут не вытрымаў:

— Вычытаў пра народы і пра роўнасць людзей.

— Ну-у? Не мож-жа гэтага быць!

— "Кішкай апошняга папа — апошняга цара… задушым", — раптам успомніў Кірдун. — Я яму, княжа, казаў: "Не варта, паніч, так уголас. Думайце сабе паціху, пакуль да кішак не дайшло".

— Яшчэ?

— "Айчыну, веру вярні нам, просім", — спадзеючыся толькі на заступніцтва Алеся, бубніў Халява.

— Бачыце вы. Яшчэ?

Цяпер Кірдун лупіў урывак з Ганкавага Краледворскага рукапісу. Лупіў на скажонай да апошняга чэшскай мове. У дзеда палезлі на лоб вочы.

— Ясна, — сказаў. — Ясна, чаму вы там вучыліся.

Алесь паспрабаваў быў заступіцца.

— Я не з табой гавару, — сказаў дзед. — Ну, Халімон, а мэта… мэта вашага з панічом навучання якая?

— Народ, — сказаў Кірдун. — "Спявайце гімн народу…", "Гэй, не сумуй, плынь шчасця цячэ. Народ твой ніць залатую тчэ…", "Звівайце вяроўку, гора-бяда. Для ворагаў пятлі нам не шкада".

— Ого, — сказаў з iранiчнай павагаю дзед. — Ты, Кiрдун, чэшскае, чэшскае нешта яшчэ нам такое. Надта ўжо добра ў цябе атрымлiваецца. Палiглот!

Кірдун дзёрзка і смела глядзеў у вочы пану Данілу:

— Не глытаў я ніяках палёў. Я чалавек бедны.

— Пачытай, Кірдун, — з раптоўнай злосцю сказаў Алесь. — Па-чэшску. Давай "Прароцтва".

Кірдун выпрастаўся:

— "Бачу я зарыва, цені сражэнняў, востры клінок скрывавіць твой рот. Спазнаеш ты беды і змрок запусценняў, але не тужы, мой вялікі народ".

— До, — сказаў Алесь. — Дзеду, вы ніколі не пакрыўдзілі простага чалавека. Але тое, што вы робіце, гэта панства.

І тут Халімон нечакана напаў на Алеся.

— Маўчалі б, паніч. Лаянку не ў торбе насіць… Дый якое тут панства? Каб гэта пан-дзед на мяне аднаго. А ён што, з вамі іначай размаўляе? З губернатарам? Дзеду восем дзесяткаў ды сем гадкоў, вам — дваццаць…

Алесь развёў рукамі.

Вежа схаваў рот у далонь.

— Кінь спяваць, — усё яшчэ іранічна сказаў ён. — Ведаем мы, што гэта такое.

Адступіць ён не мог. Але і Халімон і Алесь разумелі, што гэтае бурчанне ёсць адступленне.

— На-род, — сказаў Вежа. — Восенню ля разарыя заворваў зямлю дзед Тхор. Паварочваў рала, ды і ўваліўся з разоры проста ў ружы. Глебавічна на яго: "Што ж ты робіш, перачніца старая, гэта ж кветкі". А ён: "Кветкі развялі. Кве-еткі! Г… гэта, а не кветкі". Усю с… пакалоў!" Вось табе і твой народ. Вось табе і тэма для чарговага дыфірамба: "Ружы і Тхор".

Ніхто не ведаў, што Вежа патаемна выпісваў усе тыя кнігі, якія чытаў унук у Пецярбургу. Маладых дражнілі фалангістамі — дзед чытаў Фур'е. Маладых дражнілі гегельянцамі — дзед чытаў Гегеля, хоць яго і нудзіла ад падступнай папоўшчыны. Шмат чаго ён па распанеласці не падбаў зразумець, але адно яму спадабалася. Немец адказвае на тое, што было натуральным перакананнем дзеда, нормай ягонай думкі ледзь не з таго часу, як Вежа сябе памятаў, а асабліва з дня смерці жонкі.

Прыродна здаровым, зямным сваім розумам пан Даніла быў цвёрда перакананы, што свет не стаіць на месцы, што ёсць у ім і стаячая вада і плынь. Першае гніе і робіцца балотам, другая — з крыніцы робіцца ручаінай, ракою, морам, аблокамі.

І ён ведаў, што свет ідзе наперад, пакутліва спасцігаючы нешта вялікае. Назіраючы за людзьмі, ён разумеў, што тое, да чаго яны ідуць, — лепшае.

Новае пакаленне аніяк не магло быць горшае за папярэдняе. Дзеці зберагалі вопыт бацькоў, аналізавалі іх памылкі, і трэба было быць самаўлюбёнай свіннёй, каб не заўважаць гэтага.

Два радкі паэта балюча ўдарылі па нервах Вежы поўным супадзеннем думак з ягонымі.

И наши внуки, в добрый час, Из жизни вытеснят и нас.

Трэба было не ганарыцца. Трэба было проста растлумачыць ім, што не мінуць гэтай апошняй чашы і яны, што такі закон жыцця — "дыялектыка". І трэба было зразумець, што адзіны спосаб не стаць непатрэбным — змяняцца да смерці і да смерці разумець новае, а калі не разумееш, няздольны зразумець — ставіцца да яго з любоўнай верай.

І ўсё ж дзеду было сумна. Нелітасцівы і жорсткі быў — у вышэйшай сваёй справядлівасці — закон жыцця.

— Валіся дрэва на дрэва, — кінуў дзед вечную шкалярскую прыказку.

Кірдун сеў: спрачацца са старым панам не выпадала.

— Запiсваю на тваё iмя чатыры валокi зямлi з усiм, што да таго належыць. Адмаўляцца — не смей. Не твая справа. Прадаваць яе — забараняю: зямля — незалежнасць, карэннi. Атрымаеш з жонкай вольную. З такiмi думкамi — у прыгоне не ходзяць.

1 ... 71 72 73 74 75 76 77 78 79 ... 164
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)